TOP

«БУДЗЬМА БЕЛАРУСАМІ!»: МАЙ — ЧАС КВІТНЕЦЬ КУЛЬТУРНІЦКІМ ІДЭЯМ!

Грамадская кампанія «Будзьма беларусамі!» абвяшчае конкурс праектных ідэй, накіраваных на развіццё культурнага жыцця ў Беларусі.

Культура паляпшае жыццё! Гэтую невідавочную аксіёму актыўна прасоўвае ў грамадстве культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!». А дзеля таго, каб гэта не засталося выключна ў полі тэарэтычным, кампанія заклікае ўсіх зацікаўленых у развіцці культурніцкага жыцця свайго рэгіёна ці агулам краіны прапаноўваць ідэі на адмысловы конкурс. Аўтарам найлепшых праектаў будзе аказаная рознабаковая падтрымка ў рэалізацыі іх задумаў. Як гэта ўсё будзе адбывацца, расказвае каардынатар кампаніі, старшыня Рады МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» Ніна Шыдлоўская:

— Тое, што культура паляпшае жыццё для нас, тых, хто працуе дзеля папулярызацыі беларускай культуры, гэта бясспрэчна. Аднак якім менавіта чынам і хто гэта здольны рабіць? Мы лічым, што любы ініцыятыўны чалавек здольны паўплываць на культурніцкае жыццё калі не ў глабальным маштабе, то ў лакальным дакладна. Таму ў гэтым годзе мы абвесцілі конкурс грамадска-культурніцкіх ідэяў, рэалізацыя якіх дала б магчымасць жыхарам горада/рэгіёна/краіны адчуць, як палепшылася іх культурніцкае жыццё. З гэтай мэтай мы шукаем актыўных, ініцыятыўных людзей, гатовых прадставіць і рэалізоўваць свае прапановы для паляпшэння культуры ў самых розных яе праявах — ад высокамастацкай да побытавай.

Мы зладзілі ўжо некалькі «Кірмашоў праектаў» у розных гарадах Беларусі, на якіх людзі і грамадскія ініцыятывы прадстаўлялі свае праекты для публічнай ацэнкі, карысных парад, пошуку аднадумцаў і партнёраў «тут і цяпер». Нам было радасна бачыць, што большасць праектаў сапраўды актуальныя і запатрабаваныя з боку мясцовай грамадскасці, людзі вельмі добра разумеюць што трэба зрабіць, каб палепшыць жыццё свайго гораду, рэгіёну. Няма недахопу арыгінальных і цікавых ідэй, і гэта вельмі добра. Таму мы вырашылі дапамагчы гэтым ініцыятывам рэалізавацца праз пошук партнёраў, праз інфармацыйную і арганізацыйную падтрымку абвясціўшы агульнарэспубліканскі конкурс.

Узгаданыя суразмоўцай «Кірмашы праектаў» ужо прайшлі ў Віцебску, Гомелі, Магілёве, і ў кожным з рэгіёнаў сабралі больш за дзесятак разнастайных задумаў: ад забаўляльных і відовішчных — да больш маштабных і канцэптуальных. Тыя, хто не меў магчымасці паўдзельнічаць у «Кірмашы праектаў», зараз могуць праз конкурс знайсці падтрымку сваім ідэям.

Прыярытэт для праектаў на «Конкурс ідэй» — цікавыя рашэнні, якія дапамогуць культурніцкаму жыццю ў вялікіх і маленькіх гарадах Беларусі выйсці на вышэйшы ўзровень, стаць заўважнымі для грамадства.

Калі ў Вас ёсць ідэя, якая спрыяе развіццю культуры ў самых розных яе праявах, а таксама спрыяе культурнай разнастайнасці вашага рэгіёна/горада, кампанія «Будзьма беларусамі!» запрашае дасылаць прэзентацыю такога праекта, а таксама інфармацыю пра ініцыятара на скрыню [email protected] з пазнакай «На конкурс праектаў». Ідэі прымаюцца да 15 мая2013 г. уключна. Больш інфармацыі на сайце budzma.org.

— Асабліва чакаем на праекты, у ходзе падрыхтоўкі і рэалізацыі якіх будзе відавочнае пашырэнне камунікацыі розных «групаў» паміж сабой — ініцыятараў і дзяржаўных установаў, ініцыятараў і бізнэсу і інш. На маю думку, менавіта людзі, іх патэнцыял і разуменне важнасці сваёй працы вызначае якасць культуры, якую мы маем і можам мець, — кажа Ніна Шыдлоўская.

Аліна ТАРАНІК, Budzma.org

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.