Цікава і патрэбна
Гэта пра курсы па навучанню беларускай мовы, якія другі год запар праводзяцца ў межах папулярнай і добра вядомай зараз «Мовы ці кавы». Дарэчы, прыдумала іх журналістка Кацярына Кібальчыч, якая некалі дэбютавала менавіта ў нашай газеце.
Жарт, канешне, а вось казаць пра даволі шырокую вядомасць курсаў можна абсалютна сур’ёзна. Аўтар спецыяльна прыйшоў у галерэю сучаснага мастацтва «Ў», каб паглядзець, «што гэта такое», і быў вельмі моцна ўражаны колькасцю моладзі, якая прымала ўдзел у курсах.
Дазволю сабе крыху не пагадзіцца з нязменным вядучым і арганізатарам курсаў Глебам Лабадзенка, які агучыў у сваім «живом журнале» лічбу большую за 110 удзельнікаў. Столькі людзей заставіла свае аўтографы ў адпаведнай паперы. Я ж лічу, што ўдзельнікаў было значна больш. Ва ўсякім выпадку, асабіста я такой колькасці людзей у галерэі «Ў» ніколі не бачыў. Да таго ж, напрыклад, па майму раду «папера» «не хадзіла» ўвогуле…
Зрэшты, дакладная колькасць удзельнікаў — не самая важная рэч. Значна каштоўней тое, што моладзь так актыўна цікавіцца роднай мовай, стала добрай тэндэнцыяй. Так што я з задавальненнем у знак павагі пацісну пры сустрэчы руку Глебу Лабадзенку, а яго напарніцы прыгожай жанчыне і цудоўнаму філолагу Алесі Літвіноўскай яе з не меншым задавальненнем пацалую.
Вельмі цікавую і патрэбную справу яны робяць! Мабыць, невыпадкова «Мова ці кава» гучыць так падобна на «Мова — цікава».
Аляксандр ТАМКОВІЧ
Фото Budzma.org