TOP

«Будзь шчырым альбо не прыходзь!»

Яны такія розныя, але ўсё-такі яны разам — вядучыя перадачы «Размова» на «Белсаце» Максім Жбанкоў, Уладзімір Мацкевіч і далучаная да іхняй мужчынскай кампаніі з гэтага сезону Святлана Калінкіна.

Найперш трэба сказаць, што гэта не фармат звычайнага інтэрв’ю, а менавіта дыскусія, размова аб праблемах, з’явах і падзеях.

Вядучыя выступаюць з суб’ектыўных пазіцыяў, абапіраючыся на ўласныя перакананні, веды, досвед. Іхняя пазіцыя можа выклікаць поўную згоду ці раздражняць, але ў выніку глядач атрымлівае падставы самастойна ацаніць рэальную вартасць надзённай тэмы.

Пра што Калінкіна, Мацкевіч і Жбанкоў размаўляюць з гасцямі перадачы? Вось некаторыя тэмы: «100 долараў мыта за выезд з Беларусі», «Скарына і «Песняры»на новых беларускіх грошах», «Самагубствы:сумнае лідарства беларусаў», «Беларусы сталі крымінальнай нацыяй?», «У «Акропаліс» па дэмакратыю?», «Мінск — няўтульны горад?», «Як вітаюцца беларусы», «Шопінг па-беларуску», «Тэст на нацыянальнасць», «Прабіваць па базе» — ці легальна?», «Інфляцыя і сакрэтныя механізмы ўладаў», «Беларус, які сабраўся на Марс», «Культура дарожнага руху», «Карупцыя ў спорце»…

Гэтыя і дзясяткі іншых прамінулых перадач можна паглядзець у архіве на сайце каналу — belsat.eu, а таксама на старонцы «Белсату» ў сэрвісе Youtube.

Наперадзе — новыя. «Размова» з’яўляецца ў эфіры «Белсату» кожны будні дзень, з панядзелка па пятніцу, у адзін і той жа час — 19.40. Глядзець перадачу можна ў два спосабы: з дапамогай «талеркі», усталяванай на спадарожнік Astra 4A, альбо анлайн-трансляцыі на сайце «Белсату».

«Фармат «Размовы» — самае маё: разважаць, аналізаваць, дзяліцца думкамі, — адзначае філосаф, метадолаг Уладзімір Мацкевіч. — Прычым дзяліцца думкамі не толькі міжсобку з госцем праграмы, а з шырокай аўдыторыяй. Бо чаго вартыя нашы сур’ёзныя і разумныя размовы на кухні ці канапе, калі няма зваротнай сувязі? Дзякуючы «Белсату» маю такую магчымасць».

А якая яна, зваротная сувязь, глядацкая рэакцыя?

Уладзімір Мацкевіч кажа, што не меў ілюзіяў дагадзіць усім, што яго погляды і падыходы будзе падзяляць большасць, хаця ён і мае багата аднадумцаў.

«Разнастайнасць думак — акурат самае каштоўнае, — перакананы вядучы «Размовы». — Бывае, калі мне падаецца, што перадача ўдалася, а ў гледачоў, знаёмых ці тэлекаманды меркаванне іншае. І наадварот. Гэта стымулюе да ўдасканалення».

Культуролаг Максім Жбанкоў зазначае, што ягоны досвед выкладчыка і радыёвядучага набыў новае вымярэнне — гэтым разам у экранным фармаце: «Вельмі прафесійная каманда, цікавыя суразмоўцы, спрэчныя думкі і дыскусійныя заявы… Напэўна, так мусіць выглядаць нармальнае тэлебачанне ў нармальнай краіне. Але ж гэта робіцца тут і зараз, што толькі дадае экстрыму і падвышае градус размовы».

«Я чакаю ад свайго суразмоўцы адкрытасці і шчырасці, — кажа Максім Жбанкоў. — Мяне бянтэжыць, калі чалавек пачынае хавацца, не адказвае наўпрост на пытанні. Слухай: калі ты прыйшоў — будзь шчырым, альбо ўвогуле не прыходзь!»

Святлана Калінкіна гаворыць, што хоча прыўнесці ў праграму больш рэальнага жыцця: «Больш актуальных, сённяшніх праблемаў, якія хвалююць людзей. Мужчыны — яны ж стратэгі. Але без тактыкі стратэгія нічога не вартая. У першую чаргу, буду арыентавацца на тэмы і праблемы, на якія людзі сёння шукаюць і не могуць знайсці адказаў ды тлумачэнняў».

Першыя ўражанні шэф-рэдактаркі «Народнай волі» ад тэледэбюту: «Тэлебачанне — гэта сапраўды іншая журналістыка. Больш эмацыйная, больш жывая, больш сапраўдная. Журналістыка, дзе не трэба апісваць героя, бо ён навідавоку. Ды і журналіст — не радок напрыканцы тэкста».

Пажадаем Святлане Калінкінай, як і Уладзіміру Мацкевічу з Максімам Жбанковым, цікавых гасцей. Асабліва аднаго. «Ёсць інтэрв’ю, да якога я даўно рыхтуюся. Я хачу зрабіць інтэрв’ю з Аляксандрам Лукашэнкам пасля ягонай адстаўкі», — прызнаецца журналістка.

«Белсат» — першае незалежнае тэлебачанне ў Беларусі, бясплатны тэлеканал на беларускай мове, які транслюецца праз спадарожнік «Astra 4A» (5° E) і ў інтэрнэце на www.belsat.eu. У эфіры «Белсату» штодня з 19-й гадзіны свежыя навіны і каментары цягам інфармацыйна-публіцыстычнага вечара, а таксама дакументалістыка, культурніцкія і забаўляльныя праграмы, мастацкія фільмы, серыялы.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.