TOP

Нязручныя пытанні Валярыны

Перадача «Чорным па белым» на «Белсаце» значыцца сярод культурніцкіх. Аднак яна пра культуру ў шырокім сэнсе — у тым ліку на тэмы, пра якія ў нас звычайна не гавораць. Ёсць у перадачы і модная аздоба, а як інакш, калі вядуць яе дзве паненкі — маладая літаратарка Валярына Кустава і журналістка з 20-гадовым досведам Вольга Гардзейчык-Мазярска.

«Што да сутнасці перадачы, то культурніцкі аспект у ёй найбольш істотны. Чым далей, тым болей мы заглыбляемся менавіта ў яго, бо адчуваем запатрабаванасць. Але таксама закранаюцца праблемы грамадства, нацыянальнай ідэнтычнасці, незалежнасці, бо культура, мастацтва шчыльна павязаныя з імі — асабліва ў нашай краіне», — разважае Валярына Кустава.

«І не так жа шмат культурніцкіх перадач на «Белсаце», дамінанта — інфармацыйная частка. Яно і не дзіва: праблем у Беларусі хапае. Культура здольная аб’ядноўваць, хаця апошняя сітуацыя вакол магчымага ўганаравання Нобелеўскай прэміяй Святланы Алексіевіч паказала адваротнае. Я ж, напрыклад, была гатова піць віно ў абодвух выпадках (былі нагоды)», — кажа вядучая «Чорным па белым».

Зрэшты, на яе думку, строга культурніцкіх тэмаў, саміх па сабе, няма, бо культура — гэта падказка лёсу краіны: «Творцы — асобы з тае прасторы, дзе фармуецца мысленне нацыі. Нарэшце, культура самаствараецца і стварае нацыю. Ну і зразумела, што для мяне як літаратара культура не можа не стаяць на першых месцах».

Цікава, што да «Чорным па белым» вядучыя перадачы не былі нават знаёмыя. А хто з іх добрая і злая паліцэйскія?

«Паводле задумы, я задаю больш няёмкія пытанні, — прызнаецца Валярына. — Але задаю іх так пяшчотна, што часам эмацыйна цяжка адразу нават зразумець, што яны з пярчынкай. Нязручныя пытанні, натуральна, цікавей задаваць, таму і мая сувядоўца Вольга не можа адмовіць сабе ў такой прыемнасці».

Ці часта госці перадачы адмаўляюцца адказваць на гэтыя самыя няёмкія пытанні?

«Ёсць рэчы з прыватнай сферы, і я ведаю шмат таямніцаў пра ўсіх беларускіх дзеячоў, — інтрыгуе Валярына. — Але журналісцкая этыка не парушаецца. Наша свабода сканчаецца каля кончыка носа іншай асобы. Ці адказала б я сама на любыя пытанні? Пэўна, так. Я гатова быць шчырай з публікай».

Дарэчы, у наступных перадачах адной з тэмаў стане акурат журналісцкая этыка — Валярына Кустава называе гэта «балючым пытаннем у Беларусі». З іншых тэмаў у хуткім часе — Нобелеўская прэмія для беларусаў, пра нашы традыцыі і постамадэрнізм, пра беларусаў замежжа.

«Камусьці з гледачоў цікавыя думкі гасцей, іншым — меркаванні вядучых, ёсць і тыя, хто звяртае ўвагу на нашы фрызуры, завушніцы, іншыя аксэсуары, — жартуе Валярына — На тэлебачанні візуальнае істотна. І я спрабую розныя іпастасі: часам гламурнай дзяўчынкі, часам імператрыцы… Многія гэта заўважаюць, хай і ацэньваюць па-рознаму. Касцюмы выбіраю сама, набываю, хаця вельмі хацелася б, каб у нас у перадачы быў стыліст! І заўважце: я ніводнага разу не паўтарылася ў адзенні падчас эфіру, хоць трымацца чорнага і белага складана. Нядаўна вось на частку ганарару ад апошніх перадач набыла шыкоўных станікаў…».

Як бачым, вядучая «Чорным па белым» сапраўды гатовая да любых тэмаў, а найперш — рабіць найшчырую і цікавую перадачу.

Валярына Кустава кажа, што «Чорным па белым» ёй цікава рабіць у тым ліку і дзеля набыцця прафесійнага досведу: «Успрымаю гэта як старт. Усцешаная, што ў гэтай справе мне дапамагаюць супрацоўнікі канала. Напрыклад, Дзмітрыя Гурневіча і Паўла Мажэйку з «Два на два» я называю старэйшымі калегамі. Таксама добрыя парады мне даюць мае спрактыкаваныя калегі, што на канале ад самага яго стварэння, — Сяргей Пялеса, Аляксей Дзікавіцкі, Яраслаў Камeнскі. Ды ўсе мяне падтрымліваюць, спрабуюць падказаць. Хаця ўсё адно, калі робіла ўпершыню мантаж, калі без папярэдніх рэпетыцый села перад пяццю камерамі і пачала весці эфір, — было адчуванне, што ты шчанючок, якога кінулі ў ваду… каб выплыў. Хаця цяпер падказак ажно зашмат ад усіх. Але досвед прыходзіць у тым ліку праз пэўныя эксперыменты. Над сабой, над адчуваннямі публікі. Скажам, калі прамацваеш аўдыторыю наконт таго, наколькі можна «перагнуць» нейкую эмоцыю, меркаванне, як было гэта ў нашай перадачы на тэму гей-культуры».

Што да зваротнай сувязі з гледачамі, то цяпер яны пакуль часцей пішуць не на паштовую скрынку перадачы [email protected], а ў «прыват» на Facebook ці іншыя сацыяльны сеткі да вядучай.

Яна радая ўсім лістам: пішыце, глядзіце прэм’ерныя выданні «Чорным па белым» па аўторках (паўтор — па нядзелях) два разы на месяц. «Бо мы гэта робім — для вас!» — кажа Валярына.

«Белсат» — першае незалежнае тэлебачанне ў Беларусі, бясплатны тэлеканал на беларускай мове, які транслюецца праз спадарожнік «Astra 4A» (5° E) і ў інтэрнэце на www.belsat.eu. У эфіры «Белсату» штодня з 19-й гадзіны свежыя навіны і каментары цягам інфармацыйна-публіцыстычнага вечара, а таксама дакументалістыка, культурніцкія і забаўляльныя праграмы, мастацкія фільмы, серыялы.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.