TOP

Дырэктарка «Белсату»: Перамены настануць

«Наш адказ на патрэбы рускамоўных гледачоў зусім не адмяняе выканання «Белсатам» сваёй безумоўнай місіі — беларусізацыі» — так яго дырэктарка Агнешка Рамашэўская-Гузы каментуе спрэчкі наконт зменаў на тэлеканале.

Рэч у тым, што на сайце «Белсату» з’явілася рускамоўная версія. І некаторыя палічылі, што гэта ледзьве не адыход ад згаданай беларусізацыйнай місіі, іншыя ж пярэчаць ім, што такі ход акурат паспрыяе яе здзяйсненню, бо пашырыць аўдыторыю.

— Свежы доказ — са студзеня кожную суботу на нашым тэлеканале можна глядзець новую праграму са знаёмай многім назвай «Мова Нанова». Гэта — тэлеверсія папулярных у апошні час праграм беларускай мовы.

Вядоўцы тыя самыя — філолаг Алеся Літвіноўская і журналіст Глеб Лабадзенка.

Многія беларусы, называючы беларускую мову роднай, не могуць вольна размаўляць на ёй. Ды і беларускамоўным людзям праз адсутнасць шырокага моўнага асяроддзя не будзе лішнім засвоіць новыя словы, формы і правілы.

Прызнаюся, я сама таксама апынулася сярод гледачоў-вучаніц гэтай перадачы!

Кожны з яе выпускаў будзе мець асобную тэму — «Медыцына», «Горад», «Музыка», «Тэатр» і г.д. Госць — абавязкова беларускамоўны чалавек і эксперт у адпаведнай галіне. Тэмы будуць самыя розныя — каб засведчыць, што беларуская мова прыдатная для кожнай сферы, а не толькі для стэрэатыпных «філалагічных кветнікаў».

Афлайн-курсы «Мова Нанова» не знікаюць, але аўдыторыя дзякуючы «Белсату», спадзяюся, павінна павялічыцца ў дзясяткі разоў.

— А ці ёсць яшчэ нейкія навінкі?

— Сярод новых перадачаў з 2015 году — таксама «Кінаклуб» Вячаслава Ракіцкага.

Штотыдня па нядзелях у ёй — новы сур’ёзны кінафільм, які ў той ці іншай ступені чапляе вострыя праблемы нашага свету, экзістэнцыі чалавека або проста радуе нас мастацкасцю. Вядоўца кажа, што «Кінаклуб» разлічаны не на снобаў, а на ўдумлівага гледача. Мастацкая вартасць стужак не абавязкова будзе геніяльнай, але ў кожным выпадку вартай увагі. Перад пачаткам дэманстрацыі будуць адбывацца невялікія размовы з асобамі, якія дапамогуць увайсці як у змест стужак, так і ў іх структуру.

То бок, разнастаім мы свой эфір дзеля гледачоў не толькі змястоўна, але і вонкава. Дасканалімся ў тым ліку тэхнічна. Так, перадача «ПраСвет» пра міжнародныя падзеі цяпер робіцца ў сучаснай віртуальнай студыі. Гэта тэхналогія, якая заваявала тэлебачанне заходніх краінаў.

— Вяшчанне «Белсату» доўжыцца ўжо амаль 7 гадоў праз спадарожнік Astra 4A. Але што са спробамі патрапіць у кабельныя сеткі ў Беларусі?

— На шляху «Белсату» ў кабельныя сеткі ў Беларусі было запалена «чырвонае святло». Таму пашырэнне глядацкай аўдыторыі — даўняе актуальнае пытанне для нас.

Спрабуем вырашыць яго не толькі запускам рускамоўнай версіі сайта belsat.eu. Наша інтэрнет-старонка ў новым сезоне стала паўнавартасным мультымедыйным парталам. Belsat.eu — не тыповы сайт тэлеканала. Ён не ёсць адлюстраваннем, пераказам эфіру — гэта з большага асобны інтэрнет-рэсурс, які папросту блізка звязаны з намі.

Таксама нанова арганізавана наўпроставая онлайн-трансляцыя на сайце таго, што ідзе ў тэлеэфіры. Такім чынам, беспраблемна глядзець канал цяпер можна, нават не маючы з тых альбо іншых прычын «талеркі» — спадарожнікавай антэны. Дастаткова мець любы дэвайс з інтэрнет-сувяззю.

— У свой час «чырвонае святло» было запалена і перад вамі асабіста на шляху ў Беларусі. Спадарыня Агнешка, вы па-ранейшаму неўязная?

— Я вельмі хацела б бываць у Беларусі, разам з тутэйшымі сябрамі і калегамі па «Белсаце». Але, так, на жаль, я застаюся ад 2006 году неўязной.

Але часы зменяцца, я перакананая ў гэтым! Перамены ў Беларусі абавязкова настануць. «Белсат» у тым ліку спрыяе ім! «Белсат» у шырокім разуменні — гэта ўнікальны ў свеце прыклад салідарнасці паміж народамі, грамадствамі. Унікальны, між іншым, і таму, што гэта нізавая ініцыятыва, створаная не дзяржавай ці нейкай карпарацыяй, але журналістамі па абодва бакі мяжы. «Белсат» нарадзіўся не з прагі прыбытку і не з палітычнага разліку, а дзякуючы аўтэнтычнай людской салідарнасці.

Таму гэта не можа не даць плёну! Праўда і справядлівасць перамогуць!

— Калі вярнуцца да тэмы тэхнічнай абсталяванасці вашага тэлеканала, то раней даводзілася чуць нараканні на відэаплэер на сайце «Белсату»…

— Мадэрнізацыя сайта дазволіла зрабіць яго сучасным што да магчымасцяў наведнікаў. Таму мы спадзяёмся на рост колькасці карыстальнікаў — гледачоў і чытачоў. Паўтаруся: мы гарантуем зручны прагляд трансляцыі на любым дэвайсе — ад мабільнага тэлефона да ноутбука.

Ну і, натуральна, не забываемся пра змест: тэлеканал будзе станавіцца больш інфармацыйным і больш аналітычным праз публіцыстычныя перадачы. Намагаемся рэагаваць на змены ў чаканнях гледачоў і вострыя геапалітычныя варункі ў нашым рэгіёне. Мы надаем вялікую ўвагу зваротнай сувязі. Так, гледачы эфіру «Белсату» і чытачы сайта могуць дзяліцца праблемнымі тэмамі і навінамі праз адмыслова створаную «гарачая лінію» (+375 29 120-51-36 Velcom).

Паўтаруся, міжнародная сітуацыя, асабліва падзеі ва Украіне, прымушаюць нас адмыслова скіроўваць увагу на бягучыя справы інфармацыі і публіцыстыкі. Пры вялікіх патоках прапаганды праўдзівая і аб’ектыўная інфармацыя — на вагу золата. Таму яшчэ раз рэкамендую нашым гледачам серыю з пяці рэпартажаў аб украінскай рэвалюцыі і яе наступствах, аўтарамі якіх з’яўляюцца Юрась Высоцкі і Сяргей Марчык.

«Белсат» — першае незалежнае тэлебачанне для Беларусі, бясплатны тэлеканал на беларускай мове, які транслюецца праз спадарожнік «Astra 4A» (5° E) і ў інтэрнэце на www.belsat.eu. У эфіры «Белсату» штодня свежыя навіны і каментары цягам інфармацыйна-публіцыстычнага вечара, а таксама дакументалістыка, культурніцкія і забаўляльныя праграмы, мастацкія фільмы, серыялы.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.