TOP

Сяргей Вераціла: «Хто не навучыўся быць зверам, тут выміраюць»

З-за чаго ў пісьменніка Сяргея Верацілы з Ваўкавышчыны ўтварыліся «эстэтычныя разыходжанні» са старшынём Саюза пісьменнікаў Беларусі? Чаму раман «Эпоха звера» ўжо 18 гадоў ляжыць у стале? Чаму пісьменнік не жадае параўноўваць «адсталы» Эквадор з сучаснай Беларуссю?

Пра сваё жыццё-быццё ў гарадскім пасёлку Краснае Сяло на Гродзеншчыне ды пра творчасць Сяргей Вераціла расказаў «Cнплюс».

— Большасць літаратараў заўсёды імкнулася патрапіць у сталіцу — і прэстыжней, і прасцей займацца творчасцю. Чаму ж вы аселі ў вёсцы на Ваўкавышчыне?

— Я б таксама асеў у сталіцы, ды няма магчымасцяў! (Смяецца). Так жыццё закруціла: каму я там патрэбны ў такім узросце, працы не знойдзеш. А ў правінцыі — танней, гэта вядомая рэч. Калі паўстане пытанне пра выжыванне, то тут можна адчуць, што нібыта жывы.

— У свой час вы жылі і працавалі ў Эквадоры. Як патрапілі на чужбіну і чаму вярнуліся назад?

— Сям’я. Мая былая жонка — эквадарыянка. Пражыў там менш за год.

А чаму вярнуўся? Савецкія часы: былая жонка вучылася ў Беларусі ва ўніверсітэце, былі спадзевы, што можа тут зладзім сумеснае жыццё, але нічога не атрымалася…

— А былая жонка засталася ў Беларусі ці з’ехала?

— Не, канечне: што ёй, беднай, тут рабіць! Тут могуць жыць тыя, хто нарадзіўся, хто навучыўся быць ваўком, львом, тыграм, змяёю ці яшчэ нейкім зверам. Хто не навучыўся быць зверам, тут выміраюць. З Беларусі яшчэ не выветрылася барачная свядомасць — усё, што закладзена нам крывавымі землямі за апошнія 300 гадоў, вылезла.

— Значыць, Эквадор і цяперашняя Беларусь ні ў якае параўнанне не ідуць?

— Не-не-не! Хоць Эквадор і лічыцца адсталай краінай, але ж справа не ў краіне — справа ў людзях. У іх, у выхаванні, у стаўленні да адукацыі, да чужых поспехаў — а пра гэта і гаварыць не прыходзіцца. Адвечная мара беларуса — калі кароўка здохла, то хай у суседа. Дый наогул мы каменныя, можа, самі за сабой таго не заўважаем, але ж мы каменныя!

— Вы перакладаеце на беларускую мову творы іспанамоўных пісьменнікаў Хорхе Луіса Борхеса, Хасэ Артэга-і-Гасета. Гэта адгалоскі Эквадора?

— Сапраўды перакладаў, цяпер перакладамі займаюся мала, пішу сваё.

Пераклады іспанамоўных пісьменнікаў — бясспрэчныя адгалоскі Эквадора. За час перабывання там я авалодаў моваю на даволі прыстойным узроўні. Пакуль жылі там — практыка заўсёды была пад бокам.

Image 4444

— Зарабляць на жыццё творчасцю ў Беларусі немагчыма. Які занятак дае вам сродкі на жыццё?

— Творчасцю нідзе, відаць, зарабляць немагчыма, не толькі ў Беларусі. Людзі выкручваюцца, як могуць; назваць усё гэта жыццём язык не паварочваецца. Я аформіў дагляд за маці, якая мае ўжо 90 гадоў. Дый прывык мець самыя сціплыя патрэбы, самы-самы магчымы мінімум. Нават камп’ютара не маю.

— Звычайна ўсе палітычныя дый большасць эканамічных віхураў мінае вёску бокам: ёсць свая зямля, якая можа пракарміць. Ці з’яўляецца паэт і перакладчык Вераціла апалітычным чалавекам?

— Гэта немагчыма! Чалавек — палітычная жывёла паводле Арыстоцеля. Нават Рабінзон Крузо заўсёды заставаўся з людзямі, жывучы ў адзіноце на бязлюдным востраве. Апалітычным можа быць толькі поўны ідыёт. Праўда, грэкі пад ідыётам мелі на ўвазе чалавека, які не галасуе.

— Чым парадуеце бліжэйшым часам свайго чытача?

— Колісь я напісаў чатырнаццаць маленькіх тэкстаў, назваў іх «Санетамі», хаця насамрэч гэта ніякія не санеты, а маленькія навелы. Ігар Кашкурэвіч зрабіў калажы. Мы паказалі супольную працу аднаму рэжысёру — ён вельмі зацікавіўся. Але і гэтая праца — з даўнейшага…

Мне званіў Ігар Кашкурэвіч, старэйшы сын Арлена Кашкурэвіча: мы робім разам некалькі праектаў. Адзін з іх — раман «Эпоха звера», які я даўно напісаў. Ігар робіць да яго артэфакты — гэта бачанне, прачытанне рамана мастаком, я ніякім бокам нават не ўлазіў у тую канцэпцыю. Атрымліваюцца два паралельныя творы: мой тэкст і яго мастацкія работы.

— Чаму ў рамана такая назва?

— У кожным жыве звер. Калісьці перад намі ўзнікае пытанне: што з ім рабіць? Пакінуць яму жыццё ці забіць? І ў адзін момант мы пачынаем разумець: як заб’ем яго, то і сябе. Жанр цяжка вызначыць. У творы існуе рэтраспекцыя ў 17-е стагоддзе і на іншы кантынент — даніна майму пражыванню ў Лацінскай Амерыцы.

— Колькі гадоў твору?

— 18 гадоў: ужо ў войска пара, а ў яго няма ні пашпарта, нічога (смяецца).

Міхась Саматак

Фота: “Салідарнасць”