TOP

Алесь Жамойцін: Мой кансультант — сам Францішак Багушэвіч!

Паэт Алесь Жамойцін ужо 26 гадоў працуе дырэктарам Літаратурна-мемарыяльнага музея Францішка Багушэвіча ў Кушлянах. Многа гэта ці мала? Што такое — кіраваць музеем беларускага класіка больш за чвэрць стагоддзя?

— Кажуць, вы пакінулі Мінск дзеля Кушлянаў — музея Францішка Багушэвіча. Гэта праўда ці літаратурная байка?

— Байка. Журналісцкі міф для прыхарошвання сітуацыі.

— А вы сапраўды паставілі крыж на кар’еры, з’ехаўшы ў вёску, у Кушляны?

— Калі кар’ерай лічыць прасоўванне па службовай лесвіцы з адштурхоўваннем супернікаў усімі магчымымі метадамі — тады канечне, кар’ера не рэалізаваная. А калі на першым плане рэалізацыя сябе як чалавека і асобы, то я не прайграў ні кроплі.

— Вы з 1989 года загадваеце музеем — не надакучыў паэту чыноўніцкі хлеб?

— А ён не зусім чыноўніцкі: я ў адной асобе — і дырэктар, і экскурсавод, і электрык, і кветкавод і гэтак далей.

— Хто звычайна наведвае вас?

— Для элітнага музея (а літаратурны музей — усё-такі музей больш для эліты) каля дзвюх тысяч чалавек у год — даволі прыстойная лічба. Наўрад ці пісьменнікі маюць больш выступленняў, чым я экскурсій.

Сюды прыязджаюць людзі зацікаўленыя; сюды не вязуць, едуць самі — гэта вельмі важны крытэрый. Едуць тыя, каму цікавая культура нашага народа, каму цікавая літаратура і мова, каму цікавая рэалізацыя самога сябе ў разрэзе народа. Гэтыя людзі цікавыя і для мяне, таму я выкладваюся напоўніцу, ведаю, што мая праца калі-небудзь спрацуе — не ў сучасніках, дык у іхніх дзецях і ўнуках.

— Гавораць, да кожнай экскурсіі вы рыхтуецеся як да экзамена…

— 26 гадоў планамернага набора і папаўнення фактажнага запасу дае магчымасць любы тэзіс з афіцыйнай экскурсіі разгарнуць у шырокі пласт інфармацыі. Пры патрэбе, вядома. Кожная экскурсія мае свае нюансы — сацыяльная прыналежнасць, прафесійны склад, зацікаўленасць чалавека і гэтак далей. Таму разгарнуцца я магу вельмі шырока.

Каля трох гектараў складае тэрыторыя самой сядзібы плюс два гектары з хвосцікам — плошча пад літаратурныя святы. То бок, гэта сядзіба суседа Багушэвіча. А ўсю зямлю трэба даглядаць. Трэба дэманстраваць узровень шляхецкай сядзібы; а яна, я думаю, ніколі не была запушчаная.

Ніякага севазвароту культураў на сядзібе Багушэвіча няма — тут у асноўным размешчаныя газоны і кветнікі.

— Ці не перашкаджае дырэктарская праца вашай уласнай паэзіі?

— Наадварот, садзейнічае. Мець такога кансультанта, як Францішак Багушэвіч — не кожнаму выпадае падобны шанец…

— Якія сюрпрызы вы рыхтуеце для сваіх чытачоў?

— Сюрпрыз можа аказацца сюрпрызам, а можа — і нечаканасцю для чытачоў. Усё, што для чытача,— дэкламуецца пасля экскурсій. Я не раблю стаўку на шырокую публікацыю сваіх вершаў.

У нас трохі скрыўленае паняцце аб паэзіі; ёй лічаць верш, надрукаваны ў самай масавай газеце ці часопісе — тады ты нібыта становішся паэтам, які адбыўся. Я лічу, верш, напісаны і прачытаны ўголас, ужо працуе як структура гарманічная — і з паэтам, і без паэта. Верш пачаў сваё ўласнае існаванне, незважаючы на тое, надрукаваны ён ці не. Верш нарадзіўся і дзейнічае тады, калі ты яго напісаў, адшліфаваў і першы раз прачытаў уголас. Паэт арганізоўвае і гарманізуе людзей і прастору прамоўленым Словам. І за кожнае Слова нясе адказнасць перад Дзядамі і нашчадкамі. Калі сваёй паэзіяй дадам хоць кроплю рэзанансу да славутай багушэвіцкай «Дудкі»,— маё жыццё буду лічыць паспяховым.

Юрый Дубіна

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.