TOP

Юры Станкевіч: Прыхадні разбураюць этнічную еднасць народа

Пісьменнік Юры Станкевіч жыве ў глыбінцы. Што хвалюе яго? Чым задаволены? Кім абураецца?

— Твой Барысаў — горад адносна невялікі. Чым абраў на пражыванне правінцыю? Ты ж да таго многа год жыў у Мінску.

— Так усё лягло. Людзі стамляюцца ад мегаполісаў. Ды і нарадзіўся я ў Барысаве — своеасаблівым месцы на Зямлі. Як неяк я назваў яго апошнім месцам. Можа, лепш было нарадзіцца ў іншым, але…

— Што так?

— Гарады, як і людзі, маюць свой твар. І ў ранейшыя, савецкія часы ў Барысаў перабралася шмат чужынцаў з Усходу. Чужая культура, чужы менталітэт, высокая крымінагеннасць. Горад нават называюць беларускім Палерма. Але і тут у гэтым сэнсе ёсць кварталы, асабліва небяспечна вызначальныя. Вось прыкладам знакаміты квартал Казіны Рог. Дарэчы, я там і нарадзіўся ў завулку Гумённы. Ды і цяпер жыву нi ў лепшым. Бачу, амаль штодня, і нарыкаў, і гопнікаў. А слова з трох літараў можна пачуць да ста разоў у дзень. Ну, з другога боку, ёсць і станоўчае: непадалёку дзве рэчкі, вадаём. Праўда, усё гэта недагледжана. Старыя кажуць, што нават у акупацыю малыя рэкі чысцілі.

— Існуе думка, што наша літаратура ў большай ступені сялянская. Ты прыйшоў у літаратуру з гораду. Прычым з гораду дастаткова русіфікаванага, дзякуючы буйным вайсковым злучэнням, якія месціліся тут у савецкі час. У тваім пакаленні празаікаў такіх прыкладаў няшмат. Адкуль у цябе беларускасць?

— Не варта дзяліць літаратуру на гарадскую і сялянскую. Хутчэй, як сказаў Олдас Хакслі, «літаратура можа быць карыснай альбо шкоднай». І я не магу пагадзіцца, што наша проза татальна сялянская. Узяць хаця б Караткевіча. Гэта наш геній нацыянальны. А яго раман «Каласы пад сярпом тваім» я лічу на ўзроўні «Вайны і міра». Караткевіч — гэта чалавек, які ў тыя гады, калі панаваў бальшавізм, а ў Беларусі асабліва, здолеў, часам і нахабна, часам і прыхавана, узняць пытанне нацыянальнага адраджэння. Я лічу, што з яго смерцю, такой заўчаснай, мы, беларусы, вельмі шмат згубілі.

Ты пытаешся пра вытокі. Калі ў чалавека ўзнікае патрэба ў асэнсаванні нацыянальнай свядомасці, нацыянальнай ідэнтычнасці, то гэта, на мой погляд, прыкмета любога нармальнага чалавека. Першае апавяданне яшчэ ў школьныя гады я напісаў на мове. Гэта было для мяне натуральна. Мяне на лета скіроўвалі ў вёску да хроснай маёй маці. Ёсць такая вёска каля Зембіна — Камёнка. Усё ж такі там было лягчэй пракарміцца. А пасля вайны галадамор яшчэ працягваўся. Канешне, мяне там прымушалі і працаваць, радоўкі адбывалі, пасвілі. А ў вёсцы што? Тады ніхто па-расейску не размаўляў, усё на мове было. Так што матрыца той мовы, яна закладвалася ў дзяцінстве.

— Пісьменніку, пэўна, варта шмат дзе бываць, назіраць свет, а потым усё гэта адлюстроўваць у творчасці?

— Як каму. Такія зоркі сусветнай літаратуры, як Джон Апдайк, Уільям Фолкнер жылі ў невялікіх гарадах і апісвалі іх і іх абітальнікаў. Кнут Гамсун увогуле быў прыхільнікам патрыярхальнага існавання. Урэшце, існуючы нават у «лазні з павукамі па вуглах», можна бліскуча апісаць іх жыццё. Дарэчы, тэлебачанне, інтэрнэт збліжаюць зараз увесь свет. У маёй маладосці за мяжу не пускалі, тым больш мяне, сына рэпрэсіраванага. І не мая віна, што я цяпер не наведаў «Мекку» нашых левых лібералаў — Шэнбрунскі палац у Вене і не выпіў там кубачак кавы.

— Дваццаць пяць год таму з’явіўся як папярэджанне твой раман «Любіць ноч — права пацукоў». Цяпер тэма ўварвання мігрантаў — самая запатрабаваная і самая балючая ў Еўропе. Прадбачанне? Табе тым не менш высоўваюць абвінавачанні — ксенафоб, гамафоб, нават расіст. Лічаць, вядома, нацыяналістам, правым радыкалам і гэтак далей.

— Мігранты — гэта небяспека для Еўропы, і нас яна, магчыма, не міне, горшая за Чарнобыль. І я адказваю за свае словы. Прыхадні разбураюць этнічную еднасць народа. І давай плюнем на так званую паліткарэктнасць і скажам прама: гэта ўжо будзе зброд, а не народ, які не будзе ведаць, навошта яму жыць. І могуць адбыцца такія з’явы, як адрачэнне ад сваёй мовы, свайго светапогляду і іншыя.

— Святлана Алексіевіч калісьці назвала твой раман лепшым раманам дзесяцігоддзя. І цяпер, як яна казала нядаўна на адной з прэс-канферэнцый, працягвае сачыць за тваёй творчасцю.

— Што ж, прасякнуты. Акрамя сваіх літаратурных вартасцяў Святлана вельмі добразычлівы і спагадлівы чалавек.

— Ты спрабаваў сябе ў розных жанрах і напрамках, і даволі паспяхова. Рэалістычная і эксперыментальная проза, сатыра. Твой «Сатырыкон» з малюнкамі Алеся Пушкіна прызнаны самай «смешнай» кніжкай за апошнія 25 год. Дарэчы, там чатыры аповеды з пяці пра Барысаў. Потым антыўтопія, п’есы, кінасцэнарый. У тваіх творах назіраецца цікавасць да парапсіхалогіі, таямнічага і ірацыянальнага. Адкуль гэта цікавасць?

— Навука ўвесь час упіраецца ў нейкі тупік. Астрафізіка, касмагонія, парапсіхалогія надзвычай часта высоўваюцца ўсё больш і больш, каб іх не заўважаць. А такія з’явы як тэлегонія, гамеапатыя, палтэргейст увогуле не могуць вытлумачыць навукоўцы. Дагэтуль не распрацавана тэорыя так званага «Усяго», якую даўно абяцаюць. Франц Кафка лічыў містычнымі такія рэчы, як тэлефон, друкарская машынка. Што б ён сказаў пра тэлебачанне, інтэрнэт, сотавую сувязь, тэорыю струн або квантавую механіку і квантавую тэлепартацыю, палёты на Месяц і г.д.? Напрыклад, у канцы 80-х у Барысаве адбыўся вельмі шумны, на ўвесь Саюз нават, палтэргейст. Я быў сведкам гэтай з’явы. Паглядзець на гэта злавеснае дзіва завітвалі акрамя прэсы і міліцэйскія начальнікі, партыйныя сакратары з ідыёлагамі. Сыходзілі ж узмакрэлыя з незвычайнага страху, у цяжкім одуме. Сапраўды, каму тут сунеш у нос навуковы камунізм, марксізм-ленінізм і тым больш класавую барацьбу. Як растлумачыць, калі пробкі з электралічыльніка выкручваліся самі на іх вачах і ляцелі ім у твары, у паветры лётаў посуд, а свінні з замкнёнага хлява раптам праз сцены апыналіся ў двары? Як растлумачыць, што піянерскі горн завязваецца на вузел, кніга звальваецца з паліцы і разбіваецца як шкло? Якая энергія стварае гэта, і чаму яна зноў знікае ў нішто? Урэшце, калі магчыма такая рэч як інтэрнет, то, верагодна, усё магчыма. Нават такая «бастардная» ідэя Ніка Бострома пра тое, што мы існуем у сімуляцыі і ў субматэрыі. Дарэчы, на 35 адсоткаў яна ўжо даказана. Мой раман «П’яўка» — антыўтопія — як раз закрануў гэту тэму. Дарэчы, у нас у рэспубліцы даўно варта было б пабудаваць які пазнавальны, касмічны, астранамічны цэнтр, а не ляпіць усялякія «лініі Сталіна» ці помнікі накшталт Неўскаму.

— Нядаўняя твая кніга «Паўночны вецер для спелых пладоў», як ні дзіўна, закранае тэму кахання. З чаго бы? Я вычытаў у Сеціве, што яна зараз адна з самых купляемых кніг на беларускай мове.

— Неяк наш «свяшчэнны скарабей» мастак Алесь Пушкін справакаваў гэту тэму. Маўляў, паспрабуй напісаць па-сапраўднаму пра каханне, не высоўваючы наперад фізіялогію. На той час стаяла такая спёка, на вуліцу не выйсці, і я за тры тыдні пад вентылятар напісаў гэты невялікі раман. Ён выклікаў аж пяць рэцэнзій — розных па зместу.

— Цяпер такое далікатнае пытанне. Ты вылучаўся на пачатку 90-х на дзяржаўную прэмію па літаратуры, потым тройчы на прэмію імя Гедройца, уваходзіў у шорт-ліст. Кнігі твае даволі папулярныя сярод моладзі. Некаторыя маладзёвыя суполкі называюць сябе нават станкевічоўцамі. Але аніводнай прэміі ты да гэтага не атрымаў. Чаму так? Вось, напрыклад, Таццяна Заміроўская, бліскучы журналіст і культуролаг, яна барысаўчанка, дарэчы, якая была на ўручэнні прэміі імя Гедройца ў 2013 годзе, напісала так: «Полноценной литературой — а не сборником воспоминаний, аллюзий, смешных фантасмагорических историй и постмодернистских ассоциаций можно считать разве что книгу Юрия Станкевича, но в зале шептались о том, что «Станкевич точно ничего не получит, это же такой скандал будет».

— Зараз, каб быць паспяховым, варта, не пабаюся гэтага слова, узмоцнена сябе піярыць. Але бегаць па свету з вырачанымі вачыма, лічу для сябе не вельмі прыемным. Ды як кажуць, няма празорцаў на сваёй бацькаўшчыне. А жыццё ўвогуле часам успрымаецца як трыумф паразітаў. Ды і літаратура ўсяго толькі фрагмент гэтага жыцця. У гэтым сэнсе я лічу выдатнымі словы нобэлеўскага лаўрэата па літаратуры Найпала, які напісаў, што калі пісьменнік не мае ворагаў, ён мёртвы. Ну што можна сказаць? Шматлікія ўціскі, калі з тэатраў выкідваюцца мае п’есы, кнігі не друкуюцца ў дзяржаўных выдавецтвах, нападкі левых лібералаў, якім не падабаецца тое, што я пішу, не ствараюць для мяне нейкага дыскамфорту. Проста я лічу, што многа, што робіцца зараз у літаратуры, дыскрэдытуе яе як нашу нацыянальную літаратуру. Друкуюцца, у тым ліку за мяжой, усякія такія нявартыя па сваёй значнасці і якасці творы. Неяк мяне выкінулі нават з раённай кнігі «Памяць», куды былі ўключаны клінічныя графаманы з двума-трыма вершыкамі ў «раёнцы».

— Во як?

— Лепшай узнагародай я лічу адзнаку, выказаную ў мой адрас камуністычнай газетай «Товарищ» (смяецца). Выразку з газеты захоўваю. Там напісалі, што Юры Станкевіч самы цынічны і небяспечны аўтар у Беларусі. За што я і дзякую «дорогим товарищам».

Бадай на гэтай ноце варта і скончыць наш дыялог.

— Дзякуй.

Гутарыў Павел Магілін

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.