Паэзія Еўропы зноў у Беларусі
16—17 лютага ў Мінску прайшоў чарговы, ужо сёмы па ліку, міжнародны паэтычны фестываль «Вершы на асфальце». На ім упершыню была ўручана новая літаратурная прэмія — імя Міхася Стральцова. Лаўрэатам стаў беларускі паэт, празаік, перакладчык з Вільні Алег Мінкін. Гэтым разам удзел у фестывалі ўзялі творцы з Нарвегіі, Швецыі, Польшчы, Літвы, Украіны, Расіі і з усіх рэгіёнаў Беларусі. Наш карэспандэнт пагутарыў са старшынёй Саюза беларускіх пісьменнікаў, галоўным рэдактарам часопіса «Дзеяслоў» Барысам Пятровічам.
— Як нарадзілася ідэя фестывалю?
— У гэта цяжка паверыць, але сем гадоў таму ў Мінску не было ніводнага літаратурнага фэсту. У той жа час многія нашыя паэты і празаікі былі частымі гасцямі розных літаратурных імпрэзаў у блізкім і далёкім замежжы. І натуральна, паўстала неабходнасць заснаваць нешта падобнае ў Беларусі. Якраз набліжалася 70-годдзе Міхася Стральцова, і таму не было пытання, чыё імя павінен мець новы фестываль. І назва знайшлася адразу: згадалася знакамітая аповесць М.Стральцова «Сена на асфальце» і шляхам лёгкай гульні словаў атрымалася дужа сучасна — «Вершы на асфальце». Заснавальнікамі выступілі Саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі ПЭН-цэнтр.
— У чым сэнс прэміі імя Міхася Стральцова і чаму ўпершыню яе ўручылі толькі на сёмым фэсце?
— Ідэя заснавання прэміі належыць удаве Міхася Лявонавіча Алёне Дзмітрыеўне Стральцовай. Пэўна, яна нейкі час прыглядалася і да нас, арганізатараў, і да фестывалю —наколькі гэта сур’ёзна і надоўга. І нарэшце адважылася прапанаваць стварыць новую прэмію. Прычым прэмію ўніверсальную — і для паэтаў, і для празаікаў, і для крытыкаў ды літаратуразнаўцаў, бо ва ўсіх гэтых жанрах працаваў М.Стральцоў. СБП ад сябе прапанаваў акрамя традыцыйных дыплома і кветак дадаць яшчэ і друк кнігі лаўрэата да пачатку фестывалю. Проста цудоўна, што ўсё задуманае нам удалося ажыццявіць, прычым захаваць у таямніцы імя лаўрэата да самых апошніх хвілін. І нават сам будучы пераможца не ведаў, што яго чакае сюрпрыз у выглядзе ўжо надрукаванай кнігі.
— «Дзеяслоў» уручыў сваю прэмію менавіта на гэтым фестывалі. Чаму не ладзіць (як раней) асобнае мерапрыемства?
— Упершыню на фестывалі сваю прэмію рэдакцыя часопіса «Дзеяслоў» уручыла летась. Тады яшчэ не было ў нас канкурэнтаў у выглядзе новай прэміі, не было нават надзеі, што яна з’явіцца. Нам хацелася такім чынам разнастаіць, ажывіць сам фестываль, а можа, даруйце, і надаць яму вагі… Бо гэта на сёння адна са старэйшых беларускіх літаратурных прэмій — сёлета яна ўручалася ў 15-й раз. Лаўрэатамі яе былі ўсе самыя вядомыя нашы літаратары — ад Васіля Быкава, Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна,Уладзіміра Някляева,Уладзімера Арлова да маладых аўтараў-дэбютантаў, многія з якіх ужо самі сталі мэтрамі.
— Чаму вы вырашылі адрадзіць прэмію «За высокі ўклад у літаратуру» і чаго нам чакаць у будучым?
— Прэмію часопіса «Дзеяслоў» за высокі ўклад у сучасную беларускую літаратуру некалькі гадоў таму прапанаваў заснаваць вядомы выдавец і паэт Алесь Усеня. Мы пагадзіліся, але год таму спадар Алесь спаслаўся на няпростую эканамічную сітуацыю, і прэмію мы не ўручалі. Сёлета аднавілі яе. Кожны раз лаўрэатамі прэміі станавіліся нашыя выбітныя пісьменнікі. Ідуць гады, і, дзякуй Богу, цудоўных пісьменнікаў у нас не меншае і з’яўляюцца тыя, каго хацелася б адзначыць і падтрымаць. Гэтым разам лаўрэатам стаў Алесь Разанаў. Думаю, наконт ягонага ўкладу ў сучасную беларускую літаратуру ніхто не сумняваецца…
Далёка ў будучыню ў наш няпэўны час не зазіраем. Спадзяюся, што і фестываль, і прэмія імя Міхася Стральцова будуць жыць і радаваць не толькі творцаў, але і ўсіх прыхільнікаў нашай літаратуры.
Аляксандр Тамковіч