TOP

Сціплае абаянне сціпласці

«Беларус пахваліў беларуса і не памёр», — кажуць людзі. Не нейкія там ворагі-суседзі ці аб’ектыўныя замежныя назіральнікі, а самі беларусы. Пачуўшы такое, замежныя назіральнікі пішуць у сваіх падарожных дзённіках: «Беларусаў вылучае не абы-якая самаіронія». Беларусы радуюцца, што іх нехта пахваліў, але самі сваіх па-ранейшаму не хваляць.

Нехта скажа, што гэта ў нас ад прыроднай стрыманасці і далікатнасці. Ад унутранай інтэлігентнасці і, так бы мовіць, веры ў ідэалы паліткарэктнасці. Пахваліш, напрыклад, кагосьці за тое, як забаўна ён парадзіруе трасяначку, а раптам ён насамрэч лупіць на трасянцы? Або не лупіць, але іншы лупіць, пачуе — і пакрыўдзіцца. Або пахваліш, але недастаткова моцна, без паклонаў да зямлі. Таксама крыўда. Лепей і не пачынаць.

«Ледзь стрымліваўся»

Выступаеш ты, скажам, ва Украіне. І тамтэйшая публіка на смешных месцах аж з крэслаў падае. Ясна, што гэта ў іх ад недалікатнасці і натуральнай схільнасці да анархіі. Або дзяўчына хлюпае носам на асабліва сентыментальным кавалку. Во якая палітнекарэктная. Мабыць, не чула, што шкадаванне прыніжае.

Іншая рэч — у нас. Ты паўтары гадзіны чытаеш, эмацыйна выкладаешся. А ў гледачоў ні мускула на твары не ўздрыгне. Цябе гэта, вядома ж, чапляе за жывое, ты дадаеш экспрэсіі, павышаеш голас, размахваеш крыламі, як дрэсіраваны пінгвін-гладыятар. Чытаеш замест запланаванага перакладу санэта — гумарыстычны вершык на злобу дня, сам сябе праклінаючы за папсовасць. Нуль рэакцыі. «Гамон», — думаеш ты. Ніхто тваёй новай кніжкай не зацікавіўся. Але кніжку, як ні дзіўна, потым купляюць і становяцца ў чаргу па аўтограф. А дастаяўшыся, далікатна так, інтэлігентна кажуць: «Дзякуй за бліскучы выступ, так смешна было, ледзь стрымліваўся, каб не зарагатаць». «І вам дзякуй за добрыя словы, — адказваеш. — А чаго стрымліваліся?»

Або нямецкія школьнікі і дашкольнікі, перад якімі табе аднойчы давялося выступаць на кніжным кірмашы ў Ляйпцыгу. Толькі ўявіце сабе, яны спачатку шчыра рэагуюць, а ўжо потым глядзяць, як рэагуюць іхнія настаўнікі. Ясна, што гэта ўсё ад кепскага выхавання. Куды толькі глядзяць педагогі? Іншая справа нашыя. Захіхікаюць — то Мар’я Іванна так цыкне, што век смяяцца не захочуць. І Мар’ю Іванну лёгка зразумець, у яе кантракт. Дзякуй, што ўвогуле прывяла дзетак на сустрэчу!

«Тры спосабы абараніць дысертацыю»

Але куды толькі знікае гэтая стрыманасць і паліткарэктнасць, калі ёсць магчымасць пакінуць ананімны каментар у сеціве? Згадаю адну старую показку савецкіх часоў. Едзе грузін у Маскву, абараняць дысертацыю. А за ім вагон, поўны бутэлек з віном. Едзе армянін, а за ім вагон з пляшкамі каньяку. Едзе беларус, а за ім вагон ананімных даносаў. Ад калегаў па працы, якія шчыра турбуюцца, каб дысертанта там не перахвалілі… Самаіранічна? Яшчэ як. Здаецца, і да незалежнасці дажылі, так што ў Маскву ездзіць абараняцца неабавязкова. Можна і ў Менску. Ці ў замежжы, але зусім іншым — скажам, у Варшаве ці ў Кракаве. «Ды штосьці сутнаснае ўсё адно не змянілася», — думаеш ты, калі кіраўнік на тваёй працы паказвае акуратна накатаную на цябе паперку без подпісу.

«Аз недастойны…»

А можа, гэта ўсё ад высокаразвітой у нас сціпласці? Настолькі высокаразвітой, што мы і іншым шчыра дапамагаем быць сціплымі. Пастаў сябе на месца блізкага свайго і, так бы мовіць, не рабі яму таго, чаго… Ну, вы разумееце. Сам нервуешся і не ведаеш, як рэагаваць, калі цябе хваляць? Дык і пра другога падумай. Не перахвалі яго, небараку. Абодвум жа потым будзе няёмка, бо ні зрабіць камплімент, ні годна прыняць яго вас у свой час не навучылі. Неяк не да таго было «ў бітвах за волю, ў бітвах за долю». А потым сказалі, што «ўкрашае скромнасць». Дарэчы, ананімнасць ананімак — яна, мабыць, таксама ад натуральнай сціпласці. Ну, як сярэднявечныя аўтары не падпісвалі сваіх твораў: «аз есмь недастойны…»

«Вялікі армянскі кампазітар»

А ёсць яшчэ такое. Звычайна прадстаўнік кожнага народу ганарыцца поспехамі сваіх землякоў. Слухаў я раз, як канферансье праводзіў канцэрт у Ераване. «А зараз прагучыць Людвіг ван Бетховен… А зараз Фрыдэрык Шапен… А зараз — вялікі армянскі кампазітар Арам Хачатуран!» (Даруйце, дарагія армяне, за другую ўжо згадку ў гэтым тэксце пра беларусаў!) Дык вось, у беларусаў жалезна вытрымліваецца адно абмежаванне. Лепей, каб гэты паспяховы зямляк быў мёртвы. Паспяховы і адначасова жывы — неяк зусім ужо нясціпла. А таму лепей аспрэчыць яго паспяховасць: «Ну, пілі мы з ім разам, які ж ён мастак? Вось у Маскве (Парыжы, Нью-Ёрку…) — там мастакі». А калі паспяховасць відавочная, можна яшчэ ўсумніцца ў беларускасці: «Ну, якая яна беларуская пісьменніца, калі піша па-руску?»

«Найлепшая ў свеце, бо — нашая»

Ёсць, вядома ж, і супрацьлеглая з’ява. «Нясціплыя» беларусы, якія ўсё беларускае агулам хваляць. Проста за тое, што яно беларускае. Часам здаецца, што робіцца гэта ў палемічным запале. На злосць беларусам-апанентам з Масквой (Парыжам, Нью-Ёркам…) у галаве, якія ўсяго беларускага саромеюцца, а калі каго свайго і ўшануюць — дык адно пасля замежнага поспеху. «Беларуская літаратура — найлепшая ў свеце, бо яна — нашая», — казаў не так даўно адзін пажылы літаратар. І нават трохі наракаў на беларускіх перакладчыкаў, што «маскіруюць» чужое пад сваё, а яно ж насамрэч — глыбока чужое, чужое, чужое! А калі добра зробленае — тым горай, бо крадзе прыхільнікаў у «свайго». Ці трэба казаць, як відочна сыходзяцца гэтыя дзве крайнасці? І першых, і другіх моцна здзівілі б тыя, што любяць не «сваё» і не «чужое», а найперш добрае. Добрае — а таму «сваё», а таму ўлюбёнае без аглядкі на прапіску ў пашпарце. А калі сярод добрага трапляецца і пашпартнае «сваё» — што ж, тым лепей.

«Калясяка-жалязяка, ту-ту — і паехала!»

Калі беларуса ўсё-ткі пачынаюць хваліць, ён адразу насцярожваецца. Чым далей, тым болей напружваецца, апускае галаву, падымае рукі ды закрываецца, рыхтык баксёр у глухой абароне. Бо цудоўна разумее, што пахвала — звычайна рытуальная цырымонія перад тым, каб перайсці да просьбы. Тым больш навязлівай і бесцырымоннай, чым болей прагучала ўступных безгустоўных кампліментаў.

Памятаю, як мой чачэрскі дзядуля забаўляў мяне, маленькага, вясёлымі аповедамі, якія на хаду майстраваў з калісьці пачутага ці прачытанага. Потым штосьці з тых гісторый выяўлялася фальклорам, штосьці байкамі ды камедыямі Кандрата Крапівы, а чагосьці я і дагэтуль не магу атрыбутаваць. «Ох, і вумная ж твая галовушка, колькі ж там калёсікаў, колькі вінцікаў», — загаворваў у дзядулевым аповедзе халяўшчык зубы машыністу, бо напрошваўся да яго безбілетным пасажырам. А калі той усё адно яго не пусціў, маска кампліментарнасці адразу ж была скінутая — маўляў, дурань ты і тэхніка твая дурацкая: «калясяка-жалязяка, ту-ту — і паехала!» Калі памяць мяне не падманвае, героем дзедавага аповеду быў прадпрыймальны яўрэй. Але таксама свой, беларускі. А пільным машыністам, што не павёўся на пахвалы, — ужо дакладна быў беларус.

«Гілевіч цыбаты, а Быкаў вялікі»

А цяпер найвышэйшы пілатаж з падручніка «Як беларусу пахваліць беларуса і не памерці». Калі не ўшанаваць проста немагчыма, можна скарыстацца адной выратавальнай, проста залатой формулай. Пахваліўшы аднаго, паспрабаваць у тым жа сказе зняважыць іншага. Так захаваецца сусветная гармонія і беларуская зямля й надалей будзе круціцца вакол беларускага сонца.

Навошта дэбаты,
навошта падлікі?
Гілевіч цыбаты,
а Быкаў вялікі, —

пісаў пра свайго сябра, выдатнага празаіка Васіля Быкава, выдатны лірык Рыгор Барадулін. І гэта Народны паэт Беларусі! Чаго ж чакаць ад так званага «простага народа»? Не далей як заўчора аўтар гэтых слоў пачуў ад мілай слухачкі па заканчэнні фестывалю «Pradmova» ў Гародні: «Як вы здорава пішаце і чытаеце вершы! Не тое, што ўсе іншыя пісакі, якія чыталі з вамі!» Спадзяюся, што іншым расказалі тое самае пра пісаку-мяне.

Маргарэт Тэтчар думае пра Беларусь

Нехта з тых, хто цяпер гэта дачытвае, магчыма, даўно ўжо мне запярэчыў: «Але ж гэта ўсё — агульначалавечыя хібы!» Вось і ангельская прэм’ер-міністр Маргарэт Тэтчар раіла не вельмі прыслухоўвацца да сваіх хэйтараў: «Ніколі не слухайце, калі вас асуджаюць. Бо, нават калі б вы ўмелі хадзіць па вадзе, будзьце ўпэўненыя, што хтосьці абавязкова скажа: «Глядзіце, ён нават не ўмее плаваць». Што ж, ці будзе для нас добрым суцяшэннем, што сёе-тое з пералічанага ўласціва ўсяму чалавечаму роду і не ёсць эксклюзіўнай адзнакай беларусаў? Ці ўсё-такі ёсць? Бо часам аднолькава закладзенае ва ўсіх — пад уплывам пэўных абставінаў — праяўляецца ў розных месцах і ў розны час надта ж па-рознаму. Дык ці не пра нас казала «жалезная лэдзі»?

Карацей, дарагая настаўніца Мар’я Іванна! Чым шыкаць на вучняў, калі тыя хіхікаюць або іншым чынам шчыра рэагуюць на ўбачанае і пачутае, навучылі б вы іх рабіць адно аднаму кампліменты. Як толькі зробяць штось добрае ці прынамсі паспрабуюць зрабіць. Для гэтага неабавязкова чакаць 23 лютага ці 8 сакавіка. А потым юбілею, выхаду на пенсію, прэзідэнцкай узнагароды ці медаля да 100-годдзя БНР. А то так да смерці і будзем ратавацца ад уласнай «сціпласці» ўласнай жа самаіроніяй.

Андрэй Хадановіч

Читайте также в рубрике «ВЗГЛЯД И ГОЛОС»:

Игорь Драко. Ивье: рай, где живут тунеядцы

Альгерд Бахаревич. Отшельники против пришельцев

Александр Федута. Капкан надежд

Виталь Цыганков. Белорусы любят социализм больше, чем мы думаем

Петр Рудковский. Приедут ли к нам на мастер-классы по диктаторскому управлению?

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.