TOP

Беларусь анейроідная

Цыкл вершаў у прозе Анейроід – гэта від псіхозу, калі разгорнутыя фантастычныя перажыванні пераплятаюцца з рэальнасцю (падобна да жахлівага сну наяве).

Паша Любецкі

Нарадзіўся ў 1993 годзе ў Мінску. Піша вершы й прозу на беларускай і рускай мовах, матэматык па адукацыі. Цікавіцца рэлігіямі (пераважна будызмам), натуральнымі навукамі, псіхіятрыяй, парадоксамі, этыкай і рацыянальным альтруізмам. Аўтар кнігі “в основном без рифмы” (Логвінаў: Вільня, 2020). Жыве ў Мінску.

Гэты матэрыял для СН плюс – выцінка з будучай кнігі вершаў “Левіяфан-2020”. Публікацыя падрыхтаваная ў межах майстар-класу для аўтараў дэбютных кніг “Неба з сабою”, прысвечанага 90-годдзю Уладзіміра Караткевіча.

1. хваля маніякальна-рэпрэсіўнага псіхозу

анейроідны жах надыходзіць тады, калі:

  • людзі павінны былі б хадзіць у масках, але замест гэтага маскі сарваныя
  • краіну накрывае хваля маніякальна-рэпрэсіўнага псіхозу
  • ахвотна ідуць на ахвяры, але ахвяруюць чамусьці тымі, за каго нясуць адказнасць
  • самым важным з мастацтваў робяць мастацтва звальваць своечасова і на патрэбных людзей, забываючы пра мастацтва сыходзіць своечасова і з годнасцю
  • рэальныя праблемы замоўчваюць, затое ствараюць штучныя, каб дэманстратыўна іх “вырашыць”
  • баішся, як бы з-за невялічкай ядзернай зімы ў моду не ўвайшлі свінцовыя касцюмы
  • на сцэну выходзяць людзі, якія б’юць ляжачых, папярэдне іх паклаўшы  пры затрыманні
  • лаяльнасць куды важнейшая за кампетэнтнасць; тыя ж, хто застаецца лаяльнымі, ужо абсалютна бескарысныя
  • баішся, што хтосьці не вельмі мірны выпусціць чаргу ў чаргу на мірным сходзе
  • краіне хапае на Тэслу Ілана Маска альбо масак для маскі-шоў на затрыманні, але не хапае медыцынскіх масак для грамадзян

2. высокароднасць як рыса для расходнага матэрыялу

анейроідны жах надыходзіць тады, калі:

  • баішся, што хтосьці прадаў душу д’яблу, а расплачвацца давядзецца табе
  • баішся, што законы зусім спыняць дзейнічаць, і давядзецца жыць па законах Мэрфі
  • людзей, якія ламаюцца не адразу, змятаюць людзі, якія адразу не ламаюцца
  • тым, хто спрабуе навучыцца лётаць, выбіваюць з-пад ног зэдлік, а некаторыя жарты, што ўжо зацягнуліся, зацягваюцца шчэ й вузлом на шыі
  • для таго, каб адмазацца, некаторыя людзі гатовыя пайсці на ўсё, акрамя эшафоту
  • тыя, хто па званні павінен быць патрыятычным, па сваёй сутнасці тыповыя калабаранты
  • апраўдваючыся “хлуснёй у ратаванне”, кажуць пра хлусню ў ратаванне сваіх азадкаў, а не грамадзян
  • хтосьці лічыць, што нават тыя, да каго яны заўсёды ставіліся як да расходнага матэрыялу, павінны быць ім лаяльнымі
  • у высакароднасці бачаць проста карысную рысу для расходнага матэрыялу

3. пудзіла Тамаша Гобса

анейроідны жах надыходзіць тады, калі:

  • патрыятызм рызыкуе ператварыцца ў стакгольмскі сіндром
  • страта змяняльнасці ўлады прыводзіць да таго, што тая паступова едзе дахам
  • суверэнітэт азначае вярхоўную ўладу “суверэна”
  • ісці супраць “суверэна” = “падрываць суверэнітэт”
  • смяротнае пакаранне ніколі не скасуюць, бо гэта святое права суверэна паводле “Левіяфана” Гобса
  • дзяржава – гэта грамадская дамова, пра якую з табой ніхто не дамаўляўся, і наўрад ці з аўтарамі гэтай дамовы зможаш дамовіцца ты
  • падазраеш, што бяспека дзяржавы азначае тое, што разумеў бы пад бяспекай дзяржавы Людовік XIV
  • улада сумнеўнай канстытуцыйнасці збіраецца змяняць Канстытуцыю

4. перавод краіны на рэжым ваеннай дыктатуры

анейроідны жах надыходзіць тады, калі:

  • краіну пераводзяць на рэжым ваеннай дыктатуры, а яе насельніцтва на бязгучны
  • забаронена ўсё, акрамя таго, што дазволена тымі, каму ўсё дазволена
  • выказванні выгляду “а кароль-та голы” могуць расцаніць як самы небяспечны від экстрэмізму
  • само сабой зразумела, што акрамя судовай улады ёсць яшчэ і пазасудовая
  • сацыяльных ліфтаў амаль няма, а ў тых, што ёсць, хтосьці нагадзіў
  • пад выглядам барацьбы з карупцыяй яе манапалізуюць
  • на кожную сумленную і высакародную публічную персону ёсць праўда, якую яна гатовая хаваць любым коштам, у тым ліку коштам не самых сумленных і зусім не высакародных учынкаў
  • заігрываюць і адыгрываюцца, каб падмазвацца і адмазвацца

5. выграбная яміна пад пазалочаным тронам

анейроідны жах надыходзіць тады, калі:

  • розум засынае, а прачынаюцца яго пачвары
  • чалавек з сіндромам начнога вартаўніка злоўжывае манаполіяй на гвалт
  • органы ўнутраных спраў нядрэнна адбіваюць унутраныя органы, у той час як органы накшталт парламента вось-вось зусім атрафіруюцца
  • спрэчкі пра родную мову абсалютна незразумелыя людзям, для якіх родная мова – крымінальнае арго
  • заўважыўшы чалавека, здольнага адказваць за свае ўчынкі, яго прымушаюць адказваць яшчэ і за чужыя
  • “адказны чалавек” азначае, што на яго прасцей за ўсё сапхнуць усю адказнасць
  • пад пазалочаным тронам заўсёды знаходзіцца выграбная яміна, і чым даўжэй сядзяць на гэтым троне, тым больш усяго ў ёй
  • “вы маеце права захоўваць маўчанне: усё, што вы скажаце, можа быць скарыстана для фабрыкацыі справы”

6. запаведзі лаяльнасці

анейроідны жах надыходзіць тады, калі глебай новай «палітрэлігіі» робіцца наступнае скажэнне Запаведзяў блажэнства з Евангельскай Нагорнай пропаведзі:

  • лаяльныя ўбогія духам, бо ў іх няма смеласці быць самімі па сабе
  • лаяльныя тыя, што плачуць, бо ім абяцаюць суцяшэнне
  • лаяльныя пакорлівыя, бо яны зручныя
  • лаяльныя тыя, хто жадае і прагне праўды, калі ім як след затлуміць галаву і выкарыстоўваць у сваіх мэтах.
  • лаяльныя міласэрныя, бо даруюць нават тыя памылкі, якія дараваць не варта
  • лаяльныя чыстыя сэрцам, бо іх так проста падмануць
  • лаяльныя міратворцы, бо яны гатовыя нават стрываць беззаконне, каб не развязалася вайна, дзе гінуць мірныя людзі
  • лаяльныя гнаныя за праўду, бо рана ці позна ім давядзецца стрываць падман кагосьці іншага. але гэта не значыць, што гэтая лаяльнасць будзе доўжыцца заўсёды.

Паша Любецкі

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.