TOP

Эўропа i нацыя

Юля піша лісты палітвязьням. Вельмі шмат лістоў — і невядома, колькі зь іх дайшлі і колькі дойдуць. Пакуль што мы дакладна ведаем толькі пра тое, што адзін — дайшоў.

А я напісаў толькі два — людзям, якіх знаю. Алесю Пушкіну пісаў двойчы, бо яго перавялі з адной турмы ў іншую. Спадзяюся, дойдзе.

Я думаю пра пошту Граца — там, відаць, адчулі, што ў горадзе раптам пачалася нейкая актыўнасьць у напрамку Беларусі. На пошту па канвэрты і маркі мы ходзім досыць часта. І мяне парадавала першая размова з паштаркай на касе. «Колькі каштуе марка ў Беларусь?» — «Беларусь? Ну гэта ж Эўропа. Цана як для любой эўрапейскай краіны».

Так, Беларусь — гэта Эўропа. І я буду паўтараць гэта нягледзячы на ўсе скептычныя ўсьмешкі. І пісаць пра гэта. Немагчыма верыць у свой эўрапейскі кон, гаворачы «Ну, у іх у Эўропе так, а ў нас так». Калі Беларусь — гэта Эўропа для аўстрыйскай пошты, чаму яна мусіць быць Азіяй для саміх беларусаў…

Узяўся чытаць кнігу «Мабілізаваная нацыя» — пра тое, чаму нямецкі народ так адчайна супраціўляўся ў часы другой сусьветнай і як зьмяняліся настроі людзей цягам 1939-45. Кніга напісаная паводле ліставаньня самых розных немцаў, салдатаў, іх жонак і дзяцей, сьвятароў, рабочых, так званай інтэлігенцыі.

Нацыя… Калі я кажу дзе-небудзь пра тое, што нацыя — гэта нешта штучна сканструяванае (гэтаксама як і літаратурная мова), вельмі часта бачу ў адказ зьдзіўленьне і непрыманьне. То бок вельмі шмат людзей і праўда лічаць, што можна нарадзіцца, напрыклад, кітайцам, парагвайцам або беларусам. Што нацыя — набор нейкіх уласьцівасьцяў, які выдаецца табе ў камплекце па праву крыві. Што нацыі існавалі заўсёды. Што мова толькі і чакае, каб ты вывучыў яе коскі, апострафы і «жы-шы». Што нашыя слаўныя продкі пісалі наркамаўкай пра Грунвальд, а нашыя гаротныя сяляне гаварылі «квіток» і «гарбата». Што мы ўсе прыпісаныя да нацыі і мовы задоўга да нашага зьяўленьня ў гэты сьвет нацыянальных дзяржаваў.

Мы ўсе нараджаемся людзьмі. Чалавекамі. Голымі, неверагодна падобнымі, бяз мовы, нацыі і пашпарта, без абавязкаў і нумароў падаткаплатніка. І ўсе гаворым адной мовай.

А вось потым пачынаецца самае цікавае. Ці наадварот, канчаецца. Гэта ўжо як каму.

Alhierd Bacharevič, Facebook