TOP

Апатыя і мабілізацыя

Адно з частых пытанняў: што сталася з палітычнай мабілізацыяй беларусаў, якая назіралася ў мінулым годзе, асабліва ў другой палове?

Петр Рудковский

1. У жніўні мінулага года многія задавалі іншае пытанне: што сталася з палітычнай апатыяй, якая была яскравай у ходзе парламенцкай кампаніі-2019 і прэзідэнцкай-2015. Апытанні WVS у 2018 выявівілі зніжэнне гатоўнасці браць удзел у дэманстрацыях, хоць і на папярэдніх этапах гэта гатоўнасць была невысокай.
Нічога дзіўнага, што напрыканцы 2019 года сур’ёзныя эксперты прагназавалі, што ў 2020 не будзе ніякіх або амаль ніякіх акцый пратэсту. Да экспертаў прэтэнзій няма — яны зыходзілі з тых дадзеных, якія былі на той момант. Але рэчаіснасць прыпаднесла сюрпрыз — у другой палове 2020 года адбылася беспрэцэдэнтная палітычная мабілізацыя.

2. Згодна з Індэксам V-Dem, пра-дэмакратычная мабілізацыя ў Беларусі ў 2020 трапіла ў топ-15 самых маштабных і працяглых выпадкаў мабілізацыі сярод больш за 100 краін за апошнія 50 гадоў. Нават украінская мабілізацыя ў 2014 і венесуэльская ў 2017-ым саступаюць.

(Венесуэльская на піку была больш магутнай, чым у Беларусі, але яна атрымала крыху менш пунктаў, хутчэй за ўсё, з-за таго, што саступала беларускай па працягласці, частаце і разнастайнасці акцый).

3. Пасля масавай мабілізацыі наступае спад — гэта частая, амаль паўсюдная з’ява. Самая працяглая мабілізацыя мела месца ў Паўднёваафрыканскай Рэспубліцы ў 1976-78 гадах. Але і яна пайшла на спад, не дамогшыся на той час мэтаў. Адна з наймагутнейшых мабілізацый мела месца ў 1980 годзе ў Польшчы (яна была, як і ў Беларусі ў 2020 ацэнена на 3,99 пункты). Але пасля ўвядзення ваеннага становішча адбылася дэ-мабілізацыя — грамадства прытаілася, закрылася ў сабе, члены Салідарнасці часцей абіралі асцярожную тактыку).

4. Маштабная мабілізацыя пакідае след у грамадстве, ментальнасці людзей, у тым ліку (ці ў першую чаргу) у галовах наменклатуры і сілавікоў. Пры наступнай слабінцы рэжыму мабілізацыя часцяком узнаўляецца і новыя кавалкі сістэмы адвальваюцца. А часам і фундаменты рушацца.

5. Міжнародны кантэкст дужа важны. Бывае, што змяняецца структура сусветнай гегемоніі — і тады пратэсты з лёгкасцю дамагаюцца трансфармацый. Бывае, калі ёсць вірусападобныя працэсы ў рэгіёне — у большасці краін, адной па адным, адбываюцца пратэсты і шмат дзе звяргаюцца рэжымы. Тады таксама лягчэй дамагчыся зменаў.

Беларускі пратэст адбыўся тады, калі ні першае, ні другое не мае месца. Больш таго, свет быў заклапочаны пандэміяй. Рэгіянальны асілак — Расія — падтрымала рэжым. Міжнародны кантэкст не на карысць прыхільнікаў перамен. Але гэта не вырак. Гэта толькі адзін з фактараў, што праўда, важных.

6. Што яшчэ. Аналагічна як існуе пра-дэмакратычная мабілізацыя, існуе нешта такое, як пра-аўтарытарная мабілізацыя. Аўтакратыі, паколькі зацікаўлены ў пасіўнасці грамадзян, не дужа спрыяюць мабілізацыі «сваіх», але ўсё ж у нейкай ступені гэта робяць.

Характэрнай рысай беларускай сітуацыі ёсць тое, што тут у цэлым нізкі ўзровень прааўтарытарнай мабілізацыі.Пра гэта варта памятаць, калі сутыкаецеся з эпізодычнай ваяўнічасцю тзв. ябацек. Яны ёсць у любой аўтакратыі, але ў большасці аўтакратыях яны больш ваяўнічыя і больш актыўныя. Нашы мала актыўныя насамрэч. Актывізацыя адбылася ў 2020 годзе, але ўсё-роўна яна не ідзе ў параўнанне з прааўтарытарнай актывізацыяй ў Турцыі ў 2013 ці ў Польшчы ў 1980-81.

І вось гэта будзе іграць вялікую ролю на наступных этапах. Млявыя прыхільнікі аўтакратыі супраць энэргічных і крэатыўных прыхільнікаў перамен. Тут сілы сапраўды няроўныя. Няроўныя на карысць дэмакратычнага руху.

Пётр Рудкоўскі