TOP

Лоўкостэр часу: антыўтопія Беларусь

Фота: Радыё Свабода, svaboda.org

– Ты – чытаў раман “1984” Джорджа Оруэла? – Я жыву ў ім.

Так выглядае дыялог двух сучасных беларусаў. Кожны аўтар антыўтопіі хацеў бы ня столькі прадказаць нэгатыўную будучыню, колькі папярэдзіць пра небясьпеку і тым самым пазьбегчы яе. Але часам не выходзіць – і людзі апынаюцца ў страшных кнігах, якія робяцца явай.

“Вялікі брат бачыць цябе” – часты мем у лексіконе маіх суграмадзянаў, што запарольваюць гаджэты, хаваюць імя ў тэлеграм-каналах і выдаляюць згаданыя каналы ў згаданых гаджэтах, пераходзячы мяжу. Дакладней, пераходзілі, бо цяпер мы практычна вярнуліся да “жалезнай заслоны” савецкіх часоў – і падарожжы ў “вольны сьвет” робяцца ўсё больш складанымі.

“Міністэрства Любові” – гэта пра сілавікоў, што са жніўня 2020 страляюць, ужываюць вадамёты, сьветлашумавыя гранаты і сьлезацёчны газ, калечаць і гвалтуюць гумовымі дубінкамі затрыманых, у турмах і непасрэдна ў сваіх міліцэйскіх бусах, што зрабіліся перасоўнымі катавальнямі.  

“Міністэрства Праўды” – гэта яе супрацоўнікі шантажуюць сваіх ахвяраў, прымушаючы хлусіць перад камэрай і прызнаваць свае няісныя, прыдуманыя спэцслужбамі віну і злачынствы. Калі беларускія зьнішчальнікі падняліся ў паветра і прымусілі сесьці мірны самалёт замежнай авіякампаніі, сілавікі арыштавалі Рамана зь яго дзяўчынай Сафіяй, забраўшы іх проста ў оруэлаўскі “1984”. Што да рэшты пасажыраў, заходніх грамадзянаў, то яны раптам адчулі сябе ў іншай антыўтопіі ангельскай вытворчасьці. 

Я маю на ўвазе “Машыну часу” Гербэрта Ўэлса. І рэч ня толькі ў тым, што для заходніх суседзяў падарожжы ў Беларусь нагадваюць вандроўкі ў часе, бо ўладу ўжо 27 год утрымлівае савецкая настальгія, балюча адбіваючыся ад усіх, хто думае іначай. Яшчэ істотней, што само беларускае грамадзтва – у выніку таго, што адна яе частка, насуперак таталітарнаму рэжыму, няспынна разьвівалася і крочыла ў будучыню, а другая затрымалася ў мінулым, – фактычна падзялілася на дзьве няроўныя часткі. Амаль як у кашмарнай ўэлсаўскай антыўтопіі пра будучыню зь яе дзьвюма чалавечымі “расамі” – элоямі і марлокамі.

Калі ў “Машыне часу” класавае грамадзтва, падзеленае на эксплуататараў і эксплуатаваных, дае праз стагодзьдзі ў выніку дэградаваных гаспадароў жыцьця, якія жывуць на паверхні зямлі, і ператвораных у падземных монстраў пралетароў, што харчуюцца мясам першых, то ў беларускай сытуацыі ўсё нашмат парадаксальней. Патэнцыйныя “марлокі” адваявалі і захапілі сваё месца пад сонцам на зямной паверхні, паступова выпіхваючы больш адукаваных, разьвітых, адкрытых новаму і ўнутрана свабодных “элояў” у андэграўнд унутранай эміграцыі. Апошнія не дэградуюць у выніку занадта лёгкага існаваньня, як у ангельскага фантаста. Наадварот, ім для элемэнтарнага выжываньня ў неспрыяльных палітычных ды эканамічных умовах неабходна траціць больш духоўных, інтэлектуальных ды фізычных сілаў, чым іх калегам у больш “шчасьлівых” краінах. Таму сапраўднай элітай робяцца ўрэшце яны. 

Але ўладу па-ранейшаму ўтрымліваюць неадукаваныя прыстасаванцы, халуі-кар’ерысты, розум і талент якім замяняе фактар асабістай адданасьці. І, безумоўна, сілавікі. Найбольш разумныя і сумленныя зь іх цягам доўгіх гадоў пазвальняліся, зразумеўшы амаральнасьць свайго занятку, а засталіся тыя, хто ня здольны да рэфлексіяў, хто без развагаў гатовы выканаць неразумны, негуманны і незаконны загад. Яны ня сьлепнуць пад зямлёй безь сьвятла – яны найбольш забясьпечаная ў Беларусі катэгорыя насельніцтва. 

Але мы забылі пра “падарожнікаў у часе” – пра замежных пасажыраў захопленага самалёта. Чытай: пра агаломшаны дзеяньнямі беларускага рэжыму Захад. “Машына часу” – яна ж ня толькі пра тое, як адна чалавечая раса пажырае іншую. Яна яшчэ пра сьведку гэтага ўсяго, які раптам перастаў быць проста назіральнікам на бясьпечнай дыстанцыі. У нейкі момант машына часу была скрадзеная ў падарожніка марлокамі. І ён імгненна страціў сваё пачуцьцё абароненасьці, будучы ўключаны ў зусім іншы сюжэт, бо цяпер гаворка пайшла непасрэдна пра ягоныя жыцьцё і сьмерць. Ці не такім самым чынам зрэагавалі на бязьмежны цынізм суседзі на захадзе, поўдні і поўначы? (Пра ўсходніх суседзяў лепей памаўчу.) “Як гэта магчыма?” – не маглі яны зразумець. “Рызыкуючы жыцьцём мірных грамадзянаў? Нашых грамадзянаў!!!”

Адказ не прымусіў сябе чакаць. Тыя, хто раней зусім не цікавіўся падзеямі ў Беларусі або проста абмяжоўваўся словамі пра “глыбокую занепакоенасьць” беларускай сытуацыяй, якія так напраўду нічога ня значылі і ня значаць, – цяпер раптам загаварылі пра эканамічныя санкцыі, пра закрыцьцё сваёй паветранай прасторы для беларускіх самалётаў – і наадварот. Тут, даруйце, як на параходзе з назвай “Тытанік”: седзячы ў каюце першай клясы, можна не цікавіцца (або цікавіцца чыста тэарэтычна) пасажырамі трэцяй. Але сустрэча з айсбэргам паказвае адноснасьць паняцьця бясьпекі – нават калі маеш прыярытэтны доступ да шлюпак і ратавальных камізэлек, або купіў права прыярытэтнага ўваходу на борт ірландзкага лоўкостэра. Бо раптам выяўляецца, што права прыярытэтнага ўваходу маюць узброеныя марлокі.

Шаноўныя ангельскія, ірландзкія ды ўвогуле заходнеэўрапейскія калегі! Вы можаце стрымана ці нават гучна спачуваць Беларусі або Ўкраіне (прынамсі цяпер вы збольшага ведаеце, дзе месьцяцца гэтыя краіны і ўсё радзей блытаеце іх назвы). Але прызнайцеся, дзесьці ў глыбіні сьвядомасьці сядзіць і нікуды ня дзелася перакананьне, што згаданыя дзяржавы – штосьці бязьмежна далёкае ад вас і вашых надзённых праблемаў. Што яны – сфэра палітычных уплываў прэзыдэнта Расіі Пуціна, а ён такі страшны і непрадказальны, што Божа барані ўставаць паміж ім і ягонай здабычай! Да таго ж, пытаньні эканамічнай мэтазгоднасьці: людзі ахвотна абураюцца дыктатурамі, якія душыць свабоду і сацыяльную справядлівасьць, але ня менш ахвотна гандлююць зь імі, бо грошы ня пахнуць. 

Што ж, элоі карысталіся працай марлокаў, дазвалялі ім карміць і апранаць сябе. Гэта ж так выгадна – карыстацца плёнам працы, якая амаль нічога не каштуе. Але, калі павучэньні Джона Дона пра востраў, мацярык і звон звана гучаць для вас занадта абстрактна, проста нагадаю, што марлокі не вызнавалі моднага ў элояў вэганства. І, аднойчы выйшаўшы ўначы на зямную паверхню, скарысталіся тым, што знайшлі.

Андрэй Хадановіч