TOP

«Вам можна, а нам не?»

Фота: Leonid Scheglov / BelTA / REUTERS

Каментуючы дзеянні польскіх памежнікаў супраць мігрантаў, беларускія ўлады пасрэдніцтвам сваіх медыя дэ факта «ачышчальна» прагаворваюць уласныя грахі 2020 года – выходзіць такая публічная споведзь пад выглядам крытыкі апанента.

Улады ўжо не раз «апраўдваліся» з дапамогай адсылу да падобных дзеянняў за мяжой: вунь французы разагналі «жоўтыя камізэлькі», вунь амерыканцы скарысталі зброю супраць тых, хто ўварваўся ў Капітолій – маўляў, «вам можна, а нам не?» 

Гэтым разам, аднак, пра «нас» замоўчваецца, згадваюцца правы чалавека і свабода слова, на польскіх памежнікаў (якія выконваюць загады сваёй законна абранай улады) заводзяцца справы за «злачынствы супраць чалавецтва»… Усё паводле выказвання, якое прыпісваюць Гёбельсу: «Хто тут габрэй – вызначаю я». Можа, разлік на тое, што нехта з заходніх лібералаў ці левых паверыць у тое, што Лукашэнка – абаронца правоў чалавека?

Большасць да падобнай хуцпы ўсходніх уладароў ужо прывыкла і нікога яна не здзіўляе. А вось што здзіўляе мяне асабіста, дык гэта адкуль у многіх прыхільнікаў перамен такая варожасць да мігрантаў – пераважна з іракскай часткі Курдыстана – якія вырашылі скарыстацца арганізаванай «беларускай сцежкай», каб трапіць у Еўропу, канкрэтней – у Нямеччыну, дзе жыве ўжо каля мільёна іх суайчыннікаў.

Разбірацца ў сучасных глыбінных прычынах імкнення жыхароў глабальнага Поўдня на заможную глабальную Поўнач можна доўга, але немагчыма не пагадзіцца, што гэтыя прычыны – адныя і тыя ж ува ўсіх перасяленцаў ува ўсе часы: людзі шукаюць магчымасці палепшыць сваё жыццё. І часам не бачаць іншага выйсця, як толькі зрабіць гэта радыкальна. Вядома, існуе і іншы спосаб радыкальнай змены жыцця, які завецца рэвалюцыя. Але, пакаштаваўшы гвалту (а на Блізкім Усходзе ў ім ніколі не было недахопу), людзі часцяком абіраюць усё ж такі эміграцыю – менш гераічны і крывавы, але больш рэалістычны шлях да перамен у маштабах аднаго жыцця. А калі няма магчымасці для легальнай міграцыі на Захад, то шукаюць шляхі нелегальныя. 

Беларусы на гэта глядзяць іначай (Гл. «Я бы не покупал билет у Лукашенко». Как белорусы относятся к мигрантам, которые едут в ЕС — Салiдарнасць (gazetaby.com)). Для іх рэвалюцыя 2020-га года працягваецца (прынамсі, пакуль сядзяць палітвязні), і рэжым яшчэ можна прымусіць сысці ці прынамсі пайсці на саступкі з дапамогай захаду. Якраз неўвядзення санкцый дамагаецца рэжым у абмен на ўрэгуляванне міграцыйнага крызісу. І гэтым дае зразумець, што баіцца сацыяльнага выбуху, які можа прывесці да змены хай не рэжыму, то прынамсі яго вярхушкі (Гл. «Хутчэй за ўсё, Лукашэнка працягне міграцыйную гульню», — эксперт (svaboda.org)).

У гэтай сітуацыі хаўруснікі беларусаў – краіны Еўразвязу, таму асаблівага спачування да мігрантаў, якіх рэжым выкарыстоўвае ў якасці «гібрыднай зброі», многія беларусы не выяўляюць (Гл. «Беларускія сілавікі прымушаюць нас атакаваць мяжу»— мігрант (svaboda.org)). Маўляў, прыехалі тут і мяшаецеся ў нашыя ўнутраныя справы, ды яшчэ не на нашым баку, фінансуеце дыктатуру, кідаеце камяні ў польскую паліцыю. І наагул, якое права вы маеце ехаць у Еўропу? Халявы захацелі? Сядзелі б у сябе дома і змагаліся са сваімі праблемамі – як мы. Калі толькі праблемы ў вас наагул ёсць – у любым разе яны нам не абыходзяць, у нас хапае ўласных. 

Што ж, уэлкам ту ХХІ стагоддзе: мяркуецца, што ў сувязі перадусім з глабальным кліматычным крызісам колькасць мігрантаў з Поўдня на Поўнач у свеце значна вырасце. І да міграцыі як з’явы давядзецца нейкім чынам прызвычайвацца, беларусам у тым ліку. Думаць, што ўсім удасца адседзецца за мурам з калючым дротам, не выпадае.

Паводле апытанняў, беларусы найгорш ставяцца акурат да людзей з Трэцяга свету – з Блізкага Усходу і Афрыкі (Гл. ​​​​​​​У мігранцкай гісторыі Лукашэнка рызыкуе страціць рэшткі свайго электарату (svaboda.org)). На жаль, паводле логікі размеркавання глабальнага багацця, менавіта яны найчасцей пакідаюць свае краіны ў пошуках лепшага жыцця. І ўсё ж прычыны нелюбові беларусаў (і не толькі беларусаў) да мігрантаў, – як тых, што цяпер знаходзяцца на беларуска-польскай мяжы, так і наагул да мігрантаў як сацыяльнай катэгорыі, – па-мойму, глыбейшыя за ксенафобію, якая ўласцівая далёка не толькі прыхільнікам Лукашэнкі. Яны, на маю думку, недзе ў затоенай нелюбові да сябе, незадаволенасці самімі сабой і неўладкаванасцю свайго ўласнага жыцця і побыту, якая «вымяшчаецца» на тых, хто з падобнай (а на практыцы яшчэ горшай) неўладкаванасцю змагаецца, як умее. 

Беларусы любяць парадак і законапаслухмянасць, нават падчас рэвалюцыі (Глядзі на гэтую тэму выдатнае эсэ Ганны Севярынец Беларусы і (р)эвалюцыя (abdziralovic.by)). А мігрант, паводле вызначэння – парушальнік. Перадусім, парушальнік акалічнасцяў уласнага лёсу, гэтай «дамовы з д’яблам» (дзеля якой часам можа заключыць дамову з іншым д’яблам), нярэдка таксама – парушальнік закону (адна справа, калі «не да законаў» уладзе, другая – чалавеку ў нядолі), і ў кожным разе – межаў, правілаў, спакою чужога і ўласнага. 

Максім Багдановіч (які, дарэчы, дапамагаў у Менску бежанцам у часе Першай сусветнай вайны) апісаў мігранта ў «Эмігранцкай песні» як бадзягу, што не верыць «ні ў бога, ні ў чорта» – чалавека на мяжы адчаю, якому «ўсё роўна, ці жыць, ці загінуць». Што цікава, і сама «Песня» напісаная ад імя мігрантаў – якія пры гэтым адмяжоўваюць сябе ад астатніх, нібыта чыстых авантурнікаў, і сцвярджаюць:

«Мы не такія! Не таго мы шукаем! Не рассталіся б мы з нашым краем, каб было дзеля нас у іх хлеба!»

Сапраўды, гэта вельмі тыповая чалавечая рыса: лічыць сябе лепшымі за астатніх на падставе таго, што нам выпала большая доля пакуты… Наста Захарэвіч трапна назвала гэта «манаполіяй на пакуты».


Чытайце таксама: Монополия на страдания, или почему у беларусов столько ненависти к другим беженцам


Насамрэч, лёсу мігранта не пажадаеш нікому, бо гэта пакута заўжды. Калі пачатковая пакута (фізічная або псіхічная) ува ўласнай краіне робіцца невыноснай, чалавек мяняе яе на пакуту іншую, на першы погляд меншую, якая ўрэшце мусіць прывесці яго да жаданага выслабанення недзе яшчэ. Самі мігранты называюць гэта «пачаць з нуля». «А так можна?», – дзівіцца тыповы беларус. Ён жа прывучаны думаць, што пакутаваць трэба выключна па месцы свайго прызначэння: «дзе нарадзіўся, там і згадзіўся». Там, дзе свая зямелька, крэдыт або кантракт…

На шчасце, не ўсё так адназначна. Самі беларусы ў ХХ стагоддзі становяцца мігрантамі: перасяляюцца ў Сібір, у ЗША, у Аргенціну (як, прыкладам, мае продкі), а пасля другой сусветнай вайны ўжо раз’язджаюцца па ўсім свеце. (Акурат гэтая антысавецкая эміграцыя звыкла лічыцца ў нас яшчэ прымальнай, бо беларускі «фундаменталіст» можа яе «апраўдаць» ідэйнымі прычынамі.) У савецкія часы беларусы вандруюць за працай на Усход, у постсавецкія пачынаюць эміграваць збольшага на Захад, і ўрэшце паўстае сучасная сусветная дыяспара, якая выявіла сябе ў 2020-м годзе. Той жа год прынёс і найноўшую хвалю беларусаў-уцекачоў у суседніх з Беларуссю краінах. Заканамерна, што сярод беларусаў, якія апынуліся за мяжой, стаўленне да мігрантаў у цэлым больш спагадлівае.

Тым часам для людзей, якія любяць у жыцці стабільнасць і непахісныя каштоўнасці ды арыенціры, увесь гэты «варушняк» азначае размыванне іхняга звыклага свету. І гэта таксама прычына нелюбові беларусаў да мігрантаў як да парушальнікаў спакою, гэтым разам не столькі знешняга, колькі ўнутранага: яны раптоўна ператвараюцца ва ўвасабленне ўсяго, што ў гэтым свеце «не так». Паходжанне «прыхадняў» – з Блізкага Усходу ці не блізкага – мяркую, не іграе ў гэтым надта вялікай ролі. Проста прыкра, калі гадамі ходзіш па вуліцах з лозунгам «Беларусь у Еўропу», а ў Еўропу замест цябе трапляе нехта зусім іншы. Прычым з заяўленай падтрымкай з боку беларускага рэжыму, які сам «сваю» краіну ў Еўропу не пусціць нізавошта: наадварот, зробіць усё, каб яна засталася ў цесных абдымках «рускага міра». Што казаць, ім нават нашы дрэвы дазваляюць сячы! – тым часам як беларусаў арыштоўваюць і судзяць за кеды і шкарпэткі «няправільных» колераў. 

«Вам можна, а нам не?» Выходзіць, што беларусы ўва ўласнай краіне – «грамадзяне другой катэгорыі»? Не-не, усё прасцей: беларусы ўва ўласнай краіне – не грамадзяне, а падданыя. 

Вось гэта і ёсць сапраўдная прычына «рэсентыменту» некаторых беларусаў да мігрантаў. Каб унутрана абгрунтаваць гэты рэсентымент, натуральна, трэба апісаць іх самім сабе як «халяўшчыкаў», прыхадняў, памагатых рэжыму, ворагаў Захаду і гэтак далей. Бо калі прызнаць, што сапраўдным раздражняльнікам (як і віноўнікам) у гэтай сітуацыі ёсць усё той жа рэжым, то давядзецца задацца пытаннем: а што мы можам з гэтым зрабіць? І калі мы – нічога, то, можа, прынамсі Захад? І тут Меркель звоніць Лукашэнку… і бясконцая драма надзей і расчараванняў беларусаў (не толькі ў Беларусі) працягваецца.

Ніхто насамрэч не ведае, як доўга будзе гэтая драма цягнуцца – ані драма беларусаў, ані драма мігрантаў на мяжы, якую рэжым у прынцыпе можа скончыць гэтак жа хутка, як пачаў, нягледзячы на ўсе свае «сэрцабольныя», нібыта «прамігранцкія», а насамрэч антыпольскія рэпартажы. У любым разе, калі мігранты застануцца ў Беларусі, нічога добрага іх не чакае. І ацэньваючы іхнюю часовую прысутнасць, не забывайма, што штучна створаны мігранцкі крызіс ужо прынёс беларусам прынамсі адну карысць: зноў звярнуў увагу свету на праблемы нашай краіны і на тую пагрозу, якую ўвасабляе дыктатарскі рэжым.

Правадыр адной старажытнай мігранцкай групоўкі, Майсей, які вывеў свой народ з рабства, напэўна, параіў бы нам усім назапасіць на доўгую дарогу дастаткова цярплівасці і ўзаемнага паразумення. У сучаснай сітуацыі маральна прыгнечаным і псіхічна вычарпаным беларусам гэта, безумоўна, даецца цяжка. Але давайце ўявім сабе, што адным са спосабаў аднавіць псіхічныя сілы ёсць часова пераключыцца са сваіх праблем на праблемы іншых людзей і па-чалавечы ім паспачуваць, а калі трэба – і дапамагчы. Да гонару беларусаў, ёсць і такія прыклады.