TOP

Святлана Алексіевіч: Раман Уладзіміра Някляева — гэта актуальнасць, таленавітасць і прадбачанне сённяшняга дня Беларусі

Свободные новости плюс ужо адгукаліся пра новы твор найвыбітнага аўтара. А што пішуць калегі? Вось невялікая падборка водгукаў.

Анатоль Рэзановіч, пісьменнік:

«Што можна сказаць пра раман «Геена вогненная»? Менавiта так, а не «Гэй Бэн Гіном» (што ў перакладзе з іўрыту і ёсць геена вогненная) хочацца мне гэты твор называць. 

Пісаць пра яго цяжка. I фiзiчна, i маральна — праўда душыць мозг, сцiскае сэрца, саромiць душу за «хату з краю», за подласць, якая «ўваходзіць у склад сяброўства». Узяць хоць бы беларускую мову, пра якую герой рамана, а на самай справе аўтар, аднойчы спытаў сябе: «Для каго я на ёй пішу?.. Калі амаль ніхто на ёй не чытае». Цяжка яшчэ таму, што адным словам пра раман не скажаш.  I сказам, а таксама цэлым газетным абзацам не абыйдзешся. I нават цэлым артыкулам. Дзiўна? Так. Але гэтую дзiўнасць добра тлумачыць адно трапнае выказванне з рамана: «У гэтай краiне даўно ўжо не разабрацца, хто жывы, а хто мёртвы».

Да чаго гэта я? А да таго, што раман «Гэй Бэн Гiном» пра нашу гiсторыю, пра народ, асабiста пра кожнага з нас. I ў гэтым усiм, i ва ўсiх — аўтар.

Спачатку я капiраваў лiтаратурную мову: «Пры жыцці гэтак радавацца яму ўдавалася рэдка, бо амаль заўсёды з радасці ўзнікала вострае адчуванне імгненнасці, матыльковай мімалётнасці жыцця, а праз тое страх, што яшчэ адзін матыльковы ўзмах — і ўсё скончыцца. Страх смерці. А тут вось яна, смерць, у табе, ты ў ёй — і няма чаго баяцца»; «Я  не хачу ўгрызацца ў маскоўскае мяса. Яно з крывёй»; «Яны селі ў рэстаране, каб развітацца — і прапілі Маскву»; «Вечна цякла вада. Вечна гарэў агонь. Вечна маўчалі камяні. І ў гэтым вечным маўчанні яны дамовіліся ніколі не паміраць»; «Віктар з ліку збіўся, якую выпівалі яны пляшку, яму станавілася хмельна, дзіўна хмельна, як тады, калі піў ён з Ганнай зёлкі ў кабінеце дырэктара антыкварнай крамы. Толькі тады сорамна не было, хоць забіты Віктар Маргер вінаваціў жывога Віктара Маргера ў смерці. А цяпер ён адчуваў сорам. Неяк так адчуваў, што не зразумець было: гэта ён, жывы Віктар Маргер адчувае сорам перад забітым, ці забітаму сорамна за жывога?»; «Брэжневу тое, што Грачын сказаў Ганне, не спадабалася. — А чаму не? Чаму мы з табой можам селядзец з газеты есці, а яна не?.. Вось ты можаш? — спытаў ён Віктара, і калі той, не разумеючы, як гэта так… адзін  — першы чалавек у краіне, другі — таксама не апошні, а п’юць і закусваюць на газеце, як муляры пасля змены ў бытоўцы, кіўнуў: маўляў, так, магу, — Брэжнеў наліў яму рэшткі недапітай гарэлкі. — Я ж казаў, што малайчына! З гранёнай шклянкі п’е і селядцом з газеты закусвае»; «Каралевіч пачухаў патыліцу. Ён кожны раз чухаў яе, калі хацеў паказаць, што моцна задумаўся. — Куды табе раніцай?.. У ЦК? Дык нармальна. З могілак у ЦК — нармальна. Зрэшты, як і наадварот…»

Потым я зразумеў: «Не, так не пойдзе, мовы мала…» Нешта падобнае ў мяне было, калi я першы раз прачытаў Бiблiю. Тут я не параўноўваю — грэх. Але згаджаюся з аўтарскiм сцвярджэннем: «Не ўсё спраўджваецца не толькi ў людзей, але i ў Бога».

Раман, зразумела, аўтабiяграфiчны. I гэта робiць яго асаблiва цiкавым. Але не для тых, хто любiць дэтэктывы, а для тых, хто думае. Наогул, на мой погляд, гэта праца не для школьнiкаў, нават не для студэнтаў, хоць я жадаю iм для развiцця менавiта такiя лiтаратурныя творы. Гэта раман для нас, сённяшнiх беларусаў. Для тых, хто зразумеў, што так жыць нельга. Што ёсць жыццё i iснаванне, годнасць i прынiжэньне, свабода i рабства. Раман «Гэй Бэн Гiном» — твор аб рэальным часе, хоць героi ў iм жывуць у розных часовых прамежках, раман пра нашы справы i ўчынкi, думкi i пачуццi, нарэшце, гэта раман пра адвагу i страх, пра простага чалавека i Бога. Гэта раман-фiласофiя, раман-папярджванне, раман-прадсказанне. Гэта той твор, якi павiнен быў быць напiсаны. Гэта шэдэўр. Але каб зразумець гэта, трэба, паўтараю, дарасцi да гэтага рамана».

Мікалай Галко, журналіст:

«Раман ”Гэй Бэн Гіном” – гэта большае, чым раман. Вялікае творчае дасягненне, перамога, прад’ява свету беларускай трагедыі і велічы». 

Леанід Дранько-Майсюк, паэт:

«Беларуская паэзія XX стагоддзя пачалася з паэм Янкі Купалы «Курган» і Якуба Коласа «Новая зямля». А беларуская паэзія XXI стагоддзя пачалася з паэм Уладзіміра Някляева «Ложак для пчалы» і «Паланэз». Беларуская проза XX стагоддзя пачалася з рамана Кузьмы Чорнага «Сястра». А беларуская проза XXI стагоддзя пачалася з рамана Ўладзіміра Някляева «Гэй Бэн Гіном»».

Святлана Алексіевіч, пісьменніца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі:

«Адна з асноўных тэм рамана Уладзіміра Някляева “Гэй Бэн Гіном” (“Геена вогненная”) – знішчэнне савецкай уладай народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, а разам з ім многіх і многіх беларускіх літаратараў, паэтаў і празаікаў, якіх арыштоўвалі, расстрэльвалі толькі за тое, што яны былі беларускімі пісьменнікамі і намагаліся захаваць, уратаваць ад знішчэння нацыянальную мову, культуру, літаратуру. Сёння, калі ў Беларусі масавыя, як у сталінскія часы, рэпрэсіі, калі тысячы людзей кінуты за краты, калі дыктатарскі рэжым ваяўніча наступае на ўсё нацыянальнае, калі амаль не засталося беларускіх школ, калі зліквідаваныя ўсе, уключна з Беларускім ПЭН-цэнтрам і Саюзам беларускіх пісьменнікаў грамадскія арганізацыі, калі Беларусь ператвараецца фактычна ў расійскую губернію, раман Уладзіміра Някляева, напісаны з прадбачаннем тых працэсаў, што адбываюцца сёння ў Беларусі, вельмі актуальны. Да ўсяго ён мае найвысокую мастацкую каштоўнасць, што абумоўлена талентам аўтара, аднаго з найвыбітных сучасных беларускіх літаратараў».


Раман Уладзіміра Някляева «Гэй Бэн Гіном» («Геена вогненная») выдадзены ў Польшчы. На беларускай мове. Прэзентацыі рамана адбудуцца ў васьмі найбуйнейшых польскіх гарадах. Дзве пройдуць у Вільні. Гэта першы беларускі літаратурны праект такога кшталту: для беларусаў, якія змушана аказаліся ў эміграцыі, і якіх аўтар запрашае на сустрэчы.

Расклад прэзентацый:

25.11., чацвер, Кракаў – Willa Decjusza, ul. 28 Lipca 1943 17a, godz. 18:00

26.11., пятніца, Вроцлаў – Wrocławski Dom Literatury „Klub Proza”, Przejście Garncarskie 2, godz. 18:00

27.11., субота, Познань – Centrum Kultury Zamek Sala Wielka, ul. Św. Marcin 80/82, godz. 16.00

28.11., нядзеля, Гданьск – Miejski Teatr Miniatura, aleja Grunwaldzka 16, godz. 15:30

29.11., панядзелак, Варшава – Dom Białoruski, ul. Kryniczna 6, godz. 18:00

30.11., аўторак, Лодзь – Dom Literatury, ul. Franklina Delano Roosevelta 17, godz. 18:00

01.12., серада, Беласток – Podlaski Instytut Kultury, ul. Św. Rocha 14 (Spodki), godz. 17:00

02.12., чацвер, Бельск Падляскі – Bielski Dom Kultury, ul. 3 Maja 2, godz. 17.00

03.12., пятніца, Вільня – Саюз пісьменнікаў Літвы, вул. К. Сірвідо 6 (К.Sirvydo 6), 17.00

04.12., субота, Вільня – Беларускі дом, Vilniaus g. 20, 17:00


Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.