TOP

Набыць дом у вёсцы. Дзеля чаго? Не прагматычны – тонкі погляд

Чыстая праўда – калі набываеш дом у вёсцы, разам з ім нібы набываеш і ўсё наваколле.

Крэва. Фота Міколы Волкава

Фота Вольгі Бабковай

Вядома, мясціны бываюць розныя – з блізкай рэчкай ці возерам па суседству. З мураванай крамай ці аўталаўкай па серадах. У атачэнні лесу ці каля поля. Істотна адно, тут – не шчыльная дачная грыбніца, дзе на невялічкіх лапіках зямлі складана ўнікнуць пільнага суседскага вока.

Вёска здольная пашырыць уласны далягляд. Яе памер можна вызначаць, напрыклад, па колькасці кароў у тутэйшым статку. У нашай вёсцы, якая з кожным летам робіцца ўсё больш роднай, усяго тры каровы і адна грунтавая дарожка. У суседніх Ракаўцах па асфальце на пашу брыдзе з пастухом цэлы статак. Часам на каровіны рогі навязваюць пярэстыя ласкуты ці то ад старога фартуха, ці ад зношанай паркалёвай спадніцы. Каб не памыліцца.

Цяжка даць веры, але домік у вёсцы з казачнай назвай Вавукі мы набылі не вагаючыся і доўга не выбіраючы. Хіба толькі зазірнулі ў адзін стары прыгажэнны дом з «прычолкам» на даху, што так прывабна стаяў на ўзвышшы ў блізкім Крэве. Але дом аказаўся занадта вялікім, а кавал зямлі такім агромністым, што было ясна – сюды трэба засяляць сям’ю асілкаў. Тым больш мілым падаўся невялікі і даволі хліпкі вясковы дамок з шаснаццаццю гектарамі зямлі навокал, якая выцягвалася ўгару, дзе пачынаўся лес на крутых узгорках, частка якіх мела прыроднае паходжанне, а частка была зарослымі акопамі ды варонкамі Першай сусветнай. Дык вось, стоячы на ўзвышшы і аглядаючы далягляд, сумневаў пра набыццё дамка не заставалася. У той майскі дзень знаёмства з вёскай, з домам і наваколлем свяціла сонца і квітнела ўсё, што толькі магло квітнець. Гаспадароў на гэтай зямлі не было некалькі гадоў, таму слядоў ранейшых градак ці дагледжаных клумбаў не праглядалася таксама. Па ўсім падворку слаўся адно дзьмухаўцовы кілім.

Фота Вольгі Бабковай

У дамку пахла мышамі, вільгаццю і старымі рэчамі ўзору 1970-х. Старая мэбля савецкіх часоў, вывезеная з горада, навекі змоўклы насценны гадзіннік (на жаль, яго не ўдалося вярнуць да жыцця), рыззё. Гарышча было завалена старымі трантамі, сухімі гнёздамі шэршняў і вос. У фанернай скрыні каменная соль ператварылася ў велізарны нязрушны камень. Тут жа ў торбачцы знайшліся крохкія калядныя цацкі на ялінку, таксама познесавецкага часу. Зверху на нас глядзелі парэпаныя гонты, якімі калісьці быў крыты дах.

Штосьці з рэчаў раздалі, ад чагосьці пазбавіліся. Праз лета дамок знутры было ўжо не пазнаць. Яшчэ не ставала духу замяніць дах, але ж так хацелася хутчэй пачаць жыць у доме! Майстры, якія дапамагалі давесці дамок да ладу, былі тутэйшыя, з бліжэйшых гарадоў – Крэва, Смаргоні, Ашмянаў. Прыязджаў нават Вінцэсь з Івянца, каб паглядзець, што можна зрабіць з нашымі вокнамі, але прызнаўся, што такіх крывых яшчэ ніколі не бачыў. У доме быў камін, што застаўся ад апошніх гаспадароў з 1990-х. Прывялі да ладу і яго. Дарэчы, першае, што зрабілі на падворку – пляцоўку для вогнішча. Абклалі камянямі, якіх тут, у вёсцы – нямерана. Гэткае месца сілы па начах, калі Птушыны шлях над дахам, Вялікая Мядзведзіца – над старым свірнам, Юпіцер над кромкай лесу справа, Венера над лесам за спінай… і вогнішча павольна перацякае ў прысак.

Фота Вольгі Бабковай

Мушу адразу папярэдзіць – зямля тут радзіла адно яблыкі, кабачкі і кроп. Першы і апошні ўраджай бульбы пагрызлі мышы. Сланечнікі таксама. Затое тут – высачэзныя мальвы, агромністы шар гартэнзіі, яшчэ большы куст язміну пад вокнамі і… магчымасць маляваць.

У вёсцы стала жывуць толькі некалькі сем’яў, астатнія не застаюцца на зіму. Таму частыя госці ўзімку – зайцы, лісы, казулі ды лясныя крумкачы. Лес тут паўсюль. Кажуць, раней ён падступаў пад самую вёску, а пасля адступіў. Прадзеды ды дзяды старажылаў знаходзілі ў навакольным лесе жахлівыя сляды з часоў Першай сусветнай. У вёсцы стаіць жалезны крыж над братэрскай магілай палеглых у баях, памерлых у лясах ад газавых атак.

У вёсцы растуць высачэзныя чарэшні і агромністы граб «Зачапі хмару». Каля недалёкага пакінутага хутара пабачыла стары каштан – бадай адзіны пакуль на гэтым абшары. Калі ісці ў вёску з боку Крэва па старой крэўскай дарозе, пазначанай яшчэ на старых мапах, то будзеш праходзіць узбоч двух цыбатых ветракоў – нашай навакольнай адметнасці. Іх роўны гуд можна пачуць нават у вёсцы, калі толькі яго не заглушаць спевы конікаў ды трэск цыкад.

Фота Вольгі Бабковай

У Вавуках мала людзей, затое з блізкімі суседзямі пашанцавала. Добрыя, гаспадарлівыя, зычлівыя. А насупраць жыве вясковая старажылка – бабуня Ганна. Гэта яна распавяла пра выдатнага музыку-скрыпача, які жыў тут у міжваенны час і пасля вайны – Антона Печкура. Тады вёска гучала на ўвесь белы свет! Кажуць, «гучней было за Смургоні!». Распавядала, як жылося тут пры паляках, пры немцах, пры саветах. Вырак адзін – «праўды ні пры кім не было». Ад бабуні я даведалася пра самую першую гаспадыню нашага дома – Кацярыну Грывіцкую, якая валодала дарам знаходзіць згубленыя рэчы. Да яе хаціны цугам ішлі людзі з суседніх вёсак, каб даведацца пра страчанае. Калі пыталіся, як яна гэта робіць, як адшуквае на адлегласці рэчы, адказвала: «Сэрца кажа». Кожнага разу бабуня Ганна дорыць мне штосьці са сваіх скарбаў, бо яна ўладальніца добрай памяці і дасціпнага розуму. Ці то песенька, ці прымаўка, ці файнае слоўка. Апошнім разам праспявала пра ласёў, што прыходзілі на блізкую крынічку, пакуль калгас не асушыў балаціну.

«Што ты лосенька
Што ты сівенькі
Так цяжка ўздыхаеш
Ці ты, лосенька,
Ці ты сівенькі
Зіму цяжкую чуеш?

Чую, чую зіму цяжкую,
Як лецейка – не будзе…»

Часам думаю, што ж такое «прыляпіла» мяне да гэтай зямлі, дзе ніколі не мела крэўных сваякоў? Магчыма, само Крэва сталася тым магнітам, які ўздзейнічае і на Падкрэўе, дзе туліцца паміж пагоркаў і лагчын вёсачка Вавукі. Тут настолькі слаістая насычаная знакамі прастора, што гэта адчуваецца амаль тактыльна. Варта падняцца на Юраву гару, агледзецца і ў чарговы раз пераканацца: з любога ўзвышша ў Беларусі бачная кромка лесу. І ты цяпер маеш тут, у сярэдзіне гэтага свету, свой дом.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.