TOP

Інерцыя і цвердакаменнасць абсалютнай большасці камуністычнага кіраўніцтва амаль не пакідала нам шанцаў, але…

Дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання Лявон Баршчэўскі пра распад СССР: міфы і рэальнасць

распад СССР

Снежань — сакральны месяц у гісторыі савецкай дзяржавы. 30 снежня 1922 г. на I Усесаюзным з’ездзе Саветаў былі падпісаны Дэкларацыя аб утварэнні СССР і Саюзны Дагавор. 25 снежня 1991 года прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў склаў свае паўнамоцтвы, а 26-га Вярхоўны Савет дзяржавы прыняў дэкларацыю аб спыненні існавання СССР.

Напярэдадні 30-годдзя з дня распаду мы публікуем серыю артыкулаў вядомага беларускага палітыка той пары Лявона Баршчэўскага пра апошнія месяцы існавання «чырвонай імперыі».

…Ноч на 24 жніўня 1991 года была першай пасля дзвюх папярэдніх, калі мне, тады маладому народнаму дэпутату Беларускай ССР, удалося хоць трохі адаспацца.

Тлумачу: ночы з 21-га на 22-га і з 22-га на 23-га жніўня былі збольша бяссоннымі для большасці маіх каляжанак і калег з Апазіцыі Беларускага народнага фронту. Тагачасны лідар фракцыі і ўсёй беларускай палітычнай апазіцыі прамаскоўскаму камуністычнаму рэжыму Зянон Пазняк не мог, як ён сам тады казаў, «дазволіць праспаць Незалежнасць». Фракцыя, гонар да якой меў належаць і я, ад моманту свайго канчатковага фарміравання ў ліпені 1990 года, паставіла перад сабою найважнейшую і вельмі амбітную задачу – дамагчыся стварэння незалежнай Беларускай дзяржавы ў магчыма кароткя тэрміны.

Сённяшні абазнаны маладзейшы чытач гэтых нататак падумае: «Ну і што тут такога асаблівага? Натуральна, што, калі нашы балтыйскія суседзі, а таксама закаўказскія рэспублікі і, у значнай ступені, Украіна ды Малдова пачалі рэальна выпрацоўваць падобныя планы ў дачыненні да саміх сябе, а маскоўска-расійская эліта пачала весці прапаганду на карысць «моцнай і самастойнай Расійскай дзяржавы», саюзнаму цэнтру на чале з сімвалам перабудовы Міхаілу Гарбачову так ці іначай давялося пачаць рабіць адну да адной саступкі часткова абноўленым пасля выбараў у органы ўлады саюзных рэспублік мясцовым, нацыянальным элітам».

Яно, вядома так, але…

Калі весці размову пра тагачасную Беларускую ССР, то інерцыя і цвердакаменнасць абсалютнай большасці асоб яе тагачаснага камуністычнага кіраўніцтва, як шмат каму з нас здавалася, не пакідала істотных шанцаў для здзяйснення мараў пра тое, што хоць калі-небудзь Беларусь можа заняцца пабудовай свайго ўласнага Дому. І да сёння гэты Дом, хоць і пастаўлены, але не стаіць на трывалым падмурку: тыя, хто павінны былі б быць прарабамі і майстрамі яго пабудовы, замест таго каб узяць у рукі ватэрпасы ды кельні, усё яшчэ бегаюць з гумовымі дручкамі, стрэльбамі ды гранатамі…

Тады ж, у жніўні 1991-га года, яе Вялікасць Гісторыя давала нам шанец зрабіцца яе не найгоршымі дзецьмі. Як і ў якой ступені нам удалося распарадзіцца гэтым шанцам – тэма асобнай гаворкі, але, спадзяюся, нейкія адказы на гэтае пытанне і мне, хоць бы пабежна, удасца тут пазначыць.

Пра парламенцкую Сесію Незалежнасці, што адбылася ў зале пасяджэнняў Вярхоўнага Савета ў Мінску 24 і 25 жніўня 1991 года, ужо адносна нямала напісана; самую важкую публікацыю зрабіў вышэйзгаданы Зянон Пазняк, які колькі гадоў таму падрыхтаваў разам са сваім калегам Сяргеем Навумчыкам і выдаў поўны тэкст афіцыйнай стэнаграмы гэтай больш як 18-гадзіннай сесіі.

Гісторык Аляксандр Кур’яновіч, таксама колькі гадоў таму, з дапамогай Валера Булгакава апублікаваў са сваім каментаром больш як 800-старонкавы том дакументаў пад назвай «Апазіцыя БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га склікання», дзе падзеям, звязаным з абвяшчэннем беларускай Незалежнасці ў 1990–91 гг. надаецца вельмі істотная ўвага, хоць гэтымі падзеямі абсяг зацікаўленасці гісторыка не абмяжоўваецца.

Нямала каштоўных звестак можна знайсці ў кнізе згаданага Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы». Цікава, што, наколькі мне вядома, у апошнія месяцы, робячы ператрусы ў кватэрах сённяшніх нязгодных з існуючым рэжымам людзей, карныя органы звычайна, калі знаходзяць, то канфіскоўваюць згаданыя кнігі: відаць, штосьці ім муляе, калі яны бачаць дакументы гістарычнай праўды…

У гэтых нататках я, аднак, буду спрабаваць, наколькі мажліва, паказваць некаторыя падзеі часу распаду СССР з боку, так бы мовіць, іх кулуарнага, больш ці менш прыхаванага ад вачэй вонкавых сведкаў.

Вярнуся ў сваім расповедзе крыху назад. Пасля напружаных першых дзён маскоўскага путчу старой наменклатуры, 19 і 20 снежня, калі мы, апазіцыйныя дэпутаты, або заставаліся ў будынку Дома Ураду, робячы заявы супраць путчыстаў і трымаючы пастаянную сувязь з Вярхоўнымі Саветамі балтыйскіх рэспублік і Украіны, а таксама са штабам расійскага прэзідэнта Ельцына ў Маскве, або выходзілі на плошчу (якая цяпер, у гэтым сэнсе абсалютна справядліва, носіць назву Плошча Незалежнасці), каб інфармаваць людзей, якія не баяліся туды прыходзіць і мірна пратэставаць супраць спробы новай камуністычнай узурпацыі ўлады. 21 жніўня, паводле распрацаванага намі папярэдне плану, усе дэпутаты Апазіцыі БНФ, якія выбіраліся не ў Мінску, павінны былі ехаць у тыя акругі, дзе яны выбіраліся, каб спрабаваць арганізаваць акцыі супраць путчыстаў на месцах.

Такім чынам, большую частку таго дня я правёў у маім Наваполацку, а калі туды прыйшла вестка пра канчатковы крах маскоўскага путчу, адразу ж адправіўся назад у Мінск. Калі з калегам-дэпутатам Уладзімірам Новікам (ён сядзеў за стырном нашай машыны) вельмі познім вечарам туды вярнуліся, іншыя «фронтаўцы» ўжо былі ўпэўненыя, што ў самыя бліжэйшыя дні нечарговая сесія Вярхоўнага Савета, склікання якой мы, апазіцыянеры, настойліва, але беспаспяхова дамагаліся ад самых першых гадзін пасля выступу путчыстаў у Маскве, цяпер проста мусіць адбыцца.

І, з ініцыятывы Зянона Пазняка, было вырашана не губляць ні хвіліны часу, а засесці за падрыхтоўку праектаў дакументаў да гэтай маючай адбыцца сесіі. Гэта было неабходна таму, што большасць членаў прэзідыума Вярхоўнага Савета – а менавіта гэты орган звычайна адказваў за падрыхтоўку парадку дня сесій – падчас путчу або так ці іначай падтрымала антыканстуцыйны пераварот у Маскве, або проста схавала ў галаву ў пясок і нават не з’яўлялася ў парламенцкіх памяшканнях. Таму яшчэ да надыходу начы 21 жніўня намі быў распацаваны вось такі праект парадку дня:

«— Аб дзеяннях членаў Прэзыдыума Вярхоўнага Савету БССР і службовых асобаў рэспублікі ў часе перавароту.

— Аб дзеяннях грамадзка-палітычных арганізацый у часе спробы дзяржаўнага перавароту.

— Аб наданні канстытуцыйнага статусу Дэкларацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР.

— Аб зменах у артыкуле Канстытуцыі БССР.

— Аб Саюзным дагаворы.

— Аб асноўных пытаннях парадку дня пятай сэсіі Вярхоўнага Савета БССР».

Як можна бачыць, па-за прапановамі асудзіць удзельнікаў і саўдзельнікаў путчу, галоўны акцэнт рабіўся на пытаннях абвяшчэння поўнай незалежнасці Беларусі праз наданне прынятай яшчэ ў ліпені папярэдняга году Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР сілы Канстытуцыйнага закона і прыняцці адпаведных – неабходных дзеля гэтага – змен у тагачасную Канстытуцыю БССР. Гэта быў самы кароткі, а ў тых рэальных палітычных варунках, бадай што, адзіны шлях да нашай мэты.

Аднак мала прыняць нейкі парадак дня: патрэбныя былі распрацаваныя праекты рэальных адпаведных дакументаў. І мы, апазіцыйныя дэпутаты, добра разумелі, што наяўнасць гэтых праектаў мусіла цягнуць за сабой неадкладную распрацоўку іншых праектаў, у якіх было б адлюстраванае не толькі абвяшчэнне незалежнасці Беларусі, але і першыя, абсалютна неабходныя меры для таго, каб гэтая незалежнасць была законным чынам абаронена.

Таму частка каляжанак і калег (і тут асаблівую даніну павагі трэба аддаць не толькі Зянону Пазняку, а і, напрыклад, светлай памяці Галіне Сямдзянавай, якая стала маторам гэтай працы) не марудзячы засела за падрыхтоўку праектаў пастаноў і законаў, датычных адстаўкі старшыні і Прэзыдыума Вярхоўнага Савета, забароны дзейнасці КПБ – КПСС і нацыяналізацыі партыйнай маёмасці, аб перападпарадкаванні размешчаных у Беларусі злучэнняў Савецкай Арміі, органаў КДБ, МУС і пракуратуры беларускім органам улады, кантраляваным Вярхоўным Саветам. Усё гэта павінна было набліжаць нас да таго, каб канчаткова паставіць крыж на існаванні савецкай камуністычнай імперыі.

Гэты немалы аб’ём працы быў збольшага давыкананы толькі наступнай ноччу, і адпаведныя праекты дакументаў былі перададзены ў апарат парламенцкага прэзідыума 23 жніўня. Але адна рэч – падрыхтаваць праекты дакументаў, а зусім іншая – дамагчыся іх прыняцця і, што самае галоўнае, рэалізацыі. Ды пра гэта я напішу ў наступных публікацыях…

Працяг — Частка 2, Частка 3

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.