Архітэктурная спадчына: перадача аб’ектаў мясцовага значэння на мясцовы ж узровень адказнасці
Наш суразмоўца - старшыня праўлення нядаўна ліквідаванага ўладамі Беларускага камітэта ICOMOS – супольнасці адмыслоўцаў у сферы аховы Сцяпан Стурэйка. Сярод іншага ён разважае пра ролю мясцовых актывістаў, прафесіяналаў і пасіянарыяў у аднаўленні помнікаў.
—…Сучаснае праектаванне мае вельмі шырокі інструментарый. Шмат розных эстэтычных і тэхналагічных рашэнняў. Для таго, каб паказаць помнік, нават неабавязкова яго аднаўляць.
— Як гэта?
— Напрыклад, віртуальнае аднаўленне, або сучасная канструкцыя, якая ўзнаўляе абрысы, але адчасова не прэтэндуе на тое, каб здавацца аўтэнтыкай. Гэта цікавы творчы працэс: як праэкспанаваць помнік. У Старым замку Гродна ёсць фантастычнае месца -— пакой вокнаў. Там можна ўбачыць акно часоў Рэчы Паспалітай, акно ўжо ХІХ стагоддзя, польская міжваенная сталярка… А побач — рэнесансавае акно. Яго з’яўленне — таксама цэлая гісторыя. Частку таго паверху нядаўна павінны былі дэмантаваць, але паколькі яна аўтэнтычная, у апошні момант спецыялістам удалося яе адстаяць. А вакно на сцяне суседняй вежы ўжо паспелі прабіць. Так у адным памяшканні атрымаліся чатыры напластаванні толькі па тэме вокнаў! Здавалася б, гатовая тэма, якую можна ўключыць у экскурсію!
— Рэканструкцыя Гродзенскага замка — тыповы прыклад канфлікту інтарэсаў. Гісторыкі дбаюць пра кожную дробязь, прагнучы, каб усё было як мага больш даставерна. У людзей пры пасадах іншая логіка: трэба ў тэрмін засвойваць грошы, бо інакш іх больш не дадуць. І як тут знайсці агульны назоўнік?
— Я тут вось пра што скажу. Праект Уладзіміра Бачкова, які цяпер рэалізоўваецца ў Гродна, распрацоўваўся яшчэ з канца 80-ых. Упэўнены, што калі б яго рэалізавалі ў тыя часы, грамадства было б у захапленні. Але сёння ён выглядае ўжо крыху анахранічна, бо вырасла новае пакаленне даследчыкаў, якое мае прафесійныя амбіцыі ды патрабуе права голасу.
Таму дэбаты тут непазбежныя. Лічу, большаму паразуменню будзе спрыяць паразрыстасць працэса аднаўлення. Важна, каб спецыялістам тлумачылі кожны крок, які робяць рэстаўратары, абгрунтоўвалі іх падыходы і намеры. Пара фота ў Сеціве — гэта не камунікацыя. Іншая справа – зняць добры фільм або напісаць грунтоўны тэкст экскурсіі.
— Асобная катэгорыя канфліктаў — калі аднаўленне помніка бярэ на сябе пасіянарый. Зазвычай ён робіць тое, што лічыць патрэбным, не надта прыслухоўваючыся да навукоўцаў. Стабільная мішэнь для крытыкі — дзейнасць фонду “Любчанскі замак”. З аднаго боку, там зроблена шмат і рукамі грамадскасці, з другога — зроблена, як многія кажуць, “не так” . Як вы да гэтага ставіцеся?
— Я пазбягаю простых адказаў на складаныя пытанні. І будучы “хірургам са стажам”, ужо не губляю прытомнасці ад выгляду крыві. Хаця калі б маёй парады хто запытаў, я б дэтальна патлумачыў, чаму так рабіць не след.
Думаю, да гэтага трэба ставіцца як да магчымасці назапашвання досведу, у якім ёсць і станоўчыя моманты. Ніхто не навучыцца добра нешта рабіць, калі не даваць яму магчымасці спрабаваць. Таму я лічу, што перадача аб’ектаў спадчыны мясцовага значэння на мясцовы ж узровень адказнасці — змена пазітыўная. Калегі кажуць: на месцах жа неадукаваныя людзі, вось яны ўжо панапрымаюць рашэнняў! Але насамрэч для спецыялістаў з абласцей гэта будзе выклікам. Стымулам да той жа адукацыі.
— А ці няма небяспекі, што гэты досвед будзе аплачаны непапраўнымі стратамі?
— Так, будзе. Глядзіце: на дарогах гінуць людзі, прычым штодзённа. Але гэта не адмяняе развіцця аўтамабільнай вытворчасці і будаўніцтва хуткасных трас. Адначасова ідзе паступовы працэс удасканалення правілаў. Кожнае жыццё вельмі каштоўнае, і кожная смерць у ДТЗ — гэта трагедыя. Але таксама і досвед: нехта зробіць высновы і паспрабуе палепшыць статыстыку. Калі атрымаецца хаця б на 10%, то гэта ўжо добры вынік.
— У вас вельмі рызыкоўная пазіцыя. Гэта як падтрымліваць кавід-дысідэнцтва: маўляў, таксама ж досвед. Праўда, многія антываксеры проста не паспяваюць ім скарыстацца…
— Яны не, а мы — так! Мяне здзівіла, што ў Амстэрдаме няма агароджаў на каналах. У нашай патэрналісцкай краіне даўно б ужо стаялі парканы ў рост чалавека. А там разумеюць, што пэўная ступень адказнасці стымулюе развіццё. Бо калі паўсюль агароджы ставіць… Так ніколі нікога не выхаваеш.
— Але ў Беларусі не настолькі шмат помнікаў, каб ахвяраваць імі ў рамках такога выхаваўчага працэса…
— Сапраўды, нейкія з іх могуць не выжыць, але затое лёс іншых стане больш пэўным. Калі мясцовыя ўлады вырашаць помнік захаваць, гэта будзе не сляпое і фармальнае выкананне волі зверху, а іх уласнае рашэнне — з разуменнем, чаму і навошта яны гэта захоўваюць. Бо справа ж не толькі ў тым, каб “не чапаць”: помнік трэба ўключыць ў сучаснае жыццё. А для гэтага трэба спярша зразумець яго вартасць. Іначай ніяк.
Вось так, праз падвышэнне адказнасці і праз актывізацыю камунікацыі мы паступова зможам вырашаць праблемы захавання. Я ў гэта веру і гатовы на гэта працаваць, нягледзячы нават на тыя цяжкасці, з якімі мы сёння ў палітычным сэнсе сутыкнуліся.
Станіслаў Жылінскі