TOP

Зімовая вандроўка: па лясной дарозе ў Галошава

Працягваем знаходзіць апірышча ў прыродзе і мінуўшчыне, дакранацца да гісторыі – наўпрост – рукой. Знаходзім аб'екты і аглядаем іх з усіх бакоў, праз дотык даходзіць холад стагоддзяў і адчуванне, што і да нас жылі людзі, якія пакінулі сляды. А што пакінем мы?

Зімовых вандровак не варта баяцца. Зімой добра бачна тое, што летам схаванае ў траве – добра аглядаць камяні і камяніцы.

Мы едзем у Галошава – лясную вёску на беразе возера ў Талачынскім раёне – вельмі важна не блытаць яе з Галошаўкай – чыгуначнай станцыяй.

Талачынскі раён не самы папулярны ў аматараў падарожжаў, між тым, тут ёсць на што паглядзець і атрымаць моцныя ўражанні.

Лясная дарога і карʼер

Едзем лясной дарогай, вакол старыя яліны. У Талачынскім раёне захаваліся паркі і сядзібы XIX стагоддзя.

Праязджаем кар’ер каля вёскі Лісуны на мяжы Аршанскага і Талачынскага раёнаў. Краявіды карʼеру – як для здымкаў дэтэктыву ў скандынаўскім стылі: змрочныя і загадкавыя.

Тут была калісьці найвышэйшая кропка Талачыншчыны. Некалі зусім побач, бліжэй да вёскі Дзятлава, стаяў Рагвалодаў камень, а над ім была ўзведзена капліца. Камень узарвалі ў 1930 гады, ён пайшоў на друз пры будаўніцтве новай шашы Масква-Мінск. Значна паменшаную копію Рагвалодава каменя можна пабачыць каля музея ў Оршы.

На лясной дарозе выпадаеш з часу і настройваешся на літаратурныя згадкі.

Недзе тут жыў герой гістарычнага дэтэктыву «Аўдытарская праверка ў Нясвіжы, альбо Скарб Нясвіжскага замку» – апошняга буйнога твора, напісанага класікам беларускага гістарычнага дэтэктыву Кастусём Тарасавым. Герой рамана, уладальнік маёнтку Ветрын, пасля вайны 1812 года вяртаецца ў дом дзеда, каб аднавіць яго і жыць у далечыні ад палітыкі, войнаў і ўсялякага неспакою, гадаваць карпаў у стаўку, смажыць іх і жыць у суладдзі з сабой і асяроддзем.

Кастусь Тарасаў апісвае сядзібу свайго героя так: «Цяжка пераказаць сум, які ахапіў мяне, калі замест радавога гнязда ўбачыў я руіны, ужо аблюбаваныя палыном. З усёй утульнай сядзібы ацалелі вартоўня пры каменных слупах брамы і флігель, у мірныя дні займаны эканомам. Сядзібны дом паловаю пагарэў, а мансарда згарэла цалкам. Папялішча засталося ад стайні і хлявоў, павець стаяла, але ўсе брычкі, вазкі і калёсы былі рэквізаваныя захопнікамі. Круглы кветнік перад домам зарос пустазеллем, сад прыкметна здзічэў, адбіткам запусценьня было пазначанае кожнае памятнае мне месца».

Сядзіба Цюндзявіцкіх

Сядзіба Цюндзявіцкіх у Галошаве вельмі нагадвае апісаную ў рамане Кастуся Тарасава. Быў тут і парк, і ставок з карпамі, і вялікая веранда з калонамі, з якой можна было глядзець і на парк, і на ставок, і на возера. Была ў сядзібе бібліятэка, калекцыя жывапісу і зброі – усё, як мае быць.

Гаспадары выехалі ў 1917 годзе, у савецкія часу сядзібу выкарыстоўвалі традыцыйна – тут месцілася школа. Пасля будынак занядбалі, а ў 2019 годзе наагул збіраліся зносіць, бо яна не належала да спісу архітэктурных каштоўнасцяў. Але дзякуючы таму, што інфармацыя стала публічнай, адмыслоўцы выступілі ў абарону. 23 чэрвеня 2021 года сядзіба афіцыйна ўзятае пад ахову дзяржавы, набыла ахоўны статус.

Пляменнік Цюндзявіцкіх – МІхал удзельнічаў у паўстанні 1863 года, распаўсюджваў «Мужыцкую праўду» і быў расстраляны ў Мінску ў тым месцы, дзе цяпер Галоўпаштамт. Мураваная сядзіба Цюндзявіцкіх была пабудаваная ўжо пасля паўстання – у 1897 годзе.

На шчасце сядзібу ўжо не зносяць. Але ці будуць аднаўляць? Цікава, што шматлікія панскія сядзібы, якія захаваліся пры СССР, пачалі прыходзіць у заняпад з другой паловы 1990-х. Цяпер аднаўляць іх значна цяжэй. І гэты будынак у Галошаве апынуўся ў аварыйным стане і небяспечны для наведвання – абваленыя столі, падвал… Заходзіць сапраўды страшна і небяспечна, бо альбо зверху на галаву балка зваліцца, альбо лунеш у сутарэнні.

Каля сядзібы руіны гаспадарчых пабудоваў ствараюць маляўнічыя краявіды ў духу цёмнага рамантызму, ствараюць настрой кшталту «Падзення дома Ашэраў» Эдгара По. Трэшчыны на сценах і калонах, якія падтрымліваюць дах, сухое лісце на верандзе. Ставок у парку. Панскія прыступкі да возера са светла-блакітным ільдом, дзве лістоўніцы Сукачова і чорныя таполі.

Таямнічы Крыж-Баба

На беразе возера – помнікі загіблым падчас Другой сусветнай вайны і старажытны каменны Крыж-Баба. Возера мае назву Глыбокае (такіх у Беларусі шмат). Пра Крыж існуе шмат легендаў, якіх абʼядноўваюць дзве рэчы: тое, што спачатку крыжоў было два, і тое, што крыжы гэтыя насамрэч – скамянелыя людзі. Самая вядома легенда: Пан Бог хадзіў у выглядзе старца-жабрака па Зямлі і прыйшоў у вёску, якая была на месцы возера, у вёсцы жылі людзі распусныя, злыя, негасцінныя і ніхто, апрача беднай удавы, якая жыла з сынам, не ўпусціў старца-Бога ў сваю хату. Нараніцу ён сказаў ўдаве сыходзіць разам з сынам, але не абарочвацца, вёска стала пагружаца ў ваду, жанчына не вытрымала – павярнулася, і разам з сынам пертварылася ў крыжы – вялікі і маленькі. Маленькі з часам знік, а вялікі застаўся.

Каля крыжа сустрэлі паштарку на ровары, спыталі, якія яна ведае легенды пра крыж. Спачатку засаромелася: не мае часу, бо едзе на абед, і ўсё такое… А пасля распавяла іншую версію легенды: панская дачка (ці нават жонка) закахалася ў чалавека не панскага паходжання, разам яны збеглі з сядзібы, але пан з дапамогай злога чараўніка ператварыў уцекачоў у каменныя крыжы. І зноў – быў другі крыж, мужчынскі, але з часам знік.

Яшчэ яна распавяла, што ўсе супрацоўнікі пошты ў іх прывіліся ад каронавіруса.

А вось, што распавядае пра Крыж-Бабу этнолаг, доктар мастацтвазнаўца Яўген Сахута згадвае:

«Быў я тут яшчэ гадоў 40 таму (ішоў пехам з Коханава), крыж тады валяўся на беразе. З мясцовым настаўнікам выбралі месца, дзе яго паставіць – на ўзгорку каля раздарожжа на Заазерʼе. У выніку ён апынуўся ледзь не ў балоце, на нейкім недарэчным пастаменце. Ну але добра, што хоць так, у кожным разе захаваецца. Прызнайце, гэты казённы пастамент для яго, як, выбачаюся, сядло на карове. Хапіла б невялікага ўзгорачка і мацавання каменнем».

…Запрашаю ў Галошава – месца цікавае для наведвання, бо тут ёсць лясы, возера, сядзіба, рэшткі парку і таямніца: Крыж-Баба…

Паліна Качаткова, фота аўтара

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.