TOP

Кіраўнік Беларусі загаварыў па-беларуску. Што здарылася?

Кіраўнік дзяржавы выкарыстоўвае нацыянальную рытоку, каб нівеліраваць знаходжанне расійскіх войскаў у Беларусі.

25 студзеня на ўручэнні ўзнагарод сцупрацоўнікам нацыянальнай Акадэміі навук Лукашенка загаварыў на гібрыднай беларускай мове: сказ па-беларуску, сказ – па-руску.

– Вы знаете, благодаря этим нашим безумцам бчб-шным мы, отметая все, как говорят, выплеснули и ребенка. «Беларуская мова, родная беларуская мова”. Вы павінны разумець, тое, што нас адрознівае ад другіх, гэта ёсць беларуская мова. Нам не надо от этого уходить. Нам надо подумать о том,  чтобы каждый беларус знал (пусть так слдожилось, что наш русский язык, наш, но русский язык не отличает нас от других), а беларуская мова адрознівае ад другіх. Поэтому русский язык мы знаем лучше, чем беларусский, так сложилось. Нельзя забывать свой язык. Если мы не будем знать беларусского языка, – мы не белорусы. И русский язык, и «беларуская мова» – это наше. Но «беларускую мову», мы ее не насаждаем, но мы будем стремиться к тому, чтобы каждый беларус мог разговаривать на беларусском языке. И нет здесь ничего антироссийского и так далее, – выказаўся Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік загаварыў па-беларуску. Што здарылася ў краіне? Разбіраліся разам з экспертамі.

Алена Анісім: Беларусь верыць не сказу, а паказу

Вось як лічыць грамадская дзяячка:

– Нічога дзіўнага няма: пра такія рэверансы час ад часу гаворка заходзіць. І некаторыя спрактыкаваныя палітыкі не выключалі такога развіцця падзей.

Але адна справа – сказаць дзве-тры фразы, і зусім іншая – зрабіць штосьці ў гэтым кірунку.

Гэты рэверанс можна разглядаць і як элемент таго, што зараз менавіта дзяржава будзе займацца тымі рэчамі, якімі займалася грамадзянская супольнасць – ушчэнт разваленая, знішчаная, зачыненая.

Добра было б – мы ўсе толькі за – калі б дзяржава сапраўды зрабіла ўсе неабходныя захады, каб беларуская мова рэпльна выковала свае функцыі як дзяржаўная мова. Каб і школы былі па-беларуску, для пачатку хаця б 50 на 50, а далей у адпаведнасці з перапісам і з гатоўнасцю бацькоў аддаваць сваіх дзяцей у беларускія школы. Але на пачатку – 50 на 50.

Калі ў адпаведнасці з гэтым будуць створаны вышэйшыя навучальныя ўстановы, арганізаваная рэальная адукацыя на беларускай мове, ва ўніверсітэтах, у сярэдне-спецыяльных навучальных установах, калі ў рэшце рэшт на тэлебачанні з’явіцца паўнавартасны кантэнт на беларускай мове, калі з’явяцца мастацкія фільмы, дубляваныя па-беларуску, – калі гэта будзе, то стане відавочна, што дзяржава сапраўды разумее неабходнасць развіцця нацыянальнай культуры і для гэтага робіць усё магчымае.

Калі акрамя такіх заяў, якія час ад часу гучаць, не будзе ніякіх дзеянняў, то гэта будзе проста пшык у паветра.

– Чаму Лукашэнка параўнаў беларускую мову (якая “адрознівае нас ад другіх”) з рускай? Выпадковасць?

– Можна бачыць у гэтым што заўгодна. Верагодна, гэтая фраза звязаная з тым, што беларусаў вельмі непакоіць той факт, што на Беларусі з’явілася вельмі многа расійскіх войскаў. І гэтая фраза, магчыма, выкліканая занепакоенасцю грамадзян і ўкідваецца ў публічную прастору як нейтралізацыя гэтай небяспекі, гэтых настрояў у грамадстве: маўляў, дзяржава не забывае, што мы ёсць беларусы, што мы на сваёй зямлі – мы адметныя.

– З вышыні свайго вопыту на ніве беларшчыны, вы верыце ў тое, што дзяржава зоймецца развіццём беларускай мовы?

– Ёсць вядомая прымаўка: Беларусь верыць не сказу, а паказу. Пажывём – пабачым: дзяржава мае ўсе рычагі, мае магчымасці выкарыстаць усе формы і метады, каб беларусізацыя была не трэндам, а цывілізаваным развіццём у  рэчышчы нацыянальнай палітыкі, у рэчышчы гарманічнага развіцця беларускай нацыі. Дзяржава мае для таго ўсе рычагі, але вось ці будзе яна іх задзейнічаць, ці будзе яна рухацца ў гэтым накірунку? Гаворка пра тых, хто сёння ўвасабляе дзяржаву? Гэта вялікае пытанне. Магчыма, нічога выключаць нельга.

Алег Трусаў: Сыйдуць забайкальскія салдаты – знікне і рыторыка

Дэпутат Вярхоўнага Савета Алег Трусаў адзначае, што зробленыя два пасылы. Па-першае, Лукашэнка пахваліў Пазняка, а па-другое, выступіў ў ролі абаронцы незалежнасці.

– Пакуль забайкальскія салдаты знаходзяцца ў Беларусі, такая рыторыка будзе працягвацца. Магчыма, нават атрымае практычнае ўвасабленне. Але як толькі забайкальскія салдаты сыйдуць – скончыцца і беларуская рыторыка. Праўду Лукашэнка кажа: ніякай палітыкі мяккай беларусізацыі няма. Гэта на 100 адсоткаў палітычная заява, выкліканая занепакоенасцю такой колькасцю расійскіх салдат у Беларусі, – адзначае дэпутат Вярхоўнага Савета Алег Трусаў.

Аднак ён кажа, што і гэтай магчымасцю трэба скарыстацца:

– У свой час я раздрукоўваў падобныя выказванні і развешваў паўсюль, дзе толькі можна. Сказаў Лукашэнка: «Беларускую мову», мы ее не насаждаем, но мы будем стремиться к тому, чтобы каждый беларус мог разговаривать на беларусском языке” – раздрукаваць гэтую фразу, вывесіць у школах, ва ўніверсітэтах, паўсюль. І хай хто паспрачаецца!

Параўноўваючы беларускія заявы Лукашэнкі і рэчаіснасць, Алег Трусаў падкрэсліў, што беларускія арганізацыі “ліквідоўваліся за кампанію”:

– Ліквідавалі ў Беларусі каля 400 арганізацый, з іх толькі каля 30 – беларускамоўныя. Яны патрапілі пад ліквідацыю не адмыслова – проста за кампанію.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.