TOP

«Дзядам» сёлета – 35: ад кветак ды песень да «Чаромхі» і дубінак

30 кастычніка, 1988 год. Дзяды. Затрыманне Алеся Бяляцкага

Калі прыходзіць час распавядаць пра тое, што было таемным?  Ці прыходзіць гэты час наогул? Праз колькі гадоў? Ці ўсё з часам можна распавесці? Ці ёсць веды і ўспаміны, якія лепей не выдаваць ніколі, хаця яны годныя і цікавыя?

«А ўвогуле, столькі вады ўцякло, быццам у іншым жыцці ўсё было», – кажа сябра часоў студэнцтва пра 80-я.

Пачынаючы ад чэрвеня 1986 года я працавала ў архітэктурна-археалагічным атрадзе «Верхні горад». Сябравала з мастачкай з гэтага атраду, з ёй стварылі асветніцкую беларускую арганізацыю для дзяўчат – было нас там 6 чалавек. Дзве мастачкі-керамісткі, дзве мастацтвазнаўцы, гісторык і я. Назву не прыдумлял – у мэтах канспірацыі.

Мы збіраліся ў інтэрнатах – на праспекце Машэрава, 9 у маім 548-м пакоі і ў Тэатральна-мастацкім. Рыхтавалі лекцыі па беларускай культуры, дыскутавалі, планавалі будучыню, марылі…

І адным з самых моцных тагачасных уражанняў сталі для ўсіх нас адроджаныя моладдзю «Дзяды». Сёлета якраз 35 гадоў, як тое пачыналася…

1 лістапада 1987 года. Першыя «Дзяды» ў скверы Янкі Купалы 

Нацыянальна-арыентаваная моладзь 1980-х падкрэслівала сваю еднасць і повязь не толькі з жывымі папярэднікам, але і з памерлымі, якія загінулі, былі рэпрэсаваныя, расстраляныя – «аддалі жыццё за Беларушчыну».

1 лістапада 1987 года ў Мінску адзначалі дзень ушанавання продкаў – першыя грамадскія «Дзяды».

Быў вельмі сонечны дзень з яшчэ ярка-зялёнай травой. У скверы Янкі Купалы чыталі вершы і гаварылі пра папярэднікаў, пра дзеячоў нацыянальнай культуры, якія загінулі і было ўсё зроблена, каб імёны іх сыйшлі ў нябыт. Прамаўлялі Кастусь Тарасаў, Ігар Бабкоў, Кася Камоцкая спявала, Алесь Бадак, Міхась Скобла вершы чыталі. Паэт Анатоль Сыс пасля свайго выступу зачытаў прозвішчы расстраляных і рэпрасаваных дзеячоў культуры. Прамаўляў таленавіта, узнёсла, для ўсіх згаданых пакутнікаў знаходзіў асаблівую інтанацыю. Гэты спіс у гукавым запісе яшчэ доўга «хадзіў па руках».

1 лістапада, 1987 год, Мінск, Купалаўскі сквер, выступае Анталь Сыс, фотаздымак МІколы Крывальцэвіча

Памятаю, як яго праслухоўвалі гомельскай «Талакой» – на бабінным магнітафоне, у падвале, былым бомбасховішчы. У сутарэнніі голас паэта гучаў не проста неяк асабліва выразна, а яшчэ і больш таямніча…

Ці захаваліся падобныя запісы? У мяне такое адчуванне, што неяк чула ізноў гэты запіс. Але – дзе? Шаноўныя, можа вы нешта такое ведаеце?

У кастрыніку 2020 года паэт і журналіст Мікола Канановіч згадаў: «Калі Анатоль дачытаў спіс і стаў сыходзіць, да яго кінуліся двое, Сыс пабег. Тыя за ім, але хіба такога догоніш! Выступоўцаў было шмат, але беглі тады толькі за Сысом. Мне гэта вельмі ўелася ў памяць».

Пісьменнік Кастусь Тарасаў таксама пакінуў свае ўспаміны:

«У 1987 годзе мяне папрасіла дзяўчына, каб я выступіў на мітынгу, які праводзяць «Тутэйшыя» і «Талака» ў скверы Янкі Купалы. Да гэтага ніякіх яўных мітынгаў у Менску, якія праводзіліся некамсамальскімі моладзевымі аб’яднаннямі, не было. Колькі збярэцца людзей мітынгаваць, дзяўчына, якая патэлефанавала мне, не ведала, можа быць, 100 чалавек.

Мітынг быў прызначаны на 1 лістапада, на вядомыя, але ніколі не адзначаемыя Дзяды. Выступалі са мной Пётр Садоўскі і Анатоль Сыс. Садоўскага я паважаў за філасофскае мысленне, добрую моўную адукаванасць, веданне фальклорных песень. Сыс падабаўся як выбітны майстар верша. І абодвух я шанаваў за ўвагу да беларуской культуры.

Мы прыйшлі да помніка Купалу а 12 гадзіне. На мітынг сабралося чалавек трыста, усе былі ўсхваляваныя, таму што ніхто не ведаў, ці будзе там міліцыя або група людзей у цывільным, якія з жорсткасцю разагналі 15-летніх дзяўчат за спеў народных песень на «Гуканне вясны» летась.

Перад помнікам памост, пастаўлены яшчэ ўлетку на свята паэзіі. Многіх я ведаў па сваёй журналісцкай дзейнасці, але палова была незнаёмая. Далёка ад усіх высіўся першы сакратар Менскага гаркама КПБ.

Мітынг пачаўся чытаннем вершаў Янкі Купалы, потым прапанавалі гаварыць мне. «Дзяды» было тым словам, якое аб’ядновала ўсіх ахвяраў народу. Я сказаў пра рэпрэсіі супраць беларусаў за ўсю шматвяковую гісторыю. Гаварыць трэба было гучна, узмацняльніка гуку ў нас не было. За некалькі хвілін я пералічыў усе ахвяры, якія ведаў: ад Люблінскай уніі, Патопу, трох расійскіх падзелаў ды савецкіх рэпрэсій 30-40 гадоў.

Пасля выступаў Сыс, лідар “Тутэйшых”, яму было 27 гадоў. Ён прачытаў свой верш «Маналог «Тутэйшага» і ў мёртвай цішыні стаў зачытваць спіс расстраляных сталінскімі карнікамі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.

Надыйшла чарга Пятра Садоўскага. Ён вылучыў для свайго выступу вельмі балючую тэму — параўнаў колькасць забітых у вайну немцаў і колькасць забітых у вайну савецкіх людзей. Гэтая розніца ў 10 мільёнаў чалавек усіх уразіла, з гэтых невядомых 10 мільёнаў, мабыць, расстралялі нашы энкадэвісты.

Напрыканцы маладая Кася Камоцкая пад гітару выканала тры песні, чым выклікала авацыі ва ўсіх, акрамя прадстаўнікоў партыйных органаў.

1 лістапада, 1987 год, МІнск, Купалаўскі сквер, выступае Кася Камоцкая, фотаздымак МІколы Крывальцэвіча

На гэтым афіцыйная частка мітынгу завяршылася, але каб не засталося «шкоднага меркавання» пачалася дыскусія, у якой з прамовамі звярнуліся да мітынга Анатоль Майсеня, Васіль Зуёнак, а пасля ўсё астатнія, не жадаючыя змірыцца з імі за тэндэнцыйныя погляды

30 кастрычніка 1988 года. «Дзяды», што прагучалі на ўвесь Савецкі Саюз

Гэта быў першы мітынг у рэспубліцы, брутальна разагнаны з выкарыстаннем спецсродкаў – слезацечнага газу «Чаромха» і дубінак. Вадамёты стаялі каля Маскоўскіх могілак, але не былі задзейнічаныя. На «Дзяды» 1988 года ўпершыню быў ўзняты бел-чырвона-белы сцяг.

Пра акцыю паведамлялі аб’явы, якія клеіліся на слупах, у навучальных установах і прадпрыемствах. Я сама, дарэчы, «упрыгожвала» гэтымі агіткамі Кастрычнцікую і стадыён «Дынама».

 У абвестцы было напісана:

«Увага! Увага! Увага! Таварыства маладых літаратараў пры СП БССР «Тутэйшыя» 30 кастрычніка (нядзеля), у 14 гадзін ладзіць Дзень памяці продкаў, мітынг памяці продкаў».

Клеіла гумовым клеем, цюбік дзеля канспірацыі трымала ў рукаве. І ён быў ушчэнт сапсаваны…

Памятаю, як выйшлі з метро «Усход» і пабачылі натоўп людзей з кветкамі і добра апранутых, якія рушылі ў бок Маскоўскіх могілак. Памятаю, як Алеся Бяляцкага круцілі-затрымлівалі на скрыжаванні вуліцы Каліноўскага і праспекта Леніна. Першы раз бачыла затрыманне па палітычных матывах. Мы кінуліся да міліцэйскай машыны і заўважылі на вачах Бяляцкага слёзы. Падумалі, што яго збілі, але насамрэч быў скарыстаны слезацечны газ.

На той час Алесь Бяляцкі з’яўляўся старшынёй Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя» — моладзевай «нефармальнай» арганізацыі маладых пісьменьнікаў, якая дзейнічала ў 1986-1989 гадах. Менавіта ад яе была пададзеная заяўка на правядзенне «Дзядоў-88». Гэта быў адзін зь першых масавых мітынгаў мірнага пратэсту на савецкай прасторы. Алесь зьяўляўся суарганізатарам і ўпершыню быў затрыманы міліцыяй.

У той жа дзень ён падрабязна занатаваў здарэнне – гэта можна лічыць правобразам будучых «Аглядаў-хронік парушэння правоў чалавека ў Беларусі»:

«Я рвануўся, але яны ўтрымлівалі мяне, ды і не ўцячэш, бо вялі пасярэдзіне Каліноўскага, увесь народ стаяў па бакох і глядзеў. З вачэй цяклі слёзы, і з носа таксама. Нейкі новы міліцыянт заламаў мне руку. Я ўбачыў разгублены твар Клімковіча з кветкамі ў рукох. Мяне папёрлі да «газіка» праз Ленінскі праспект. Там ля яго стаялі Някляеў са Станютам. (…) Я паспрабаваў пасміхнуцца. Вось была, мусіць, карціна — мокры твар і скрыўленая пахмылка. Потым мы развярнуліся — яшчэ ж адное арыштанцкае мейсца заставалася вольным.

Тут мяне ўбачылі філфакоўкі, пазналі і непрыкметна паляпалі па шкле далонямі. Мяне гэта вельмі падтрымлівала. (…) У міліцыі Першамайскага раёна злы на мяне міліцыянт напісаў пратакол, у якім сцвярджаў, што я выкрыкваў антысавецкія лёзунгі. Калі старлей (старшы лейтэнант) даведаўся, каго я прадстаўляю (Таварыства маладых літаратараў, аспірант), пратакол быў перапісаны, і зноў за подпісам сьведкаў. Вось так рэчы! Скончылася тым, што мой інтэлігентны выгляд і спакойная размова ў судзе абышлася толькі ў 200 р. Хаця маглі як арганізатару ўляпіць і 15 сутак».

30 кастычніка, 1988 год, цісканіна каля Маскоўскіх могілак

Ад сябе дадам: цісканіна каля Маскоўскіх могілках была тады такая, што як у жаху успомніла пра Хадынку і пахаванне Сталіна. Мы з аднагрупніцай з Моталя Аленай Кульбедай схапіліся адна за адну, каб не зваліцца пад ногі натоўпу. І тут жа пабачылі вадамёты. Нешта паляцела над натоўпам, падобнае на ляльку, і пачуўся крык „Правакацыя!”

Такое выразна памятаецца і праз 35 гадоў…

                                                                                                               Паліна Качаткова

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.