TOP

“Арт-Мінск”-2022: што засталося пасля цэнзурнай чысткі?

Калі вы з’яўляецеся сталым наведнікам мастацкай выставы “Арт-Мінск”, то ведаеце: наўрад ці яна можа чымсьці здзівіць. З году ў год нам дэманструюць традыцыйныя пейзажы, эксперыментальныя спробы, якія ў памкненні да дзёрзкасці застраюць на палове шляху, і фірмовыя нацюрморты Скарабагатай.

Часам здараюцца падзеі. Напрыклад, у 2019 годзе апальны і беглы цяпер Аляксей Кузьміч зладзіў перформанс “Творца без яец”: раскідаў па залі маніфест, а затым у форме дворніка стаў яго падмятаць, і ўсё падчас пафасных прамоў на адкрыцці выставы. Аляксей патлумачыў, што “даследаваў кантэкст і сістэму правядзення фестывалю” і “зразумеў яго глыбокую камерцыйнасць”. Таксама акцыяніст агучыў меркаванне, што беларусы не столькі пакутуюць праз цэнзуру, колькі праз самацэнзуру.

Арт-Мінск-2022 пацвердзіў гэтую думку: каля 40 мастакоў знятыя з выставы напярэдадні адкрыцця. Чаму? Афіцыйны бок сцвярджае, што яны не прайшлі адбор (што гучыць адкрыта камічна – некаторыя работы знялі пасля абвяшчэнне ўдзельнікаў). Неафіцыйнае і праўдзівае тлумачэнне – існаванне “чорных спісаў” і скаргі пільных “ябацек” у Міністэрства культуры.

Узнікаюць два пытанні: што засталося на выставе пасля зачысткі і чым адметныя работы, з яе знятыя? Сёння паспрабуем адказаць на першае.

 

Копець Марыя, “Need money for art”

 Пейзаж як сімвал імпатэнцыі

Пачаць трэба з таго, што праблема Арт-Мінска не столькі ў цэнзуры, колькі ў другаснасці, банальнасці мастацкага выказвання, а часам увогуле ў яго імітацыі.

Варта задацца пытаннем, што такое Арт-Мінск: выстаўка дасягненняў ці шараговы зрэз гадавога наробку? Новы крок, які разгортвае перспектыву, – ці фармальная галачка ў працадзейнасці Палаца мастацтва?

Арганізатары дэкларуюць наступнае:

“Фестиваль искусства «Арт-Минск» проходит с 2018 года и является одним из крупнейших выставочных проектов в стране. Фестиваль создан с целью украсить культурную жизнь города и представить наиболее актуальные направления художественной арт-сцены. […] Выставочное пространство выстроено кураторами для наиболее полной репрезентации актуальных стилевых направлений”.

Асабліва мне падабаюцца ў гэтай фармулёўцы дзве рэчы. Па-першае – мэта “украсіць культурную жызнь”, якая нагадвае 8 сакавіка з абрыдлым віншаваннем жанчын як упрыгожаннем калектыву. Фактычна арганізатары пацвярджаюць думку Аляксея Кузьміча пра глыбокую камерцыйнасць; мэта мастацкай выставы ўтылітарная – прадаць “красівае”. Яно само па сабе някепска, канечне, але ў такім разе не трэба ўводзіць гледача ў зман і называць гэта мастацтвам; назавіце падзею кірмашом – усе будуць задаволеныя.

Другі нюанс – гэта “актуальныя накірункі”.

Вось традыцыйны пейзаж. Абавязковы складнік кожнага Арт-Мінска, у якім, канечне, благога нічога няма. Я, напрыклад, люблю пейзажы Валерыя Шкарубы, і на сёлетнім Арт-мінску былі работы, якія яму наследуюць (Юлія Мацура, больш аддалена – Антон Вырва). Звяртаюць на сябе ўвагу далікатныя работы Кацярыны Кошчанка і “Вясна” Сяргея Пісарэнкі.

Праблема ў іншым: што нясе гэтае выказванне, калі мы глядзім на Арт-Мінск як на прэзентацыю новага?

 

“Вясна” Сяргей Пісарэнка

 

Мне ўсё ж хочацца разглядаць мастацтва не як фабрыку дэкарацый, а як вяршыню чалавечага мыслення, стварэнне новых алгарытмаў мыслення праз разбурэнне старых, закладанне новых сэнсаў; засвоіўшы новую ідэю і “перастрававаўшы” яе, масавы спажывец уздымецца ў духоўным і інэлектуальным жыцці яшчэ на адну прыступку, гэта схема старая як свет.

З такога пункту гледжання Арт-Мінск церпіць фіяска: ён не дае новага, а радасна дэманстуре, наколькі добра моладзь засвойвае старое; тымчасам сталае пакаленне займаецца аўтаплагіятам. Ёсць выключэнні, але яны пацвярджаюць правіла.

Бяскрыўдныя алейныя бярозкі, капіяванне старых майстроў, оды беларускай прыродзе – усё гэта сведчанне творчай імпатэнцыі актуальнага (калі казаць пра час) мастацтва Беларусі.

І тут размова ідзе пра больш складаны, ідэйны ўзровень. А ёсць яшчэ і “нізшы”, чыста тэхнічны, і нават з ім узнікаюць праблемы. Напрыклад марыны Глорыі Ран, якія іначай як “слязьмі Айвазоўскага” не назавеш. Што паказальна, адну з ейных работ купілі.

 

Глорыя Ран, “Акіян”

Свіная галава супраць Музы

Другі “актуальны кірунак” Арт-Мінска – графіка. З году ў год мы назіраем работы, якія просяцца ў кнігу як ілюстрацыі або ў гасцявы альбом на памяць, але самастойнымі не выглядаюць. Сёлетняе выключэнне – дыптых “Адам і Ева” Марыі Сыракваш, адметны прыцягальнай дысгармоніяй.

Трэцяя катэгорыя – партрэты, і тут вы абавязкова ўбачыце прыгожых жанчын. Жанчына ў роздуме, жанчына ў тузе, жанчына ўва сне, жанчына ў жарсці, аголеная жачына (часам – усё разам). Зрэшты, акурат сёлета я не заўважыла работ у стылі ню, якія так любяць дэманстраваць сталыя мастакі мужчынскага полу. Нават не ведаю, ці гэта прагрэс, ці нагода для трывогі.

Затое хапае Муз рознага кшталту – апафеоз пошласці.

У добрым сэнсе я для сябе адзначыла трох аўтараў – Юлію Дранец, Юлію Цярэшка і Андрэя Пічушкіна. Юлія Дранец выставіла “Серафіма” ў змяшанай тэхніцы; гэта нават не партрэт у строгім сэнсе, а схематычны накід керамікай; “Серафім” – доказ умоўнасці сродку выказвання.

Трыпціх Юліі Цярэшка “Інвалюцыя”, “Увасабленне” і “Паглынанне” прымушае задумацца пра расчалавечванне і нябыт; грубыя твары як бы выходзяць са сферы гуманістычнага і вяртаюцца ў праматэрыю. Натуральна, гэта толькі інтэрпрэтацыя, глядацкая рэфлексія, але яна прынамсі ўзнікае – у адрозненне ад рэакцыі на большасць выстаўленых работ.

Андрэй Пічушкін адзначыўся кіслотным “Back Door man”. Карціна пабудаваная на кантрастах: стылізацыя пад “вясковы партрэт” – але ў кіслотных колерах; дабразычлівы выраз твару – і свіная галава ў руках.

 Падобны эфект у мінулыя гады мелі работы Цемры: згадайце скандал вакол традыцыйнага бларускага строя, размаляванага чорнай фарбай, – людзі спрачаліся, акт вандалізму гэта ці мастацтва.

 

Андрэй Пічушкін “Back Door man

 

Юлія Цярэшка “Увасабленне”


Поп-арт на пенсіі

Пяты год запар на Арт-Мінску прысутнічае поп-арт, які быў новым кірункам паўвека таму, але сёння яго актуальным наўрад ці назавеш. З тым жа поспехам можна сказаць, што верлібр – эксперыментальная форма паэзіі.

А вось камерцыйна перспектыўным – так. Нездарма на ўваходзе ў галоўную залу вас сустрэне купідон з голым задам і неонавай шыльдай “Need money for art”.

І ўсё ж мой улюбёны “актуальны накірунак” – інтэрактыўныя інсталяцыі.

Сёлета мяне ўразіла “Экзістэнцыйнае практыкаванне” Надзеі Хмыль, паводле якога па нацягнутай лесцы трэба перасоўваць шарык адпаведна таму, на якім адрэзку жыцця ты сябе адчуваеш; пры гэтым вас заклікаюць прыслухоўвацца да сваіх пачуццяў. Я, напрыклад, адчула прыкрае раздражненне: калі табе прапануюць практыкаванні такога ўзроўню, успрымаць гэта іначай як халтуру складана.

 

“Экзістэнцыйнае практыкаванне” Надзея Хмыль

 

Або работа Таццяны Гомза “Дзень за днём”: скрыня з мадэллю крэсла і тэлевізара ўсярэдзіне, сама скрыня аблепленая жалезнымі скобамі з датамі – такімі звычана звязваюць пакункі з хлебам. То бок, вы разумееце: у 2022 годзе нам на поўным сур’ёзе прапанаюць падумаць пра тое, што чалавек замбаваны тэлебачаннем і пражывае “дзень сурка”.

А вось плакат “Не фотографировать” Алега Рудзіна: такі “правакатыўны” прызыў мусіць, на думку аўтара, падштурхнуць гледача да адваротнага дзеяння і ўзрушыць, навёўшы на думку пра залежнасць ад гаджэтаў. Як на мяне, такім экспанатам месца ў музеі, а не на выставе актуальнага мастацтва.

 

 

Проста зараз, пішучы гэты тэкст, я магу прапанаваць некалькі ідэй аналагічнага ўзроўню. Напрыклад: можна сервіраваць стол, паклаўшы на талеркі пластыкавыя муляжы прадуктаў, што, кіруючыся логікай куратараў выставы, змусіць гледача задумацца пра экалагічную катастрофу ў свеце. Або: выставіць у шэраг некалькі шкілетаў, апранутых у адзенне, якое сімвалізуе розныя сацыяльныя слаі, прафесіі і гендары. У апісанні канцэпцыі пазначыць, што ўсе мы роўныя, а сацыяльны канструкт – ілюзія. Або: наліць вады ў слоік і падпісаць: “Віно”. Постмадэрнізм з біблійным падтэкстам – неўміручая класіка.

Думаю, вы разумееце, што я хачу сказаць.

 

Скарабагатая: pro et contra

Штогод кожны прыстойны наведнік “Арт-Мінска” фатаграфуецца з партрэтам казы ці зайца Алесі Скарабагатай, уражваецца ейным тэхнічным майстэрствам і атрымлівае асалоду ад вытанчанай эстэтыкі ейнага нацюрморта.

Прашу зразумець правільна, мне й самой падабаюцца работы Алесі. Але мне не падабаецца, што акрамя прыгожага на выставе катастрафічна бракуе змястоўнага.

Сёлета з’явілася яшчэ і наследаванне Скарабагатай – трыптых Алеся Багданава “Дыялог казлоў”. Мастака можна зразумець: я б таксама капіявала тое, што прадаецца.

Іншая справа – работы Аляксандра Даманава. Яго серыя “Малыя галандцы” складае прамую канкурэнцыю Скарабагатай і, як бачыцца мне, у мастацкім плане перамагае. Даманаў і Скарабагатая сугучныя тэхнічна, але Даманаў дадае канцэптуальны складнік – іранічныя прыкметы сучаснасці. Стылістычна яго нацюрморты “малагаландскія”, змястоўна – сучасныя.

 

Алеся Скарабагатая, “Запасы”

 

Аляксандр Даманаў, “Сняданак”

Што да керамікі і бронзы, яна застаецца падкрэслена камерцыйнай, усім сваім выглядам напрошваючыся ў які-небудзь сучасны прасунуты офіс. У парадку выключэння можна згадаць “Another sunny afternoon” Антона Арамелева: традыцыйная для Мінска ваза “сталінскі ампір”, расфарбаваная ва ўсе колеры вясёлкі. Такі сабе адказ на процістаянне жоўта- і белавазоншчыкаў, а таксама пераасэнсаванне савецкай спадчыны Мінска: маўляў, давайце не знішчаць, а напаўняць новым сэнсам.

Другі аб’ект, варты ўвагі, – бронзавыя скульптуры Дзмітрыя Аганава пад назвай “Оруэл. Жывёльны двор. Алюзіі. Самападман”. Увагу прыцягваюць не столькі скульптуры, колькі іх назва – з улікам таго, што раман Оруэла “1984” з нядаўняга часу ў краіне забаронены да продажу.

Што да знятых з выставы работ, энтузіясты сабралі іх у альтэрнатыўным праекце “Стоп! Знята!”, які можна паглядзець па спасылцы.

                                                                                                                                            Наста Грышчук

 

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.