TOP

Рудкоўскі: Апёкшыся на Такаеве, Пуцін не будзе рызыкаваць адкрытым канфліктам з Лукашэнкам

У сітуацыі, калі вынік вайны ва Украіне няясны, Крэмль вельмі не хацеў бы апынуцца перад выбарам: або страціць Беларусь, або распачаць карную экспедыцыю супраць яе.

Лукашэнка імкнецца паказаць сябе самастойным гульцом на геапалітычным полі, не залежным ад Крамля. Што азначае патрабаванне Пуціна “паскорыць аб’яднаўчыя працэсы”? Па якіх паняццях выбудоўваюцца стасункі Мінска з Масквой?

Спыталі акадэмічнага дырэктара BISS Пятра Рудкоўскага.

– Лаўроў і Пуцін здзейснілі маштабную псіхалагічную атаку на Лукашэнку з мэтай “паскорыць аб’яднаўчыя працэсы”. Падобна, гаворка ідзе ўжо не проста пра аб’яднанне высілкаў дзеля пераадолення санкцыйных наступстваў, а пра тэрытарыяльнае аб’яднанне? Ці гэта памылковае ўражанне?

–  Сапраўды, з вуснаў Пуціна прагучала формула «объединительные процессы». Гэта было нібыта ў кантэксце развіцця супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі Беларусі і Расіі, але ўсё ж падтэкст тут добра чытэльны. Як і тое, што цягам паўгода Лукашэнку шэсць разоў выклікалі на размову да Пуціна, і ўсе шэсць разоў ён з’яўляўся. Гаворка ідзе пра нешта большае, чым інтэграцыя. Гаворка пра стварэнне Саюзнай дзяржавы ў стылі СССР, у склад якой, апрача Расіі і Беларусі, могуць быць уключаны і псеўдадзяржаўкі, якія Пуцін збіраецца стварыць на тэрыторыі Украіны.

Хоць намеры Крамля дужа чытэльныя, ёсць, аднак, адна праблемка: Лукашэнка – з чыста эгаістычных прычын – не пойдзе на «объединительные процессы». А рызыкаваць выбухам сваркі з «апошнім саюзнікам» Крэмль… хутчэй за ўсё не будзе. Што праўда, рацыяналізм, як паказалі апошнія чатыры месяцы, не ёсць моцным бокам Крамля, але цяжка ўявіць сітуацыю, у якой Крэмль – ужо апёкшыся на Такаеве падчас Пецярбугскага эканамічнага форуму – будзе рызыкаваць адкрытым канфліктам з Лукашэнкам.

Санкцыйныя выклікі – гэта рэальная праблема для абодвух аўтакратаў, але магчымасці сумеснага іх пераадолення тут невялікія. Дый што такое санкцыі ў параўнанні з вялікім геапалітычным подзвігам, які Пуцін задумаў ажыццявіць, каб прадвызначыць ход гісторыі на дзесяцігоддзі або нават стагоддзі.

– Лукашэнка прагаворвае ўласныя фобіі пра паглынанне Беларусі, прычым апелюе чамусьці да кіраўніка МЗС РФ. “Блізкія людзі”, але, відаць, крамлёўскія ўладыкі не дзеляцца падобнымі планамі нават з Лукашэнкам?

– Перакананы, што так. Думаю, на Лукашэнку аказваецца масіраваны ціск у напрамку «дэлегавання» значнай часткі суверэнітэту Саюзнай дзяржаве, што па факце будзе азначаць перадачу яе ў поўнае падпарадкаванне Расіі, з перспектывай ператварэння яе ў частку Расійскай Федэрацыі. Планамі з Минскам дзеляцца ў той меры, у якой прынята дзяліцца з васалам: яго інфармуюць пра неабходнасць аб’яднання, хутчэй за ўсё, абяцаюць захаванне ўлады ў новай структуры кіравання Беларуссю, без інфармавання пра імаверныя планы «Б» або «В» (замены ў выпадку нелаяльнасці або паглыблення незадавальнення ім з боку насельніцтва).

– Якім чынам Крэмль можа паскорыць аб’яднаўчыя працэсы?

– З таго, што памятаю, Лукашэнка казаў словы, прыпісваючы іх заходнім палітыкам: маўляў, яны спекулююць, што вось Пуцін інкарпаруе Беларусь. Але цалкам імаверна, што Лукашэнка проціпастаўляецца пуцінскаму прэсінгу вось такім – іншасказальным – спосабам. Маўляў, недругі спекулююць над тым, што Крэмль нас інкарпаруе, і што – вы хочаце пацвердзіць спекуляцыі недругаў?

– Ці мае Лукашэнка магчымасць і сілу волі затармазіць аб’яднаўчыя працэсы? Рэпліка пра тое, што ў Беларусі і Расіі досыць сіл і сродкаў для таго, каб арганізаваць транзіт грузаў у Калінінград, прычым “без усялякіх войн і напружанняў”, выбіваецца з агульнага рэчышча пракрамлёўскай рыторыкі. Як і наданне бязвізавага ўезду грамадзянам Польшчы. Гэта спроба ўнікнуць яшчэ большага абвастрэння з суседзямі?

– Бязвіз для грамадзян Польшчы – гэта спроба займець трошкі валюты, што ва ўмовах эканамічнай рэцэсіі цалкам зразумела. Ці мае Лукашэнка магчымасць і сілу волі? Я б не стаў гэта называць «сілай волі» макіявелічнае манеўраванне паміж Сцыллай і Харыбдай дзеля захавання сваёй нелегітымнай улады –нагадаю пра падтрымку расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Іншая справа – гатоўнасць ісці на многае дзеля захавання сваёй улады. Дзеля гэтага – так, ён гатовы тармазіць аб’яднаўчыя працэсы і, хутчэй за ўсё, будзе гэта рабіць. У выпадку адкрытага канфлікту – ён дужа рызыкуе, але дужа рызыкуе і Крэмль, для якога Беларусь – апошні саюзнік. У сітуацыі, калі вынік вайны ва Украіне няясны, Крэмль вельмі не хацеў бы апынуцца перад выбарам: або страціць Беларусь, або распачаць карную экспедыцыю супраць яе. Захад паказаў, што дзеля стрымлівання пуцінскай агрэсіі ён гатоў узнавіць перамовы нават з такой адыёзнай фігурай, як Нікалас Мадура. Так што у Крамля няма ніякай пэўнасці, што ў выпадку празмернага ціску на Лукашэнку ён не заключыць тактычны саюз з Захадам.

Хай сабе імавернасць такога сцэнару не дужа высокая, але калі б такое сталася, гэта быў бы апошні цвік у труну саюзніцкага кола Расіі. Вось гэтая фобія і ёсць тым абшарам, на якім можа гуляць Лукашэнка і, хутчэй за ўсё, ён на ім – з захаваннем усіх мер асцярожнасці – гуляе.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.