TOP

 “Адмова ад рускай культуры – рыса сапраўднага вяскоўца”. Працяг размовы з Уладзімірам Сцяпанам  

Уладзімір Сцяпан – майстар кароткай псіхалагічнай прозы, стваральнік трагікамічнага “сапраўднага вяскоўца” і мастак. Сёння мы працягваем размову з пісьменнікам. Гэтым разам – пра адмову ад рускай культуры і жыццё (ці смерць?) беларускай вёскі.

– Часам я прывожу сучасную беларускую літаратуру дадому, і яе чытае мая маці. Яна заўсёды наракае на тое, што чытаць нечага: няма цяпер ні Быкава, ні Мележа. Гэта даволі пашыранае меркаванне, і ў мяне да вас пытанне: ці гэта сапраўды здрабненне літаратуры ці ў сучаснасці не патрабуюцца Быкаў з Мележам? Быць можа, іх час мінуў, і сучасная літаратура проста іншая, а не горшая?

Звычайная справа, калі крычаць “няма Талстога! няма Чэхава!” А мне здаецца, што яны зараз і не патрэбныя. Проста тое пакаленне вырасла на той літаратуры, там усё зразумела. А тое, што піша вашае пакаленне, нават маё, нязвыкла чытачу. Кожнае пакаленне прыдумляе сваю мову – гэта раз. Па-другое, свае тэмы. І па-трэцяе, і самае галоўнае, светапогляд пакаленняў абсалютна розны. І гэта нармальна. Я не думаю, што Федарэнка горшы за Мележа. У плоскасці беларускай літаратуры яны стаяць на адной і той жа паліцы, толькі на розныя літары.

– Вы згадалі Чэхава. Чула ад вашых чытачоў, што вы беларускі Чэхаў. Як вам такое параўнанне?

Хацелася б, каб гэта было так. Вельмі хацелася б! Але я думаю, што нельга нават параўноўваць маштабы маёй сціпленькай асобы і асобы Антона Паўлавіча. Думаю, гэта таму, што Чэхаў пісаў кароткую прозу, і я пішу кароткую прозу. Калі б я насіў бараду і пенснэ, быў бы яшчэ больш падобны. Ну і Чэхаў – гэта іншая філасофія. Я проста яго люблю і лічу, што гэта адзін з самых лепшых аўтараў не толькі рускай, але сусветнай літаратуры. Адзін з тых, каго я перачытваю – доўга і даўно. Вось Буніна больш не перачытваю, ён мне больш не цікавы.

 – Мяркую, вы чулі, што частка беларускай інтэлігенцыі публічна адмаўляецца ці ўжо адмовілася ад, скажам так, спажывання рускай культуры – з пачаткам ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны. Тлумачыцца гэта тым, што руская спадчына заганная, усё гэта – каланіяльныя ўплывы, і мы мусім адмовіцца ад любых судачыненняў з Расіяй. У вас ёсць акрэсленая пазіцыя па гэтым пытанні?

Канечне, ёсць. Я, па-першае, думаю, што гэта рабіць зусім не трэба. Тое, што мы ведаем з сусветнай літарутуры, адсоткаў на дзевяноста восем ведаем дзякуючы рускай мове і перакладам на рускую. Хочацца лёгкіх, простых рашэнняў праблемы – а лёгкіх і простых рашэнняў праблем з культурай не бывае. Мы ўсе ведаем французскую, ангельскую, партугальскую?.. Што мы будзем чытаць?.. На беларускай мове масіў перакладной літаратуры не вельмі вялікі. Ён напрацоўваецца дзесяцігоддзямі і нават стагоддзямі. Мы не пераклалі Гамера па-беларуску лепш, чым зрабілі гэта рускія, не пераклалі Басё і Такубоку так, як зрабіла гэта Вера Маркава. Нельга проста махнуць рукой і чакаць, што руская культура адваліцца.
Мы перастанем цытаваць Мандэльштама? Яно ўсё адно застанецца ў свядомасці. Гэтыя коды ўжо прапісаныя. Магчыма, новыя пакаленні маленькіх людзей, якім цяпер два гады, пяць, можна выхаваць без рускай культуры, хаця я не думаю, што гэта правільна і неабходна. А нашае пакаленне ўжо не адмовіцца. Бахарэвіч можа гаварыць, што ён адмовіўся, Марціновіч можа гаварыць, што адмовіўся… Але гэта няпраўда. Бо гэта вельмі складана. Вялізны масіў рускай культуры – гэта музыка, і тэатр, і кіно, і ўвесь рок, і анекдоты – усё.

Я вось падумаў, што адмовіцца ад рускай культуры – гэта рыса сапраўднага вяскоўца. Яму загадалі – ён хлоп! – і адмовіўся.

– А вы можаце сказаць, што такое беларуская вёска 2022 года, – калі збіраць вобраз не з літаратурных сведчанняў, але з самога жыцця, абапіраючыся на ваш досвед і назіранні?

Сучасная вёска – гэта спроба стварыць горад у вёсцы. Ці можна ўявіць, каб вяскоўцы раней палілі сена? Ва ўсіх былі каровы, свінні, і ўсіх іх трэба было карміць. А цяпер ва ўсіх трымеры, яны абкошваюць свае соткі, ім не трэба столькі агародаў і травы. Па дзесяць разоў за лета скошваюць, і цяпер газон каля вясковых хат як у Лондане каля парламента. Цяпер у вяскоўцаў такі занятак – спаборнічаць, у каго лепш пакошаны ўчастак.
Ва ўсіх цяпер шашлык-мангал, што немагчыма было ўявіць яшчэ дзесяць-пятнаццаць гадоў таму. Вясковец імкнецца быць падобным да гарадскога. Была б такая магчымасць, закаталі б асфальтам усю вёску – каб смецце не насіць у хату, каб трава не чаплялася.
Я раней спадзяваўся, што вёска можа перарадзіцца і ператварыцца ў штосьці жывое. Што настане адраджэнне вёскі. Але вёскі ператвараюцца ў дачныя пасёлкі, і з гэтым нічога не зробіш. Па-першае, тут працы няма. Раней усім хапала працы, бо трэба было касіць, пахаць, скарадзіць, сеяць, веяць… Цяпер усё робяць машыны, робяць хутка і танна, і адзін трактар замяняе пядцьдзясят вяскоўцаў. А тыя співаюцца і выміраюць. І мараць з’ехаць у горад.
Сённяшняя вёска – гэта спроба тых, хто застаўся, жыць на гарадскі манер. Выглядае гэта  пачварна і нават трагікамічна. Я заспеў яшчэ тых людзей, якія нарадзіліся далёка да рэвалюцыі, перажылі калектывізацыі, і войны, і партызанаў, і немцаў – і гэта была іншая вёска, іншы космас. А зараз… Прырода засталася, дрэвы, пагоркі, лясы, але старой вясковай філасофіі ўжо няма. З’явілася псеўдагарадская.

– Як вы мяркуеце, магчыма спалучыць тое, што вы назвалі беларускай вясковай філасофіяй, з тэхнічным прагрэсам? Зразумець жаданне людзей жыць лепш можна (хто захоча цягаць ваду з калодзежа?..), але ці абавязкова тэхнічны прагрэс мусіць вынішчыць аўтэнтычнасць?

Ранейшы ўклад вёскі быў пабудаваны на сонцазвароце: трэба бульбу садзіць, бульбу араць, скарадзіць, збіраць, а зімой можна адпачыць. А сёння чалавек можа зрабіць сабе лета сярод зімы, адскочыўшы ў Егіпет ці Турцыю. Побач з тымі ж вяскоўцамі жылі жывёлы – коні, каровы, цяляты, свінні, куры… А цяпер замест каня матаблок з прычэпам. Гэтыя сувязі выпрацоўваліся стагоддзі. Цяпер часткі гэтага арганічнага жыцця сталі адпадаць.
Спачатку адпалі каровы – значыць, можна не будаваць плот, ніхто ў агарод не палезе. Значыць, мяняецца архітэктура вёскі, хата стаіць адкрытая, як у амерыканцаў. Гэта ўжо не беларуская вёска. Толькі ў гарадскіх з’яўляецца жаданне выгарадзіць свае соткі, давесці, што гэта – мая зямля. А вяскоўцы смяюцца: навошта ты робіш во гэты во плот, ну хто туды зойдзе?..
Знікаюць дрэвы, якія даўней садзілі ўздоўж вуліц ці каля хат. Зараз іх можна садзіць на ўчастку, там, дзе раней была бульба. Лазні будуюць іншыя, каналізацыю робяць… Але жыць у такой вёсцы, канечне, прыемна. Прастора, харашо, прыгожа. Мне падабаецца.

 – Змены ў прасторы адбіваюцца на характары вяскоўца?

Раней у вяскоўца было шмат працы. Трэба было касіць, дровы нарыхтоўваць, у калгасе працаваць, даваць скаціне… Зараз у вяскоўца шмат вольнага часу. І забава яго – паставіць мангал, насмажыць шашлык, прычым каб усім было бачна, каб музыка грымела – руская папса. Ёсць шмат часу піць, гуляць, нічога не рабіць. Ніхто з вяскоўцаў не хоча, каб іх сын ці дачка засталіся ў вёсцы. Выпіраюць усімі фібрамі душы. Не дай бог застанецца – няшчасце ў сям’і. І вяскоўцы, якія цяпер тут жывуць, якім на словах усё падабаецца, усе з задавальненнем з’ехалі б у горад. І расказвалі б пра бацькоўскі дом, які недзе там застаўся і які яны моцна любяць.
“Што ты прыехаў?” – “Я прыехаў, каб паспаць у бацькоўскім доме. Я ж тут так добра сплю! Вось пасплю – а потым паеду ў Амерыку працаваць. Буду ўспамінаць дом, гэта дае мне сілы”. Гэта рэальная гісторыя пра рэальнага вяскоўца. Вёска можа ператварыцца ў сямейныя храмы, куды гарадскія будуць прыязджаць памаліцца, справіць амаль рэлігійныя рытуалы. Яно ўжо так і ёсць. Прыязджаюць пасядзець каля грубкі, пагрэцца каля жывога агню…

– А вы самі вясковец?

Я нарадзіўся ў гарадскім пасёлку Касцюкоўка, але мяне звозілі на ўсё лета да дзеда з бабай у вёску, а вёска маленькая сярод леса, трыццаць двароў. І кароў пасвіў, і сена касіў, і дровы пілаваў – рабіў усё, што робяць вяскоўцы. Тады яшчэ вяскоўцаў было шмат, ва ўсіх па чацвёра-пяцёра дзяцей, весела, шумна, і потым усё гэта паступова рассыпалася. Пазаставаліся ў гэтых вёсках толькі старыя ці тыя, хто не мог  нікуды з’ехаць – ці калекі, ці алкаголікі, скажам, як ёсць. Іх выкарыстоўваюць, каб тыя штосьці зрабілі – пакасілі, прывезлі, выкапалі. Для іх гэта магчымасць зарабіць на пляшку гарэлкі ці віна і працягваць свой лад жыцця.

– Такое выраджэнне – гэта праблема самога часу, штосьці немінучае, ці індыкатар праблем у краіне?

Думаю, па ўсім свеце тая ж песня. Я бачыў у Іспаніі закінутыя вёскі, дзе ніхто не жыве, куды прыязджаюць на выхадныя, справіць рэлігійны абрад, выпіць вады з роднага калодзежа. У Італіі ці Швейцарыі ў некаторых вёсках мясцовыя ўлады гатовыя прыплочваць, каб людзі прыехалі і жылі. Дзяржава зацікаўленая, каб захавалася адметнасць, але калі й прыязджаюць у пакінутыя вёскі, то з іншых краін. І я не ўпэўнены, што яны ўпішуцца ў кантэкст, культуру, што яны будуць працягваць мясцовыя традыцыі. Яны прывязуць свае.

 

                                                                                                           Размаўляла Наста Грышчук

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.