TOP

Абяцанкі-цацанкі ды пагрозы для незадаволеных – гэта частка паліткамбінацыі ўладаў

Рэжым прапануе кнут і пернік у адным пакеце: амністыю, пазбаўленне грамадзянства для “беглых”, неспакойнае жыццё для ўладальнікаў Карты паляка.

Каго мусяць закрануць гэтыя наватворы? Каму яны адрасаваныя? І самае галоўнае – дзеля чаго ўсё гэта задумваецца, калі ў краіне два гады ўжо “иногда не до законов”?

Спыталі ў акадэмічнага дырэктара BISS Пятра Рудкоўскага.

 

Тры фактары правядзення амністыі

– Лукашэнка ўвесь час правіць па прынцыпу: кнут – для праціўнікаў, пернік – для прыхільнікаў. Гэтым разам “пратэстунам” прапануецца не толькі кнут, але і пернік у выглядзе амністыі. Ніхто не ведае, выйдзе што з таго ці атрымаецца пшык, але дэкларацыя зроблена. Адзін кнут ужо не спраўляецца?

– Што да амністыі, тут праглядаюцца тры фактары.

Першы – гэта эканоміка, стан якой няўмольна пагаршаецца. А наперадзе – ажыццяўленне вынікаў так званага рэферэндуму: стварэнне УНС з вялікімі паўнамоцтвамі, рэформа заканадаўства, пазней – парламенцкія і мясцовыя выбары, а не за гарамі і прэзідэнцкія выбары. Да гэтага дадаецца неакрэсленасць, звязаная з вайной ва Украіне. На фоне рэзкага падзення эканомікі і неакрэсленасці наступстваў вайны увесь гэты працэс “канстытуцыйнай рэформы” можа ў любы момант выйсці з-пад кантролю, аналагічна як “перабудова” выйшла з-пад кантролю савецкага кіраўніцтва – зноў жа на фоне эканамічнай рэцэсіі і вайны ў Афганістане.

Прычым тут амністыя? З яе дапамогай Лукашэнка можа спадзявацца, што гэта адкрые магчымасці для паступовага паслаблення санкцыйнага ціску. Ці гэта адбудзецца – іншая справа, але разлік тут, хутчэй за ўсё, такі.

Другі імаверны фактар – гэта перанагрузка на праваахоўныя органы, з-за якой занядбоўваюцца класічныя функцыі гэтых органаў: расследаванне і прадухіленне рэальных злачынстваў.

Трэці імаверны фактар – незадаволенасць такімі маштабамі рэпрэсій унутры ўладных колаў.

– Што ўяўляе сабой амністыя, калі меркаваць па агучаных дэкларацыях? Каго яна закране і дзеля чаго робіцца?

– Хацелася, каб яна закранула ўсіх або хаця большасць. Але баюся, што тут прымяняць прынцып дазіроўкі: будзе выпушчана адносна невялікая колькасць палітзняволеных – тых, каго рэжым лічыць “мала значнымі” (хоць на самой справе яны могуць быць вельмі значнымі – глядзіце кейс Святланы Ціханоўскай, якую рэжым у свой час лічыў ледзь не смеху вартай).

 

Амністыя не павінна стаць прыкметай “адлігі”

– З іншага боку, любая станоўчая рэакцыя загадзя знівеліраваная даўжынёй прапанаванага хлыста: пазбавіць “беглых” грамадзянства. Апошні варыянт Канстытуцыі забараняе пазбаўляць беларусаў грамадзянства. Які высокі інтарэс пастаўлены на карту?

– Амністыя ў дачыненні да палітычных – нават калі яна будзе вельмі абмежаванай – гэта для рэжыму рызыкоўны крок. Бо, па-першае, ён можа быць успрыняты як прызнак слабасці рэжыма, па-другое, можа быць успрыняты “звыш-вернымі слугамі” як здрада альбо недаацэнка іхняй вернай службы – маўляў, мы тут так стараемся, каб выкрываць “пратэстуноў”, а іх тут вось пачынаюць адпускаць. Таму рэжым прадпрымае меры, каб амністыя не ўспрымалася ўнутры краіны як “адліга” або “слабасць”.

Цалкам магчыма, што тут прысутнічае таксама іншы – дадатковы – момант: пасеяць няўпэўненасць сярод “беглых”, каб прыглушыць у іх матывацыю да лабіравання санкцый супраць рэжыма і ангажавання ў рознага роду непрыемныя для рэжыма ініцыятывы.

Наконт практычнага ажыццяўлення гэтых пагроз… Ад такога рэжыма ўсяго можна чакаць, але ўсё ж сумняюся, што прыступяць да ажыццяўлення. Ісці ў разрэз з уласнай Канстытуцыяй і палітыкай ААН па ліквідацыі “безграмадзянства”, на фоне спадзяванняў знізіць санкцыйны прэсінг – наўрад ці на гэта наважацца. Хутчэй за ўсё, будуць шукаць іншых шляхоў пакарання “беглых” (канфіскацыі, завочныя прысуды).

 

Што агульнага паміж уладальнікамі Карты паляка і кулакамі

– З той жа оперы – прапанова абмежаваць у правах уладальнікаў “карты паляка”. Вядома, што Польшча, як і ўвесь “калектыўны Захад”, лічыцца недружалюбнай дзяржавай, але ў нашым выпадку гаворка ідзе зноў-такі пра грамадзян Беларусі.

– Стасунак рэжыма да ўладальнікаў Карты паляка можна параўнаць да стасунку сталінскай сістэмы да так званых кулакоў (то бок, працавітых і адносна заможных сялян).

Па-першае – яны больш самаўпэўненыя і, суадносна, у іх ёсць пачуццё незалежнасці ад дзяржавы. Ужо само гэта для таталітарнага рэжыму праблема.

Па-другое, як “кулак”, так і ўладальнік Карты паляка можа стаць для рэжыма аб’ектам эканамічнай або палітычнай эксплуатацыі.

У выпадку “кулака” ўсё проста: забіраем ад яго ягонае багацце, а яго самога – у калгас або ў Сібір. У выпадку Карты паляка разлік можа быць наступны: стыгматызацыя і дыскрымінацыя ўладальнікаў Карты можна спрабаваць зрабіць “разменнай манетай” у дачыненнях з Польшчай.

Так што я вось так прачытваю спробу цкаваць уладальнікаў Карты паляка: па-першае, прымусіць іх адчуць залежнасць ад “родненькай” дзяржавы, па-другое – на перспектыву – павысіць стаўкі ў гіпатэтычных перамовах з Польшчай.

 

 

Сцэнар яшчэ не напісаны

– Уявім карціну: дэклараваныя задачы выкананыя. 100-200 малавядомых палітвязняў (выбачаюся за цынізм, закладзены ў слоове “малавядомых”) з тысяч выйдуць на волю; дзясяткі тысяч “беглых” пазбаўляюцца грамадзянства, а сотні тысяч уладальнікаў “карты паляка” абмяжоўваюцца ў правах. Што атрымаем на выходзе? На якую рэакцыю разлічвае Лукашэнка – народу і міжнароднай супольнасці?

– Гэта частка працэсу, і – я перакананы – самі ўлады ўспрымаць гэта менавіта так. Робім такую і такую камбінацыю хадоў: 20% (умоўна кажучы) палітвязняў адпускаем, страшым беглых пазбаўленнем грамадзянства, выбарачна цкуем уладальнікаў Карты – і глядзім, што далей. Ці Захад – хаця б кулуарна – пачне з намі размаўляць? Як будзе рэагаваць грамадства? Прыдворныя “лібералы”? Крэмль?

У залежнасці ад гэтага рэжым будзе карэктаваць далейшыя хады.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.