TOP

Зменены правілы ўступнай кампаніі-2023. Усё вельмі сур’ёзна

Выпускнікам давядзецца здаваць два цэнтралізаваныя экзамены (па беларускай ці рускай мове і па прадмету на выбар), а таксама цэнтралізаванае тэставанне.

Дагэтуль юнакі і дзяўчаты маглі здаваць чатыры цэнтралізаваныя тэсціраванні, што дазваляла ім падаць дакументы ў тую вну, куды яны праходзілі па набраных балах. Цяпер жа такой магчымасці не стала.

Мінадукацыі прапануе праводзіць уцэнтралізаваны экзамен за межамі школ. У краіне ўжо вызначаныя 93 пункты для здачы ЦЭ:

– Улічваючы, што сёння ў нас каля 60 тысяч школьнікаў знаходзяцца на падвозе ў сельскай мясцовасці, выезд на цэнтралізаваны экзамен дадаткова стрэсу не дасць, – перакананы міністр адукацыі.

Мяркуючы па ўсім, прапанаваная схема не з’яўляецца канчатковай. Хаця сам Лукашэнку на пачатку нарады, якая парйшла 2 снежня, аб’явіў, што “мяняць правілы гульні пастаянна нельга”.

Папрасілі эксперта Балонскага грамадскага камітэта Паўла Церашковіча ацаніць сітуацыю з уступнай кампаніяй-2023.

– Яе правілы мяняюцца: цяпер выпускнікам давядзецца здаваць два цэнтралізаваныя экзамены (па рускай ці беларускай мове і прадмету на выбар), а таксама цэнтралізаванае тэсціраванне. Чым адрозніваецца прапанаваная сістэма ад дзейнай?

– Спадзевы на тое, што вучням будзе пэўная палёгка: не давядзецца здаваць школьныя іспыты асобна і асобна – цэнтралізаванае тэставанне. Так што ў пэўным сэнсе гэта прагрэс.

Як адаб’юцца чарговыя правілы гульні на якасці адукацыі?

– Ёсць пэўныя сумненні, што новаўвядзенні паспрыяюць росту якасці адукацыі.

Увогуле існуючая сістэма ўва многім архаічная, пераважная большасць еўрапейскіх краін ад гэтага дублявання ўжо даўно адышла, так што рух наперад ёсць.

Але звяртаю ўвагу: звычайна ў выпускных экзаменах, неабходных для паступлення ў вну, прысутнічае матэматыка ў якасці абавязковай дысцыпліны. Чамусьці ад яе адмовіліся.

Вельмі часта ва Усходняй Еўропе (не паўсюль, але ўва многіх краінах) у якасці абавязковага прысутнічае іспыт па замежнай мове, часцей за ўсё – ангельскай. У Беларусі таксама яго няма.

І яшчэ адзін момант: адзіны абавязковы іспыт, які зараз застаўся, – па рускай і па беларускай мове. Узнікае лагічнае пытанне: у нас дзве дзяржаўныя мовы, іх трэба ведаць на ўзроўні, таму лагічней зрабіць адзін экзамен, але па дзвюх мовах. Можа – супольны, можа – паасобку, але, улічываючы становішча беларускай мовы, дзяржава мусіць падтрымліваць яе.

Чаму менавіта зараз узнікла пытанне пра змену правілаў гульні ўступнай кампаніі-2023?

– Цяжка сказаць, асабіста я нейкай разгорнутай матывацыі не пачуў. Адзінае, што зляцела з вуснаў міністра адукацыі, – каб было меней бегатні падчас уступнай кампаніі. Аднак у Беларусі засталася архаічная сістэма падачы дакументаў на паступленне: іх трэба рабіць у папяровым варыянце, хаця ў той жа Расіі даўно зробленае электронае паступленне. І ўвогуле, калі абітурыент абраў некалькі варыянтаў паступлення ў вну, то чаму застаецца толькі адзін?

– То бок, ранейшая сістэма, пры якой абітурыент, не паступіўшы ў адну вну, мог падаць дакументы ў другую вну, адмяняецца?

– Так, цяпер трэба выбраць профільны прадмент, профільнае цэнтралізаванае тэставанне толькі адно, што будзе вядома абмяжоўваць магчымасці выбару – розныя профільныя іспыты.

Вы кажаце пра састарэлую сістэму падачы дакументаў. Як можна было б спрасціць яе?

– Пакінуць магчымасць выбару некалькіх варыянтаў, натуральна, гэта падвысіла б шансы абітурыента паступіць. Міністр адукацыі кажа: выпускнікі школ павінны вызначыць, з чым звязаць сваю будучыню. Мне цяжка ўявіць, як 17-гадовы юнак ці дзяўчынка могуць канчаткова вызначыцца са сваёй будучыняй у такім юным узросце? Колькі я ўжо працую са студэнтамі, навучэнцамі, са свайго вопыту скажу, што толькі адзінкі з сотні дакладна вызначыліся.

Да гэтага трэба дадаць, што ў Беларусі захавалася архаічная сістэма навучальных праграм у вну: навучальная праграма даецца адна на ўсе чатыры гады, некалькі іншых прадметаў на выбар, якія не мяняюць характар навучання. Ды зрабіце вы індывідуальную навучальную траекторыю: няхай студэнт выбірае асноўную дысцыпліну, па якой будзе навучацца, і дадатковую, – такая схема адпавядала б індывідуальнасці навучэнца. Але ў нас пакуль захоўваецца казарменная сістэма адукацыі.

А што перашкаджае пераходу на індывідуальную праграму навучання?

– Па-першае, трэба ўяўляць сабе, што такое навучанне існуе, я не ўпэўнены, нібыта вышэйшае адукацыйнае кіраўніцтва ведае пра тое. Гучаць толькі заклінанні: наша вышэйшая школа найлепшая, яна захавала лепшыя традыцыі савецкай школы, хаця насамрэч ад тых традыцый даўно нічога не засталося.

Можна зрабіць выснову, што дзяржава ў асобе Міністэрства адукацыі свядома звужае магчымасці выпускнікоў на атрыманне вышэйшай адукацыі?

– Так, безумоўна. Трэба дадаць, што выпускнікам з новага ўступнага года пры паступленні ў вну спатрэбяцца характарыстыкі; заяўлена, што яны будуць ацэньваць не столькі здольнасці да навучання, колькі ўдзел у грамадскім жыцці, актыўнасць у маладзёвых арганізацыях кшталту БРСМ. Пакуль незразумела, як сістэма пачне працаваць – камусьці будуць дабаўляць балы, іншым – мінусаваць, ці пры роўных балах на спецыяльнасць пройдзе той, хто мае лепшую характарыстыку, а той, хто без яе, увогуле будзе пазбаўлены права паступаць на вызначаныя спецыяльнасці – тут пакуль ніякай яснасці няма.

Значыць, вышэйшая адукацыя ўсё больш набывае абрысы казарменнай, як вы сказалі?

– І паглядзіце: палову мессцаў у вну будзе прызначаная для мэтавай падрыхтоўкі. А гэта таксама пазбаўляе абітурыентаў роўных магчымасцяў на атрыманне адукацыі, гарантаваных Канстытуцыяй.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.