TOP

Аляксандр Фрыдман: Вайна ўжо выйшла за межы Украіны

Тэхнагенная катастрофа асабліва нікога не здзівіла. І на Захадзе, і ва Украіне распаўсюджваецца версія, што Кахоўскую ГЭС падарвала Расія ў ваенных мэтах – сарваць контрнаступ на херсонскім накірунку і яго бмежаваць магчымасці. Новай гэтая версія не з’яўляецца

Навошта знішчаная Кахоўская АЭС ва Украіне? Ці зменіць тэхнагенная катастрофа хаду вайны?

Пагаварылі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

– NBC са спасылкай на адміністрацыю Байдэна паведамляе, што амерыканцы абяцаюць бліжэйшым часам апублікаваць доказы таго, што, хутчэй за ўсё, за падрывам Кахоўскай ГЭС стаяць расіяне. Дарэчы, амерыканцы заўсёды казалі: калі Расія пяройдзе чырвоныя лініі, калі звернецца да жахлівых метадаў вайны (ядзерная зброя, біялагічныя, хімічныя ўзбраенні і, відавочна, тэхнагенныя катастрофы), то будуць апублічваць усю інфармацыю, нічога таемнага не будзе. Амерыканцы абяцалі – яны гэта зробяць.

Тэхнагенная катастрофа асабліва нікога не здзівіла. І на Захадзе, і ва Украіне распаўсюджваецца версія, што Кахоўскую ГЭС падарвала Расія ў ваенных мэтах – сарваць контрнаступ на херсонскім накірунку і яго бмежаваць магчымасці. Новай гэтая версія не з’яўляецца: яшчэ ў кастрычніку мінулага года ўпершыню прагучала інфармацыя, што расіяне могуць падарваць Кахоўскую ГЭС. Амерыканскі Інстытут вывучэння вайна апісваў менавіта такі сцэнар: каб прадухіліць наступ, арганізуюць падрыў, у якім абвінавацяць украінцаў.

І Расія прасоўвае зараз сваю версію. Агучваюцца розныя версіі, але робіцца гэта досыць марудна, як мне падаецца, без асаблівай надзеі пераканаць заходнюю грамадскасць. То бок, гэтую версію распрацавалі для сваёй аўдыторыі. Дома яна працуе: нават тыя, якія падтрымліваюць вайну, не гатовыя прызнаць, што Расія мае дачыненне да тэхнагеннай катастрофы, навта такія жорсткія крытыкі расійскага рэжыму, як Ігар Стралкоў, упэўнены – акцыя праведзена іншым бокам.

Чаго Расія дасягнула? Увага ад Белгарада на пэўны час пераключылася на Кахоўскую ГЭС, абстрэлы памежных тэрытотрый сёння амаль не згадваліся.

Якія яшчэ прапагандысцкія эфекты? Падрыў станцыі можа ўзняць перад Захадам і ЗША пытанне пра наступствы дапамогі Украіне. Глядзіце, вайна пераходзіць на якасна новы ўзровень, цяпер адбылася тэхнагенная катастрофа, а стаўкі можна падвышаць далей, у расіян прысутнічаюць розныя опцыі на стале: хімічная і біялагічная зброя, Запарожская АЭС і, канешне, ядзерная зброя. То бок, мы ўжо пайшлі ў гэтым накірунку, але давайце спынімся і дамовімся неяк, інакш будзе дрэнна. Такі мэсэдж Расія дасылае, ці будзе дасылаць, Захаду, але, як мне падаецца, гэта не спрацуе, бо пуцінскі рэжым наадварот канчаткова сябе дыскрэдытаваў: насамрэч, пра што размаўляць з людзьмі, якія ўчынілі экалагічную катастрофу? Наадварот, гэта яшчэ больш умацоўвае ўкраінскі тэзіс пра тое, што сённяшняя Расія з’яўляецца ворагам, з якім няма пра што размаўляць, трэба зрабіць усё, каб яго перамагчы і спыніць вайну.

Сітуацыя выйшла на якасна новы ўзровень, які характарызуюць некалькі фактараў.

Вайна доўгі час была кантактнай: ішлі крывавыя баі з вялікімі ахвярамі з абодвух бакоў на тэрыторыі Украіны. Потым да гэтага дадалося правядзенне розных акцый украінскім бокам на тэрыторыі Расіі: Крымскі мост, забойства Дар’і Дугінай і Уладлена Татарскага. Расія адказала варварскімі бамбардзіроўкамі ўкраінскай інфраструктуры ўзімку з мэтай замарозіць Украіну (у дадатак да знішчэння гарадоў, грамадзянскага насельніцтва). А ў апошнія тыдні мы ўбачылі выхад на новы ўзровень: вайна перамясцілася на тэрыторыю Расіі, дзе “расійскія дабраахвотнікі” захопліваюць нават вёскі. А з другога боку – зусім новы ўзровень злачынстваў, як у выпадку з Кахоўскай ГЭС.

Гэтыя падзеі паказалі, што ў любы момант мы можам прыйсці да жахлівай эскалацыі. І ў гэтым сэнсе вельмі цікава будзе, калі амерыканцы абнародуюць сваю інфармацыю, і якую рэакцыю яна выклікае з боку тых краінаў, якія зараз займаюць нейтральную пазіцыю.

У гэтым плане я звярнуў увагу на адзін візіт: міністр замежных спраў Германіі Аналена Бербок знаходзіцца зараз у Бразіліі. Бразілія якраз адна з тых вялікіх уплывовых краінаў, якая займае нейтральную пазіцыю да вайны. Бербак скарысталася момантам і зрабіла шэраг жорсткіх заяў, фактычна адкрыта абвінаваціла Расію ў тэхнагеннай катастрофе. Нічога незвычайнага ў тым няма: гэта адлюстроўвае пазіцыю міністаркі, якая, апрача ўсяго, прадстаўляе партыю зялёных. Для барацьбітоў за экалогію сённяшнія падзеі ва Украіне выклікаюць жах, для партыі зялёных гэта прынцыповая тэма. Дарэчы, і для сённяшняга бразільскага ўрада – таксама: урад, які змяніў каманду былога прэзідэнта Балсанару, надае асаблівую ўвагу экалогіі, таму што пад кіраўніцтвам Балсанару ішло фактычнае знішчэнне лясоў у амазонскім рэгіёне. Аналена Бербак узняла гэтую тэму, якая, я думаю, зачэпіць бразільцаў: барацьба за гарады на ўсходзе ці поўначы Украіны – гэта далёка, а экалагічная катастрофа, штучна выкліканая, прыцягвае ўвагу.

Мне падаецца, што расійскія ўлады да пытанняў экалогіі ўвогуле сур’ёзна не ставяцца – для дзяржавы, якая жыве за кошт газу і нафты, экалогія вагі не мае. Таму Крэмль не разумее, як на гэта рэагуе заходняе грамадства.

– То бок, вайна ўжо выйшла за межы Украіны?

– Вайна ўжо вядзецца на тэрыторыі Расіі. І гэта, дарэчы, велізарная дылема для так званых “добрых рускіх” – расіян, якія падтрымліваюць Украіну або выступаюць супраць вайны. Па апошніх звестках у Белгарадскай вобласці загінула недзе 80 чалавек: і гэта толькі па афіцыйных звестках, і гаворка ідзе толькі пра грамадзянскае насельніцтва. Для іх гэта цяжкае пытанне: што рабіць, калі вайна ўжо ідзе на афіцыйнай тэрыторыі Расійскай Федэрацыі?

Для ўкраінцаў гэта паспяховы вопыт: яны атрымалі прапагандысцкі поспех, гэта ўплывае на стан расійскага грамадства, гэта выклікае скандалы ў расійскай эліце, таму і надалей украінцы хутчэй за ўсе не адмовяцца ад сваёй тактыкі. Магчымы нават аналагічныя акцыі ў іншых памежных рэгіёнах. Вайна пакінула межы Украіны, гэта дакладна.

– Ці стане тэхнагенная катастрофа каталізатарам да яшчэ большага яднання заходняга свету і яшчэ большай падтрымкі Украіны?

– Я думаю, Украіна паспрабуе гэта зрабіць. Украіна зараз будзе прасоўваць такі мэсэдж: яны нас проста знішчаюць. Наратыў пра генацыд, які выкарыстоўвае Кіеў, можна ўзмацніць. Зяленскі ўжо выказаўся ў такім духу: яны нас бамбілі – не разбамбілі, яны знішчаюць нашыя гарады — нічога не атрымалася, цяпер выклікалі тэхнагенную катастрофу – і зноў нічога не атрымаецца. Украінскі мэсэдж: яны знішчаюць нашу Украіну, дапамажыце нам – будзе выкарыстоўвацца ў якасці аргумента. Расійскія наратывы пра “дэўкраінізацыю”, пра знішчэнне ўкраінскай дзяржаўнасці даюць Украіне дадатковыя аргументы, каб таксама патрабаваць далейшай дапамогі.

Акрамя таго, тут прысутнічае і эмацыйны чыннік. На Захадзе вельмі асцярожна падыходзяць да правядзення спецаперацый на расійскай тэрыторыі. З аднаго боку, паводле міжнароднага права Украіна мае права праводзіць такія акцыі. Але Захад не жадае ўцягвацца ў вайну, таму просіць Украіну не рабіць гэта заходняй зброяй. Захад прытрымліваецца пазіцыі: давайце не будзем гэта рабіць, бо гэта шлях да эскалацыі вайны. Тыя ж амерыканцы падкрэсліваюць, што яны не адабраюць такія акцыі. Але ўкраінцы знайшлі выхад: на тэрыторыю РФ іх войскі не заходзяць, там дзейнічаюць “расійскія дабраахвотнікі” – рэалізуецца расійскі сцэнар 2014 года, але наадварот.

Заходняя пазіцыя супярэчлівая. З аднаго боку, ім прыемна бачыць, што на іх вачах вобраз Расіі як вялікай дзяржавы, як другой арміі свету проста знікае, а Расія выглядае папяровым тыграм. Захад бачыць вынікі сваёй падтрымкі і падштурхоўвае да аказання новай дапамогі. Але ёсць і другі фактар: яны вельмі баяцца эскалацыі вайны. Знішчэнне Кахоўскай ГЭС – таксама крок да эскалацыі. Расія па нефармальных каналах будзе даводзіць, маўляў, мы перасцерагалі – не дапамагайце, ужо маем першую тэхнагенную катастрофу. А колькі яшчэ нявыкарыстаных магчымасцяў!

– Расія, як вы сказалі, перайшла чырвоную лінію. Ці развяжа гэта рукі Украіне?

– Насамрэч ва Украіны чырвоных лініяў і няма, у яе проста магчымасцяў няма. Украіна змагаецца за выжыванне, яна асабліва не разважае над тым, як яе дзеянні будуць успрынятыя. Паглядзіце на гісторыю з тымі ж “расійскімі дабраахвотнікамі”. Гэта, мякка кажучы, супярэчлівыя людзі: яны паходзяць з ультранацыяналістычнага лагера, многія з іх не хаваюць свайго расізму, пра некаторых адкрыта кажуць, што ў мінулым яны былі прыхільнікамі Гітлера. Асабліва ў Рускім дабраахвотніцкім корпусе назіраюцца досыць моцныя тэндэнцыі нацыяналістычныя і праварадыкальныя. Але Украіну гэта ніякім чынам не бянтжыць, галоўнае – яны робяць сваю справу, яны гатовы паміраць за Украіну. Таму яе абсалютна не цікавіць, як гэтая акалічнасць будзе ўспрынятая.

Калі б Захад не забараняў выкарыстоўваць гэтую зброю, то поспехі на белгародскім кірунку былі б куды большыя: яны б паспрабавалі заняць Шэбекіна ці іншы населены пункт. І гэта магло атрымацца, прычым куды лягчэй, чым на крымскім напрамку. Расія трымае на крымскім напрамку больш моцную групоўку, чым на белгародскім. Калі б украінцы адваявалі нейкі населены пункт у Крыме, на Захадзе гэта ўспрынялі б абсалютна спакойна: украінцы дзейнічаюць на тэрытоыі Украіны, яны адваёўваюць сваю тэрыторыю. А вось калі б украінская армія захапіла населены пункт у Белгародскай вобласці, адразу пачынаюцца пытанні. Менавіта па гэтай прычыне і выкарыстоўваюцца “расійскія дабраахвотнікі”.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.