О, СПОРТ!
20 ліпеня 2012 года над рэзідэнцыяй урада Вялікабрытаніі падняты сцяг ХХХ летніх Алімпійскіх гульняў — галоўнай спартыўнай падзеі на планеце. Мільёны англічан вітаюць сімвал спаборніцтваў — агонь, які эстафетна рухаецца па краіне. У пятніцу адбудзецца ўрачыстае адкрыццё гульняў.
Тэлекаментатары, нагнятаючы цікавасць да Алімпіяды, паўтараюць з дня ў дзень, што яна стане святам для ўсіх зямлян, выяўленнем лепшых якасцяў чалавека.
Хачу нагадаць, што ў «Алімпійскай хартыі» напісана наступнае: «Яднаючы спорт з культурай і адукацыяй, алімпізм імкнецца да стварэння ладу жыцця, заснаванага на радасці ад намагання, на выхаваўчай каштоўнасці добрага прыкладу і на павазе да ўсеагульных асноўных этычных прынцыпаў.
Мэтай алімпізму з’яўляецца станаўленне спорта на службу гарманічнага развіцця чалавека, каб садзейнічаць стварэнню мірнага грамадства, якое клапоціцца пра захаванне чалавечай годнасці».
Запомнім правільныя словы і паглядзім, як яны спраўджваюцца. Некалі французскі грамадскі дзеяч, барон П’ер дэ Кубертэн, які адрадзіў традыцыю Алімпійскіх гульняў, сказаў : «О, спорт, ты — свет!» Гэтую фразу жыхары планеты вымаўляюць па-рознаму. Адны — з захапленнем і гонарам, іншыя — з расчараваннем і горыччу. За апошняе паўстагоддзе спорт страціў сваю святасць, чысціню і рамантычнасць.
На пачатку ХХ стагоддзя не было размовы пра прыбытак удзельнікаў і арганізатараў спаборніцтваў. Але час ішоў, і алімпіяды, чэмпіянаты свету сталі вялікімі камерцыйнымі праектамі, што прызнаецца экспертамі. З легендарнага спартыўнага дэвіза: «Citus, altius, fortius!» (Хутчэй, вышэй, мацней!) дзялкі, якія зарабляюць на спорце, бяруць першы дзеяслоў. Хутчэй атрымаць грошы хочацца многім.
Паддывановая барацьба за сродкі і прэстыж пачынаецца яшчэ на этапе вызначэння краіны правядзення мерапрыемства. У яе ўключаюцца не толькі дзяржаўныя прадстаўнікі, але і карпарацыі, кампаніі, фірмы. Яны ведаюць, што выдаткі акупяцца (за кошт білетаў, рэкламы, сувеніраў, папулярнасці ў турыстаў, піяру эканомікі краіны і г.д.).
Часта коўка грошай даходзіць да кашчуннасці. У Данецку ў час Еўра-2012 сярод сувеніраў прадаваліся бюсты тырана Сталіна, які прызнаны ўкраінскім судом вінаватым у генацыдзе ўкраінцаў — арганізацыі Галадамору 1932 — 1933 гадоў. А вытворца прадукцыі — мясцовы чалавек, у якога такое вывіхнутае ўяўленне пра тое, што павінны набываць на памяць госці…
Лондан старанна рыхтаваўся да грандыёзнага мерапрыемства. Пабудаваны новы стадыён, алімпійская вёска, канатная дарога. Для зручнасці зроблена спецыяльная дарожная сетка, пастаўлены дадатковыя знакі, наладжана начная падсветка. Мяркуецца, што выдаткі на алімпіяду складуць 11 мільярдаў фунтаў стэрлінгаў, з іх 2 мільярды — прыватныя ўкладанні.
Даўно прывыклі да вялікіх грошай і самі спартсмены, трэнеры, суддзі, клубы. У сувязі з гэтым у спорце практыкуюцца купля-продаж лепшых «штыкоў», вынікаў матчаў, судзейскія «памылкі», допінг…
Арменія абяцае таго, хто заваюе ў Лондане золата, узнагародзіць мільёнам долараў. Расійскі эксперт В. Васін запэўніў: «У нас нет планов на медали», але заахвочванні прызначаны: золата — 125000, серабро — 78000, бронза — 53000 долараў . Беларусь, як і ва ўсім, амбіцыйная, а як жа — жывем фантастычна багата: 1-е месца — 150000, 2-е — 75000, 3-е — 50000 долараў. А яшчэ будуць кватэры, машыны, павышэнні ў чынах. Загадана прывезці не менш 25 медалёў, прытым — 5 залатых. Вядомыя спартсмены былой загартоўкі называюць падобныя фінансавыя гульні «неспартыўнымі паводзінамі», але гешэфты не спыняюцца.
Спорт — самая прыкметная і выгадная для піяру ніша міжнароднага жыцця. Якраз таму ў яе пішчом лезуць, ціснуцца адыёзныя правіцелі свету, каб такім чынам зрабіць сабе рэкламу, каб паказаць хоць у гэтым сваю прыстойнасць і нібыта сусветную значнасць. Ім хочацца быць навідавоку не толькі на татамі або ганяючы па лёдзе шайбу, але і ў якасці гаспадароў спаборніцтваў значнага маштабу. Балбатня палітычных і спартыўных начальнікаў пра тое, што спорт знаходзіцца па-за палітыкай, разлічана на дурняў.
Скандал з прычыны правядзення чэмпіянату свету па хакеі з шайбай у 2014 годзе ў Беларусі пацвердзіў непасрэдную сувязь паводзін аўтарытарных кіраўнікоў дзяржаў, якія вядуць рэпрэсіі супраць апанентаў, з асуджаючай рэакцыяй на гэта дэмакратычнай міжнароднай супольнасці. Прадстаўнік Англіі Т. Лойд сказаў: «У хакеі за бойку вы атрымліваеце пяціхвілінны штраф, у Беларусі — пяць гадоў за мірную маніфестацыю. У перыяд, калі краіны робяць больш жорсткімі санкцыі да Беларусі, было б цалкам няправільна з нашага боку падарваць гэтыя намаганні і ўзнагародзіць рэпрэсіўныя паводзіны Мінска правядзеннем міжнароднага мерапрыемства і звязаным з ім фінансавым прыбыткам».
Дарэчы, адказваючы на пытанні парламентарыяў, абвяргаючы свае былыя слоўныя хітраспляценні, беларускі кіраўнік сказаў: «Спорт не может быть вне политики. Сегодня спорт — это великая политика». З такой жа непасрэднасцю, відаць, помнячы пра велізарныя сродкі, ўбуханыя ў лядовыя палацы, ён прамовіў: «Что касается нашего хоккея… Тут мог бы и не говорить. В очередной раз резанул по сердцу. Так, как играют хоккеисты, то лучше бы уже и чемпионата тут не было…»
Ну, што ж, чаго толькі на свеце не бывае. Але мне, гледзячы на некаторых «бяззубых» еўрапейскіх палітыкаў, на неразборлівых, карумпіраваных спартыўных начальнікаў высокага ўзроўню, не верыцца ў маральную справядлівасць, думаецца, што ніхто свайго не ўпусціць.
Цяпер пра тое, ці можна звычайнаму беларусу трапіць на алімпіяду ў якасці балельшчыка? Згодна версіі вопытных удзельнікаў такіх мерапрыемстваў, якія канкрэтна вывучалі пытанне, паездка на адзін тыдзень, па сціплых мерках, каштуе 2 тысячы долараў, прытым без уліку харчавання. Здагадваецеся, хто паедзе ў Лондан? Правільна — жменька чыноўнікаў і багатых бізнесоўцаў. А ўсіх астатніх будзе абслугоўваць тэлевізар.
Старое, як свет, людское жаданне: «Хлеба і відовішчаў!» не адменіцца. Так было і будзе. Алімпіяду ў Пекіне глядзела больш чым чатыры мільярды чалавек. Згодна заяў арганізатараў лонданскіх спаборніцтваў, сёлетняя тэлеаўдыторыя, якую абслугоўваюць 11 спадарожнікаў сувязі, паб’е мінулыя рэкорды.
Уявіш такую агромністую людскую грамаду, і сэрца замірае. Які магутны патэнцыял розуму, мудрасці, прадпрымальнасці, сардэчнасці, душэўнасці, суперажывання! Было б добра, каб у час віртуальнага яднання на глебе спорту, гледзячы на выдатныя рэкорды, на прыгажосць цела і сілу духу чалавека, зямляне задумаліся над тым, як зрабіць не толькі спартыўнае, але і экалагічнае, палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае і культурнае жыццё планеты значна лепшым, чым цяпер, як разам дзейнічаць у гэтым кірунку.
На Зямлі, акрамя спартыўных спаборніцтваў ад першынства раёна да Алімпійскіх гульняў, штохвілінна адбываецца яшчэ адно маштабнае суперніцтва. Гэта змаганне дабра са злом. Спорт, свядома ці несвядома, ні ў якім разе не павінен станавіцца на бок зла.
Дабро павінна перамагаць — на гэтым даўнім і справядлівым пастулаце грунтуецца прагрэс чалавецтва.