РОЎНЫЯ МАГЧЫМАСЦІ
Прырода надзяляе здольнасцямі ўсіх сваіх гадаванцаў не па трафарэту. Гэта тычыцца і людзей. Адзін чалавек нічым не вызначаецца, а другому дадзены талент. У народзе так і кажуць: «У яго дар ад Бога!» Але кожная дзяржава абавязана стварыць грамадзянам для развіцця роўныя магчымасці.
У СССР любымі метадамі і сродкамі людзям прывіваўся калектывізм, а слова «індывідуаліст» стала абразай, якой бальшавікі кляймілі апанентаў. Але, як выявілася, бязлітасна ваяваць з натуральнай чалавечай рысай — марны занятак…
Думаю, што аспрэчваць высокі ўзровень жыцця ў ЗША не змогуць нават непрымірымыя крытыкі гэтай дзяржавы, якіх хапае ў Беларусі. Толькі мала хто з іх паспрабаваў даведацца: на якой аснове, якім чынам дасягнуты выдатныя вынікі?
У кнізе 31-га прэзідэнта ЗША Г. Гувера «Амерыканскі індывідуалізм» сцвярджаецца: «За трыста гадоў гісторыі Амерыкі ідэалы індывідуалізму сталі ідэаламі прагрэсіўнага індывідуалізму».
«Эканамічны чалавек свабоднага рынку» (вызначэнне зроблена вядомым англійскім эканамістам А. Смітам) мае моцныя эгаістычныя памкненні. Але на амерыканскай глебе яны атрымалі неабходную прышчэпку дакладных маральных установак. Па-першае, перасяленцы ў Новы Свет прынеслі з сабой пратэстанцкую веру, па-другое, амерыканскае грамадства адпрэчыла спадчыну еўрапейскага феадалізму, яно не мела саслоўнасці, вертыкальная мабільнасць ніколі не скоўвалася забабонамі і прымхамі.
Амерыканскі індывідуалізм — з’ява станоўчая, бо нясе ў сабе прынцып роўных магчымасцяў. Гувер падкрэсліваў: «Наша грамадства пабудавана дасягненнямі асобаў, і мы ахоўваем роўнасць магчымасцяў для кожнага. Кожнаму чалавеку прадастаўлена магчымасць заняць месца ў грамадстве, якое адпавядае яго інтэлекту, характару і здольнасцям. /…/ Мы гатовы стымуляваць намаганні любога члена грамадства для дасягнення пастаўленай ім перад сабой мэты. Мы будзем вітаць спаборніцкі дух».
Але любая ідэя, калі яна становіцца татальнай, страчвае чалавечнасць. Амерыка пастаралася пазбегнуць такой дэфармацыі. Палітык заўважаў: «Шалёны індывідуалізм, які не стрыманы пэўнымі прынцыпамі, можа нарадзіць доўгі ланцуг тыраніі, няроўнасці і несправядлівасці. /…/ Мы адверглі laissez faire (прынцып неўмяшальніцтва. — С.З.) ХVІІІ стагоддзя з яго лозунгам «Кожны за сябе, і хай д’ябал забярэ тых, хто адстаў». Мы адмовіліся ад яго, калі прынялі ідэал Аўраама Лінкальна: «Роўны шанц на жыццёвым шляху». Мы адмовіліся ад яго /…/, бо ведаем, што і слабыя ўкладваюць сваю цагліну ў сацыяльны будынак, ведаем, што той, хто бяжыць наперадзе, не заўсёды лепей за тых, хто адстаў, і ведаем, што сацыяльная несправядлівасць разбурае грамадства».
Важным уяўляецца сцвярджэнне палітыка пра тое, што прынцып роўных магчымасцяў абсалютна не сумяшчальны з панаваннем, дамініраваннем якіх-небудзь груп, будзь гэта карпарацыі, прафсаюзы або ўрад. Ён тлумачыць проста і даходліва: «Мы адчуваем агіду да аўтакратыі. Мы не спрачаемся з ёй, мы змагаемся з ёй. Наша сістэма — не капіталізм, сацыялізм, сіндыкалізм ці іх спалучэнне. Як і большасць амерыканцаў, я адмаўляюся класіфікаваць яе з дапамогай слоў «капіталізм», «плутакратыя», «пралетарыят», «клас» або ім падобных, заснаваных на ўзнясенні адных груп над іншымі. Найвышэйшая і найкаштоўнейшая сацыяльная сіла, якая сфарміравала наша грамадства, апора нашага імкнення да шчасця — амерыканскі індывідуалізм. Ён — у сэрцы і розуме, ён — душа прагрэсу».
У Амерыцы роўныя магчымасці людзям забяспечвае закон, які павінен свята захоўвацца ў прававой дзяржаве. Гэтае правіла не выконваецца ў аўтарытарнай Беларусі. У прыватнае жыццё і справы грамадзян пастаянна ўмешваецца чыноўніцкая палітыка, мясцовая «ідэалогія».
Законы ў Беларусі падмяняе бальшавіцкі прынцып «рэвалюцыйнай мэтазгоднасці», а таксама маса інструкцый, якія выгадныя ўладзе. Акрамя таго, грамадства падзелена на «сваіх» і «чужых». Але нават тыя, хто «ліжа», не застрахаваны ад «наездаў». Толькі распачне нехта прыбытковы праект, тут як тут з’яўляюцца жадаючыя паўдзельнічаць у дзеляжы заробленага, прытым іх апетыт вырас, пачынаюць не з 10—20, а адразу з 50 працэнтаў. Знаёмы прадпрымальнік неяк пажартаваў: «Пакуль вы ваявалі са старымі махлярамі, боўдзіламі і пустадомкамі, вырас яшчэ адзін пласт уладарнай «эліты». Ну, хоць забі, але не могуць новыя чыноўнікі аўтарытарнага разліву спакойна глядзець на чужыя грошы!»
Ёсць і яшчэ адзін бар’ер. Станоўчы вопыт самадастатковасці амерыканцаў не пераймаецца ў нас таму, што не ўмеем мы жыць індывідуальным лёсам, быць самастойнымі. Гэтаму трэба вучыцца, але беларусы баяцца свабоды, не вылазяць з інертнасці і ляноты. Многія, хоць і не задаволены сваім жыццём, але трымаюцца за гнілую «стабільнасць». Даўняе пытанне, якое стрымлівае прасоўванне грамадства да нармальнага жыцця, гучыць так: «А раптам стане горш?»
У нас, як і ў іншых постсавецкіх рэспубліках, замацавалася «бацькаўскае праўленне», якое падабаецца значнай частцы насельніцтва — састарэлым людзям, гарадскім і вясковым люмпенам, маладым кан’юнктуршчыкам. Кіраўнік-самадур можа загнаць смелага, разумнага, таленавітага чалавека ў кут, пазбавіць працы, нават кавалка хлеба, а захоча — за лаяльнасць, за «верную службу» абсыпле ўзнагародамі невука, дылетанта, цемрашала. Гэта даўняя хвароба Расійскай імперыі, якая на стагоддзі прысабечыла беларусаў. Нездарма яшчэ цар Пётр І прыняў тытул «Отец Отечества». Сучасныя «царкі» з вялікім задавальненнем карыстаюцца яго вопытам.
У Беларусі ўнізе ледзь цепліцца фізічнае выжыванне мільёнаў людзей, а наверсе кіпіць паддывановая валтузня каля «цела», барацьба сілавых кланаў, грызня за ўладу і грошы. Прытым самае катастрафічнае тое, што ўвесь гэты час эканоміка краіны трымаецца пераважна на халяўнай расійскай нафце і газе, на пазыках…
Калі сядзіш у глухім балоце на купіне, а ўяўляеш, што ты на высокай гары, і самазадаволена квакаеш, то час праходзіць непрыкметна. Так для многіх беларусаў праляцелі 18 гадоў існавання аўтарытарызму.
А я адчуваю боль за Айчыну, бо з самага пачатку бачыў эканамічную бесперспектыўнасць такой сістэмы, актыўнае знішчэнне ёю нацыянальных асноў, паступовую здачу незалежнасці. Перыяд, які цягнецца, абвастрыў разуменне, што маё пакаленне, як і старэйшыя людзі, выйшла з таго грамадства, якое дапусціла сталінскі генацыд супраць народа, дазволіла расстрэльваць дванаццацігадовых хлапчукоў, заганяць жонак і дзяцей «ворагаў народа» у катаржнікі. Мы адной нагой яшчэ там — у страшным мінулым.
А выйсце ёсць адно — на любым месцы і ў кожным канкрэтным выпадку з дня ў дзень мужна змагацца за сваю чалавечую годнасць. Напрыклад, на чым аб’ядналіся, далі па зубах бюракратам і павысілі свой дабрабыт кубанскія казакі? На павазе да прыватнага жыцця чалавека.
Як бы ні разгортваліся падзеі, а мне верыцца, што Беларусь ачысціцца ад аўтарытарызму і стане дэмакратычнай краінай, дзе будуць створаны роўныя магчымасці для развіцця кожнага грамадзяніна.
…Ад рэдакцыі: кнігі С. Законнікава «Шалёная Куля», «Дол» (вершы і паэмы), «Насустрач» (публіцыстыка, эсэ) ёсць у кнігарні «Акадэмічная кніга» (пр. Незалежнасці, д. 72).