TOP

ПРЫВІТАННЕ АД СТАЛІНА

Штуршком для роздуму сталі паведамленні ў СМІ пра тое, што на «Линии Сталина» ствараецца «целый пантеон морской славы», пачаткам якога стаў «монумент, который представляет собой композицию из якоря и танка» (!), што працягваецца збор подпісаў за будаўніцтва помніка ў Мінску «любимому вождю», «отцу всех народов». 

Кожны раз, калі згадваецца «Линия Сталина», разумныя беларусы выдатна ведаюць, што гаворка ідзе не столькі пра гісторыю, як пра ідэалогію. Ланцуг абарончых збудаванняў, узвядзенне якога распачалі ў 1928 годзе і якому сучасныя прапагандысты далі прэтэнцыёзную назву, не быў завершаны, таму «труднопреодолимой линии, прикрывавшей важнейшие стратегические объекты и направления», з сябе ніколі не ўяўляў, а ў сувязі з аб’яднаннем Усходняй і Заходняй Беларусі, калі мяжа адсунулася, наогул страціў сваё значэнне. У першыя дні вайны фашысты ля яго не затрымаліся, 28 чэрвеня 1941 года занялі Мінск. Так што з гэтай лініі ніякага гераічнага, абарончага аб’екта не атрымліваецца, па прычыне чаго няварта вазіць сюды школьнікаў і студэнтаў, а вайскоўцам праводзіць урачыстыя мерапрыемствы. Для патрыятычнага выхавання моладзі на нашай зямлі дастаткова сапраўды гераічных, гістарычных мясцін.

Але адкінем прэч прапагандысцкую міфалогію і валтузню вакол Сталіна, каб без эмоцый заняцца параўнаннем ягоных метадаў кіравання Савецкім Саюзам з сённяшнім праўленнем у Беларусі і ў Расіі.

Гісторыя савецкай імперыі пачалася з братазабойчай вайны. Як лічыцца, ад белага тэрору загінула каля 20 тысяч, ад чырвонага тэрору — больш чым 2 мільёны чалавек. Белагвардзейцы вешалі і расстрэльвалі камісараў і чэкістаў, а бальшавікі заклікалі да знішчэння цэлых саслоўяў.

У час сталінскай калектывізацыі практычна пачалася другая грамадзянская вайна. Калі ў 1928 г. было забіта каля 700 камуністаў, то ў наступным годзе — ужо 3000. Антыкамуністычныя паўстанні, масавы супраціў сялян супраць калектывізацыі Сталін душыў арганізацыяй штучнага голаду. Напрыклад, Украіна ў час галадамору страціла сем з паловаю мільёнаў сыноў і дачок.

Адначасова ў СССР працягваліся рэпрэсіі, якія пладзілі таемныя пагосты ад заходняй мяжы да Калымы. Расійскі публіцыст А. Зорын у матэрыяле «По обе стороны колючей проволоки» падае сучасны малюнак жудасных мясцін: «Колымские могильники… Пустые колышки, вбитые в землю на лысых сопках. Сотни колышков. На сопку опускается вертолет, и колышки от его лопастного смерча подхватываются и разлетаются веером… Могильники, поросшие мохом, под тонким слоем которого лежат черепа и кости…»

Сапраўды, пераклічка часоў атрымліваецца запамінальнай. Паводле стэнаграмы цытую выказванне Сталіна ў час сустрэчы з кінарэжысёрам С. Эйзенштэйнам і акцёрам М. Чаркасавым — стваральнікамі кінафільма «Иван Грозный»: «Одна из ошибок Ивана Грозного состояла в том, что он не дорезал пять крупных феодальных семей. Если бы он эти пять боярских семей уничтожил, то вообще не было бы Смутного времени. А Иван Грозный кого-нибудь казнил и потом долго каялся и молился. Бог ему в этом деле мешал… Нужно было быть решительнее». Самому Сталіну ўсемагутны Бог перашкодаю не стаў…

У сістэмах Беларусі і Расіі, дзе няма падзелу ўладаў, сумленных выбараў, незалежных судоў, свабодных СМІ, сучасным «царам» , якія перанялі вопыт Сталіна, таксама важна час ад часу «сячы галовы баярам», каб паказаць нібыта «справядлівасць» і «ўсемагутнасць», а на справе — такім чынам запалохваць насельніцтва. Тутэйшы кіраўнік на нарадах грозіць чыноўнікам і сілавікам: «Не дай вам бог!», «Молите бога!», а Д. Мядзведзеў заяўляе: «Я не предлагаю ставить к стенке, как при Иосифе Виссарионовиче, но наказывать надо серьезно…»

Пагрозы сыплюцца, ды крымінальныя справы заводзяцца на беларускіх і расійскіх карупцыянераў, казнакрадаў толькі тады, калі яны пераходзяць камерцыйную дарогу самім уладарам, выводзяць іх з цярпення залішнім нахабствам. А тысячы злодзеяў, але адначасова дысцыплінаваных і верных халуёў, застаюцца на свабодзе.

«Царскі» гнеў у асноўным падае на апазіцыю, на тых, хто асмельваецца пярэчыць, крытыкаваць, абараняць свае правы, чалавечую годнасць.

Беларускія і расійскія рэаліі сведчаць, што і ў ХХІ стагоддзі можна мець амаль што сталінскі лад, загнаць як быццам адукаванае, разумнае грамадства ў турэмную клетку. На гэта працуе ўсеахопны адміністратыўны рэсурс (у прыватнасці, драконаўская кантрактная сістэма), якім скуты мільёны людзей.

А яшчэ ёсць Канстытуцыя і заканадаўства, якія лёгка падганяюцца ўказамі, дэкрэтамі, інструкцыямі пад патрэбы ўлады, каб забяспечваць такі ўціск насельніцтва, што яно не ў стане нават паварухнуцца і нешта пікнуць.

Інструментам, які ў дэмакратычных краінах дапамагае ўдасканальваць жыццё грамадства, з’яўляюцца прэзідэнцкія і парламенцкія выбары. Але яны пры аўтарытарызме ператвараюцца ў фікцыю і фарс. Пры Сталіне за блок камуністаў і беспартыйных звычайна галасавала 99, 98% выбаршчыкаў, што ва ўмовах рэгулярных начных расстрэлаў — праўдападобна. Колькі цяпер выбаршчыкаў у Беларусі і ў Расіі прыходзіць у кабіны і як яны галасуюць, мы не даведаемся ніколі. Электарату толькі прапануецца слухаць з высокіх трыбун заданні (!) на выбарчую кампанію, а пасля байкі пра антызаконныя маніпуляцыі (!) з выніковымі лічбамі, каб задаволіць імі ненавісны Захад. Магчыма, некалі здарыцца цуд, і старшыні Цэнтрвыбаркамаў дзвюх краін Л. Ярмошына і У. Чураў, як выйдуць на пенсію, усё ж напішуць праўдзівыя мемуары пра доўгую выбарчую хлусню, дзе знойдзецца месца дакладным лічбам? Але гэта — з галіны фантастыкі.

А пакуль афіцыйныя СМІ падносяць людзям звесткі ў духу бальшавіцкай газеты «Правда», суды капіруюць метады любімага сталінскага пракурора А. Вышынскага, які быў абвінаваўцам на фальсіфікаваных палітычных працэсах 30-х гадоў мінулага стагоддзя.

У Беларусі людзі даўно трапляюць у турму толькі за ўдзел у выбарчай кампаніі ў якасці кандыдата на пасаду прэзідэнта, за вывешванне гістарычнага нацыянальнага сцяга, за тое, што размаўляюць на роднай мове. Краіна па палітычных вязнях стабільна лідзіруе ў СНД.

Можна па-рознаму адносіцца да расійскай групы «Pussy Riot» і яе паводзін, але калі маладых жанчын запіхваюць у клетку і выстаўляюць на вуліцы на публічны паказ, а затым пазбаўляюць на два гады свабоды, — гэты здзек пераходзіць усе межы.

Чаму ў беларусаў і ў расіян такая кароткая памяць? Чаму сталінскі гвалт, страшныя рэпрэсіі не сталі для іх урокам? Адкуль такая любоў да тыранаў?

Пройдзе час, рухнуць і сённяшнія аўтарытарныя рэжымы, але на каго тады сучаснікі будуць спіхваць віну за іх нараджэнне і знішчальную дзейнасць? На каго спішуцца зніклыя грамадзяне, сотні тысяч зламаных чалавечых лёсаў?

Наша нягеглае, рабскае існаванне — гэта палымянае прывітанне з таго свету ад таварыша Сталіна. Можна жыць у камфартабельных катэджах і кватэрах, абстаўленых сучаснай мэбляй, наварочанымі кампутарамі, але заставацца ў палітычным, прававым і маральным неафеадалізме, што і адбываецца з жыхарамі Беларусі і Расіі.

…Ад рэдакцыі: кнігі С. Законнікава «Шалёная Куля», «Дол» (вершы і паэмы), «Насустрач» (публіцыстыка, эсэ) ёсць у кнігарні «Акадэмічная кніга» (пр. Незалежнасці, д. 72). 

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.