ХТО НАПАЛОХАЎ РЭЖЫМ?
Краіна выйшла на пік парламенцкіх выбараў, а ў затурканым грамадстве пануе паныласць, абыякавасць, асуджанасць. Затое смешна назіраць за тым, як замітусіліся прадстаўнікі Цэнтрвыбаркама, заварушыліся мясцовыя чыноўнікі, заекаталі, залямантавалі афіцыйныя СМІ, калі пачулі грознае слова — байкот.
Дык хто ж напалохаў уладу байкотам? Можа, знешнія «ворагі»? Не! Для замацярэлага аўтарытарнага рэжыму пакуль што еўрапейскія і амерыканскія санкцыі як мерцвяку прыпаркі, чхаць ён на іх хацеў, бо пад носам заўсёды поўнае расійскае «карыта». Хто ж тады? Як ні дзіўна, гэта зрабіў народ, які кіраўніцтва то хваліць за рахманасць, рабскую паслухмянасць, то злосна лае за «няправільныя» паводзіны ў крызісныя эканамічныя моманты: масавую паніку, скупку прадуктаў у запас, атаварванне аўтамабілямі і г. д. Дакладней, да важнай справы прыклала руку думаючая частка беларусаў з самых розных палітычных і сацыяльных пластоў. Яна паслала імпульс, а народная грамада яго заўважыла, памалу пачала абмазгоўваць, кумекаць, што ва ўмовах, калі жыццё намёртва сціснута адміністратыўным рэсурсам і дыктатам дубінак сілавікоў, байкот — гэта адзіны бяспечны спосаб барацьбы з аўтарытарным гвалтам і хлуснёй.
Байкот як дзейсны прыём палітычнага і эканамічнага змагання даўно атрымаў шырокае распаўсюджанне ў свеце. Упершыню яго прымянілі ў 1879 годзе ірландскія арандатары супраць ненавіснага ім кіраўніка маёнтка англічаніна Байкота.
У СССР прапаганда пастаянна сцвярджала, што масавая адмова народа ад удзелу ў выбарах магчымая толькі ў буржуазных дзяржавах, а ў першай краіне сацыялізму такога не бывае — людзі з радасцю аддаюць свае галасы за блок камуністаў і беспартыйных. Практычна100-працэнтная яўка на выбарчыя ўчасткі пацвярджала гэты пастулат. Смельчакоў, якія ўсё ж знаходзіліся і байкатавалі фальшывыя выбары пры Сталіне і пазнейшых уладах, заганялі ў псіхушкі.
Пасля распаду савецкай імперыі ўтварыліся незалежныя дзяржавы, але ў большасці з іх да ўлады прыйшлі аўтакраты-папулісты, якія захоўваюць таталітарныя традыцыі. Расійскі аналітык Г. Тульчынскі, аглядаючы рэаліі постсавецкага рэгіёна, заўважае: «Есть только два способа установления государственного суверенитета. Или сувереном, устанавливающим политическую и правовую систему, является общество, учреждающее легитимную в его глазах власть. Если это невозможно в рамках существующего права, например, с помощью выборов, это делается посредством революции, выхода за правовые рамки, на который общество имеет право — как суверен.
Или это некая власть, находящаяся вне права и морали, учреждающая некое новое государство. Это случаи режима оккупации или чрезвычайного положения. Они творят незаконное насилие, устанавливая новый закон, создавая новое государство, которое может существовать, тем не менее, только если будет признано гражданами, согласившимися на этот новый закон».
Беларусы і расіяне ў 90-х гадах ХХ стагоддзя не захацелі мужна спыніць аўтарытарызм, палахліва змірыліся з ім, а таму атрымалі «новые государства» з «новыми законами».
Французскі эканаміст ХІХ ст. Ф. Басціа пісаў: «Государство — это громадная фикция, посредством которой все стараются жить за счет всех». Але час ідзе, многае мяняецца. Расійскі аналітык І. Огнеў сцвярджае, што ў дачыненні да постсавецкай рэчаіснасці гэтая фраза павінна гучаць так:
«Государство — это вовсе не фикция, а грандиозное предприятие, если его приватизирует небольшая группа людей».
Надзвычай пацешна чытаць меркаванне вядомага тутэйшага сацыёлага пра тое, што «для среднестатистического белоруса участие в выборах остается единственной возможностью высказать свою позицию, свое отношение к действительности. Высказать легально, зная, что его не уволят с работы или не разорят его бизнес. И, естественно, люди этим пользуются. Поэтому ничего удивительного нет в том, что выборы в Беларуси состоятся и явка будет». Нічога сабе «возможность» і «легальность» ва ўмовах татальнага кантролю за яўкай і абсалютнай закрытасці на этапе падліку галасоў!
Кожнаму нармальнаму «среднестатистическому» чалавеку ясна, што ў аўтарытарнай дзяржаве можна правесці выбары з любой яўкай. Для мяне няма нічога дзіўнага нават у тым, што вынікі даследаванняў як афіцыйных, так і незалежных сацыёлагаў амаль дакладна супадаюць з лічбамі, якія ў сваіх інтэрв’ю даўно аб’явіла старшыня Цэнтрвыбаркама Л. Ярмошына. Як кажуць сучасныя беларусы: «Усім жыць трэба, кармушкі розныя — рэжым адзін!»
Мне неаднойчы даводзілася размаўляць з незалежнымі назіральнікамі на канкрэтных выбарчых участках у г. Мінску і ў рэгіёнах пра яўку грамадзян на парламенцкія выбары. Яны не згодны з сацыёлагамі, бо назіраюць іншае — на працягу ўсяго дня людзі ідуць галасаваць вельмі вяла, як мокрае гарыць, у межах 30 — 35%, а ў выніку аднекуль нібы чорт з табакеркі выскокваюць патрэбныя, агучаныя лічбы.
Замест таго каб уцяміць прычыны стыхійнага, а цяпер ужо і асэнсаванага байкоту, які знаходзіць усё больш прыхільнікаў у асяроддзі выбаршчыкаў, каб наладжваць палітычны дыялог з грамадствам, улада зноў хапаецца за «дубіну». Яна баіцца пустых выбарчых участкаў, асабліва там, дзе будуць прысутнічаць міжнародныя назіральнікі.
Аўтарытарны рэжым паставіў задачу нумар адзін — па ўсёй краіне загнаць любымі спосабамі на выбарчыя ўчасткі як мага болей народу, а «правільна» лічыць галасы ёсць каму. Кадры маюцца добра навучаныя, выдрэсіраваныя, загартаваныя ў шматгадовых баях з праўдай!
Безумоўна, у нашым краі ёсць шмат палахлівых, інертных людзей, якія не думаюць пра лепшую будучыню, да каго справядліва прад’яўляе прэтэнзіі Еўразвяз, бо яму надакучыла безвыніковая дзейнасць па дэмакратызацыі Беларусі. Многія грамадзяне разумеюць, што тутэйшы парламент — гэта фікцыя, не ведаюць тых, за каго галасуюць, ды выбарчы «аброк» паслухмяна адбываюць. А ідуць яны да выбарчых урнаў не з прычыны вялікага жадання «высказать свою позицию, свое отношение к действительности», як сцвярджае сацыёлаг, а таму, што баяцца адсочвання і пакарання кожнага, хто ўхіляецца ад галасавання. Можа, гэта і марны страх, але рэальны!
Яшчэ больш цікавым фактам, які яскрава характарызуе парламенцкія выбары і сам парламент, а таксама выканаўчую ўладу, з’яўляецца тое, што дэпутатаў па сваіх выбарчых акругах не ведаюць нават чыноўнікі самага высокага рангу, пра што нядаўна расказалі СМІ. Словам, давыбіраліся і дапрацаваліся!
Што і казаць, ганебная сітуацыя склалася, але, нягледзячы на гэта, я веру класіку айчыннай літаратуры Якубу Коласу, які выявіў непрадказальны характар беларусаў у вядомых радках:
Я маўчу, маўчу, трываю,
Але скора загукаю:
«Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!»
Грамадзянам сапраўды надакучыла глядзець, як улада трымае іх за дурняў: выкідае на вецер народныя грошы, дабівае родную мову і культуру — падмурак нацыі, пыхліва надзімае шчокі і пускае хлуслівыя інфармацыйныя бурбалкі пра свае «перамогі».
Безумоўна, Беларусь — гэта не Лівія, не Сірыя, варыянт са стрэльбамі для яе не падыходзіць. Але ёсць байкот — тая мірная і дзейсная зброя, якой валодае кожны чалавек. Вось чаму яго баіцца аўтарытарны рэжым!