TOP

КАМУ ПАТРЭБНА БЕЛАРУСКАЯ КНІГА?

Здавалася б, задаваць такое пытанне ў дзяржаве, якая афіцыйна аб’явіла Год кнігі, проста не выпадае, прымуць за дзівака. Але не будзем спяшацца і згаджацца з чыноўнікамі, з афіцыйнымі СМІ, што ў Беларусі жывуць самыя актыўныя і культурныя чытачы на постсавецкай тэрыторыі. 

Бадзёрая інфармацыя пра чытацкую актыўнасць нашага люду зноў гучала на Свяце беларускага пісьменства, якое сёлета праводзілася ў Глыбокім на Віцебшчыне. Глыбоччына — гэта зямля з прыгожымі ландшафтамі, на якой стаяць выдатныя храмы, помнікі свецкай архітэктуры, дзе жывуць добрыя душою, працавітыя, гасцінныя людзі. Да гонару жыхароў унікальнага рэгіёна, яны ведаюць і шануюць сваю слаўную гісторыю, увекавечваюць імёны выбітных продкаў, тут роднае слова гучыць не толькі на культурніцкіх святах. Але, на жаль, русіфікацыя моцна закранула і гэты бласлаўлёны край, што бачна па татальным выгнанні беларускай мовы са школ, з мясцовага друку, са справаводства і ўжытку ў дзяржаўных установах.

Натуральна, калі праводзіцца мерапрыемства, прысвечанае беларускаму пісьменству, то ў цэнтры ўвагі павінна быць літаратура, кнігі, створаныя на роднай мове або на яе перакладзеныя. Усё, што выпускаецца на замежных мовах, не належыць да беларускай культуры. Адкінем прэч дэмагогію пра роўнасць дзвюх дзяржаўных моў і высветлім, што і ў якіх аб’ёмах друкуецца.

У 2011 годзе ў Рэспубліцы Беларусь выпушчана 11084 кнігі і брашуры накладам 34,34 мільёна асобнікаў, з іх на роднай мове — 940 назваў накладам 2,9 мільёна асобнікаў. Увогуле, беларускамоўная літаратура ў агульнай колькасці прадукцыі складае 8,5% (!). У параўнанні з 2010 г. яе выпуск скараціўся на 1,2% па назвах і аж на 27,5% па накладах. Такая рэальная «роўнасць» моў!

Але кнігі на роднай мове яшчэ выходзяць, у тым ліку і мастацкая літаратура. Толькі ці ёсць у іх чытач? Сацыялагічнае даследаванне, праведзенае ў 2011 г., паказала, што 17, 3% насельніцтва (грамадзяне ад 18 да 70 гадоў) не чытаюць мастацкую літаратуру на любой мове. На рускай мове яе чытаюць 82, 5%, на беларускай — 13, 8% апытаных. 80% наогул не чытаюць па-беларуску. На пытанне: «Пры якой умове вы б аддалі перавагу твору аўтара на беларускай, а не рускай мове?» — 68, 4% грамадзян катэгарычна адказалі: «Ніколі!»

Адкуль жа грэблівасць да роднай мовы, чаму мала чытачоў? Адказ на гэтае пытанне знаходзіцца ў сферы адукацыі. Як без ведання мовы можна стаць чытачом? Толькі 18% (!) выпускнікоў сёлета скончылі школы з беларускай мовай навучання. Але гэтая афіцыйная статыстыка патрабуе тлумачэння. Па-першае, у буйных гарадах і амаль ва ўсіх райцэнтрах беларускамоўных школ няма, навучанне на роднай мове як бы вядзецца ў вёсках, па-другое, нават там яна знаходзіцца ў статусе падчарыцы.

Брыдка слухаць чыноўнікаў з Міністэрства адукацыі, якія апраўдваюць выкладанне гісторыі, геаграфіі і іншых прадметаў па рускіх падручніках недахопам грошай. Калі пасля ганебнага рэферэндуму дэнацыяналізаваныя валюнтарысты спяшаліся знішчыць ненавісныя ім падручнікі з бел-чырвона-белым сцягам і «Пагоняй» і замяніць іх, то сродкі імгненна знайшліся.

Цынічна выглядае валтузня вакол тэсціравання, выдумкі, што выпускнікі не жадаюць здаваць яго на роднай мове. Калі дзяўчына або юнак вучыліся па-руску, то як ім раптам перайсці на беларускую мову? Дарэчы, а які сэнс? У краіне няма ніводнай ВНУ з беларускай мовай навучання! Мяркую, што самі чыноўнікі ад адукацыі знянацку прапанаваную ім беларускую дыктоўку з грукатам правалілі б, а ў лепшым выпадку вынікі былі б несуцяшальнымі.

У ХІХ стагоддзі генерал-губернатар Паўночна-Заходняга краю, граф М. Мураўёў, які за жорсткасць у падаўленні нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863—1864 гг. займеў мянушку «Вешальнік», аддаў дырэктыву: «В Северо-Западном крае так называемую мову необходимо свести на ничто, потому что если этого не сделать, она постоянно будет инспирировать мысль об отдельном белорусском народе и о праве этого народа на этничную самостоятельность и национально-государственную суверенность, чего допустить нельзя…» Загад выконваўся царскімі «кручкамі», а затым спатрэбіўся і савецкім чыноўнікам, якім хацелася збудаваць камуністычную імперыю з адзінай мовай, што асабліва не здзіўляе.

Абурае да глыбіні душы тое, што ў адукаваным ХХІ стагоддзі ў суверэннай Рэспубліцы Беларусь, дзе ёсць усе магчымасці для адраджэння і развіцця нацыянальнай мовы і культуры, улада працуе нібыта пад дыктоўку і пад наглядам Мураўёва-вешальніка, які ўпэўнена прадракаў: «Что не сделал русский штык, доделает русская школа и русский поп». Жахліва думаць, што пры татальнай абыякавасці беларусаў, якая назіраецца, гнюснае прароцтва можа спраўдзіцца!

На постсавецкім абсягу мацнее цяга да «прыгожага жыцця», нацэленасць на «грамадства спажывання». Адкрытым тэкстам аб’яўляецца, што галоўны жыццёвы арыенцір — гэта грошы. Дух новага часу абмаляваў прадстаўнік расійскага шоў-бізнесу Ф. Кіркораў: «Все покупается, все продается!» Гэтым пастулатам узброіліся не толькі спевакі, але і кіраўнікі дзяржаў, чыноўнікі, парламентарыі, супрацоўнікі судоў, праваахоўных органаў, спецслужбаў, СМІ.

У спажывецкай мітусні, якая апанавала начальнікаў, а ўслед за імі і ўсё насельніцтва, прападае разумная стратэгічная перспектыва развіцця беларускай нацыі. Па гэтай важнейшай праблеме ў мяне, як грамадзяніна Беларусі, прынцыповае разыходжанне з курсам вертыкалі. Ёй патрэбна захаванне сваёй улады, як мага даўжэйшае знаходжанне ля поўнага карыта даброт. Меркантыльныя мэты невялікай купкі цынічных і нахабных людзей сталі бар’ерам на шляху нашага грамадства да лепшага жыцця. Пра такіх кіраўнікоў трапна напісаў выдатны рускі філосаф М. Бярдзяеў у «Философии неравенства»: «Для вас культура — лишь средство вашей политики и экономики, лишь орудие благоденствия /…/ И сколько бы вы ни пробовали украшать себя культурой, слишком видно и ясно, что никаких ценностей культуры для вас не существует».

А я ўсё жыццё заклапочаны зберажэннем на планеце майго народа, якое немагчыма без умацавання нацыянальнай культуры, без беларускамоўных дзіцячых садкоў, школ і ВНУ…

Нядаўна студэнты выйшлі на плошчу Якуба Коласа ў Мінску з лозунгам: «Хочам вучыцца па-беларуску!». Дык каго падтрымліваць? Любімую мной свядомую моладзь, якая не баіцца «чорнай арды» амапаўцаў і выступае ў абарону мовы нацыі, або дзяржаўных хлусаў з самага верху і да нізу, якія, дыскрымінуючы яе, спасылаюцца на «жаданне бацькоў»?

Акрамя таго, давайце глянем на Расію, якая займаецца прасоўваннем рускай мовы па свеце, на Украіну, дзе бурліць змаганне за роднае слова, бо не хоча наша мілая суседка стаць калоніяй, а таму на першы план выходзіць народны кліч: «Нас яднае мова!»

Свята беларускага пісьменства павінна не «два дні панаваць» у нейкім кутку краіны, каб затым знікнуць, а стаць звыклай будзённасцю.

Мове карэннага народа сорамна выступаць у ролі «ряженой», як гэта адбываецца на «Дажынках», «Славянскім базары», днях гарадоў і пасёлкаў. Ёй трэба быць паўнапраўнай гаспадыняй у сваёй хаце. Без рашэння гэтай праблемы ўсе размовы пра любоў да Беларусі — злачынная дэмагогія.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.