TOP

КУЛЬТУРА, ДЗЕ ТЫ?

Пазамінулы роздум выклікаў тэлефанаванні чытачоў газеты, у якіх была падтрымка і выказваліся меркаванні па ўзнятых праблемах. З улікам гэтага мне падалося, што размову пра ролю культуры, мовы, мастацкай літаратуры ў жыцці кожнага чалавека і ўсяго грамадства трэба прадоўжыць. 

Пачну з элементарнай ісціны: каб прыстойна і годна жыць у любой краіне планеты (нават пры кепскім палітычным надвор’і!), трэба быць культурным чалавекам. Гэтае паняцце ўключае ў сябе не толькі разуменне таго, што нельга хадзіць з нямытым тварам, непачышчанымі зубамі, кідаць недакуркі міма сметніцы або смаркацца ў рукаво. Ёсць напісаныя (біблейскія запаведзі) і няпісаныя законы, згодна якіх стагоддзямі існуюць людзі. Якраз дзякуючы выпрацаванай сістэме маралі і культуры чалавецтва вытрымала шматлікія катаклізмы — войны, рэвалюцыі, галадаморы, рэпрэсіі, не вырадзілася ў статак пачварных, мярзотных істотаў.

Пры складаным пераходзе савецкіх рэспублік з непабудаванага, утапічнага камунізму ў капіталізм «з нечалавечым тварам», у эпоху раскрадання агульнанароднага багацця, меркантылізму і спажывецтва ў вярхах і ў нізах грамадства цынічных, нахабных людскіх экзэмпляраў стала значна болей, але гэта не супярэчыць сказанаму, а толькі пацвярджае важнасць культуры. Расійскі пісьменнік В. П’ецух у эсэ «Символ веры» вывеў справядлівую формулу: «…Человек — это культура, а не то, что ходит и говорит».

Культура чалавека вызначаецца па яго паводзінах. Сучаснае складанае жыццё стала не па зубах асобам з вялікімі амбіцыямі, але куртатай адукацыяй і нізкай культурай. Дарваўшыся да ўлады — «Вчера наш Иван огороды копал, а сегодня Иван в воеводы попал» , яны зрываюцца ў піке распусты, карупцыі, хабарніцтва, крадзяжу.

Патэлефанавала настаўніца-пенсіянерка і кажа: «Рыба гніе з галавы. Сама вярхоўная эліта сваімі паводзінамі прапагандуе амаральнасць і бескультур’е. У культурных людзей цынічная распушчанасць або падваротнае хамства, пошлыя жартачкі кіраўнікоў выклікаюць не смех, а грэблівасць. Але шмат хто задаволена ці зларадна хіхікае: не адны мы — грэшныя!»

Хачу дапоўніць яе назіранні. Уражвае няўменне чыноўнікаў выкласці сваю думку. Неяк слухаў інтэрв’ю з беларускім паслом у краіне, з якой складаныя адносіны. Ён выявіў настолькі жахлівую коснаязыкасць, што ў параўнанні з ім савецкі калгасны брыгадзір выглядае Цыцэронам. Кепска, але такая «хвароба» ў многіх людзей на пасадах. Яшчэ раз пра гэта напомнілі дэбаты ў СМІ , якія вялі кандыдаты ў дэпутаты з ліку кіраўнікоў.

А простых грамадзян выдаюць прымітыўныя тэлевізійныя гульні з біркай «інтэлектуальныя», якія карыстаюцца папулярнасцю, бо пераможцам свецяць прызы і грошы. Паказальна тое, што юрысту, журналісту, эканамісту або дырэктару школы не сорамна ў ходзе іх мыкаць, не адказваць на пытанні, якія пад сілу вучню.

Культурны чалавек не крыўдзіць слабейшых — старых, жанчын, дзяцей. У Беларусі па гэтым параметры — правал. У тым, што ў Гародні амапавец зарэзаў жанчыну, а дзіцяці праламіў патэльняй галаву, нічога дзіўнага няма. Падобныя жахлівыя ўчынкі, звязаныя з прымяненнем зброі, фізічнай сілы, здараюцца часта. Гэта паказвае, што людзей, якія ахоўваюць парадак і самі павінны быць прыкладам для грамадзян, трэба вучыць не толькі стральбе, сілавым прыёмам, маханню дубінкамі, але і элементарнай маралі, культуры.

У размове разумны, сумленны афіцэр міліцыі, якія яшчэ ў нас ёсць, сказаў: «Из системы МВД ушли порядочные, совестливые сотрудники, которые имели неплохое воспитание, корректно работали с гражданами. А теперь многие новобранцы не умеют мыслить, общаться с людьми, боятся неформального разговора, нередко срываются на грубость, нецензурщину, чем ставят барьер между правоохранительными органами и обществом». Скандалы, якія пастаянна трапляюць у СМІ, сведчаць, што гэта тычыцца таксама супрацоўнікаў КДБ і іншых сілавікоў.

Увогуле ў краіне пануе дух падазронасці, варожасці, агрэсіі, ён вісіць у паветры. Цяпер забіць чалавека стала, як раз плюнуць. Бойкі, садызм пачалі прыжывацца нават у школах.

А зараз пра галоўную прыкмету культурнага чалавека. Яна выяўляецца ў тым, каб ведаць гісторыю свайго народа, уласны радавод, правільна гаварыць і пісаць на роднай мове. Гэта прызнаны крытэрый. Цяпер прыкінем — колькі беларусаў пад яго падыходзіць? Мізэрны працэнт. Вось вам культура, вось любоў да Айчыны, патрыятызм, які зведзены сёння да лозунгаў на шчытах, да тупога скандзіравання на святах: «Мы — беларусы!»

Нягледзячы на тое, што кіраўнік краіны і прапаганда пачаткам гісторыі Беларусі хочуць зрабіць 1994 год (!), спецыялісты стварылі дастаткова праўдзівых кніг, каб людзі ведалі біяграфію народа. Для гэтага трэба толькі не ленавацца і чытаць. Але зноў паўстае пытанне пра родную мову, на якой, натуральна, напісаны выданні. Як ні круці, а беларускамоўныя садкі, школы і ВНУ нам патрэбны. Толькі на сваёй мове грунтуецца нацыянальная культурная адукацыя, без якой мы ніколі не пабудуем суверэнную дзяржаву!

Усё ў белым свеце паяднана, матэрыя і дух існуюць побач, але тэхналогія вытворчасці хлеба больш простая, чым стварэнне ў грамадстве культурнай атмасферы. Эканоміка робіць людзей сытымі, ладзіць быт, а культура працуе на ўзвышэнне душы, дапамагае чалавеку зразумець сэнс жыцця, стаць духоўна напоўненым, упэўненым у высокім прадвызначэнні — і таму шчаслівым.

Занятыя спачатку палітыкай, якая па прычыне грамадзянскай абыякавасці паднесла пасля глытку свабоды «сюрпрыз» у выглядзе аўтарытарызму, а цяпер — матэрыяльным выжываннем, бо сядзім на мізэрнай пайцы, мы не заўважылі, як знікла культура. Заняпад яе адбыўся па ўсіх кірунках, а на змену прыйшлі міліцэйска-бандыцкія баевікі, «мыльныя оперы», пошлыя хохмы гумарыстаў, прымітыўная і непісьменная рэклама, якія даводзяць людзей да атупення. Разумныя грамадзяне азірнуліся па баках і ўздрыгнулі — кавалак хлеба ёсць, а культуры няма. Аказалася, што без яе аўтаматычна не засвойваюцца нават самыя простыя нормы маралі, не працуе душа.

Справядлівую ацэнку сітуацыі дае В. П’ецух, якога я ўжо цытаваў: «Наши власти предержащие мечутся из угла в угол, в бессилии выдумывают разные несуразности /…/, занимаются чем угодно, только не культурой; а между тем культура — это все, и без культуры ничего не может быть — ни человека, ни общества, ни страны. По крайней мере, ни один государственный институт не в состоянии правильно функционировать, если офицер, чиновник, участковый уполномоченный слыхом не слыхивали о таком понятии — «честь» и при случае мать родную обменяют на «Мерседес».

Я толькі дадам, што антыкультурная палітыка заўсёды заканчваецца жорсткай помстай культуры спажывецкаму, гламурнаму грамадству і аўтарытарнай дзяржаве. Такое ў гісторыі чалавецтва было неаднойчы.

Сёння даводзіцца гукаць: «Культура, дзе ты?» А што нас чакае далей? Бяда прыйдзе якраз адтуль, адкуль мы яе не чакаем, сквапна робячы галоўнай мэтай жыцця багацце, саманадзейна лічачы сябе адукаванымі, культурнымі людзьмі, перадаючы прымітыўныя, а то проста дзікунскія паводзіны і веды сваім нашчадкам.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.