НАШ НАСТАЎНІК — ЛІТАРАТУРА
Маё пакаленне заспела два перыяды сапраўднай кнігаманіі ў СССР. Першы прыпаў на 50-я гады ХХ ст., калі пасля вайны адбудаваліся вёскі і гарады, скончыўся голад, людзі сталі жыць лепш, а ў душах прыціх боль ад страт. А другі — у 80-х гадах — прынеслі (як бы хто негатыўна ні ставіўся да іх!) перабудова і галоснасць.
Добра помню малюнкі маленства, як з Вулы або Полацка стомлены бацька прывозіў прыгожыя, з таямнічым пахам друкарскай фарбы томікі, колькі было радасці. А ў сталым веку ўражвала цяга мільёнаў беларусаў да тады дэфіцытных падпісных выданняў, якая завяршылася адкрыццём літаратуры, забароненай савецкай цэнзурай. Асабіста ў мяне быў яшчэ і трэці «кніжны» перыяд, але ён спецыфічны, звязаны з вучобай на філалагічным факультэце БДУ.
Кнігі, якія народ чытаў запоем, сагравалі аўтарскім душэўным цяплом, узбагачалі новымі ведамі, мацавалі маральнае здароўе, дапамагалі жыць. У канцы ХХ стагоддзя мода на далучэнне да класічнай і новай таленавітай мастацкай літаратуры прайшла, хцівыя кавалі «гарачага бабла» пераключылі народныя масы на бульварныя аповесці і раманы, на прымітыўную папсу. Можна пагадзіцца з меркаваннем рускага літаратара Ю. Кубланоўскага: «В 90-е годы люди с микроскопическими мировоззренческими способностями и талантом претендовали — на олигархические бабки — быть «властителями дум», и им это удавалось. Ну а под ними — болотные испарения масскультуры и шоу-бизнеса». Пачатая ў той час крыклівая пірушка агрэсіўнай пошласці і безгустоўнага гламуру яшчэ не скончылася.
Сёння ў канкурэнцыі з кнігай знаходзяцца электронныя сродкі інфармацыі і камунікацыі. Яны прынеслі людзям шмат карыснага, зрабілі камфортнейшым іх быццё, але маюць і адмоўныя якасці. Пра гэта кажа вядомы пісьменнік А. Бітаў: «И ТВ, и интернет постепенно отучают от чтения книг. А чтение — это же прекраснейшее занятие… И искусство, и литература, та самая «духовная пища» — они позволяют нам перекинуть мостик в прошлое. Литература — орган, средоточие языка, а язык — это главное, что есть только у человека. Питается, размножается и помирает он, как животное. Но у животных нет языка!»
Кніга — гэта ўнікальнае вынаходніцтва чалавецтва. Яна — незаменная ў справе культурнага і інтэлектуальнага развіцця людзей. Адсутнасць рэгулярных стасункаў чалавека з класічнай і сучаснай таленавітай мастацкай літаратурай немінуча збядняе яго лексічны запас, прытупляе здольнасць лагічна, завершана пабудаваць фразу, паўней і глыбей выказаць сваю думку.
Напрыклад, вялікай праблемай стала тое, што многія школьнікі і студэнты не могуць скласці разгорнутага сказа, у іх надзвычай бедная гутарковая мова. Пра што гэта гаворыць? Моладзь не павінна «да пасінення» сядзець і поўзаць па інтэрнэце, бяздумна спісваць патрэбныя крытычныя тэксты і выдаваць іх за свае, а намнога болей сябраваць з кнігамі, якія рэальна развіваюць і выхоўваюць чалавека.
Акрамя таго, у карыстанні iнтэрнэтам таксама патрэбна культура, што вельмі важна для захавання здароўя дзяцей і моладзі. Калі новыя пакаленні вырастуць толькі з гэтым сродкам інфармацыі і камунікацыі, дзе шмат граматычных памылак, то яны могуць быць непісьменнымі.
Ды што казаць пра школьнікаў і студэнтаў, калі нібыта дыпламаваныя, салідныя дзядзькі і цёткі, у шыкоўных гарнітурах і з моднымі прычоскамі, якія належаць да наменклатурнай эліты, з цяжкасцю звязваюць словы! Лепш за ўсё гэта бачна, калі ў іх бяруць інтэрв’ю карэспандэнты телебачання або радыё, дарэчы, самі тыя яшчэ грамацеі. Татальная коснаязыкасць чыноўнікаў проста кідае ў шок. Калі яны адкрываюць рот, то хоць стой, хоць падай!
У аўтарытарнай дзяржаве, дзе адукацыя ператвараецца ў фікцыю, дайшло да таго, што чыноўнікі не могуць выступаць без паперкі, самастойна напісаць маленькую прамову або нават службовую паперу. Для гэтага набіраецца штат больш-менш пісьменных лакеяў.
Склалася даволі абсурдная і камічная сітуацыя — людзі пры пасадзе, якія гадамі не бяруць у рукі кнігу, могуць, абсалютна не саромеючыся, адкрываць важныя культурныя мерапрыемствы, на поўным сур’ёзе разважаць пра літаратуру і мастацтва, пра духоўнасць…
Беларуская літаратура і самі лепшыя пісьменнікі не ад добрага жыцця, а ва ўмовах знішчэння роднай мовы вымушана сталі і застаюцца ратавальнікамі нашага этнасу, гарантам нацыянальнай незалежнасці.
У Беларусі пісьменніцкае рамяство — не раскоша. Пачынаючы з ХІХ стагоддзя, ва ўсе часы яно было справай небяспечнай. Безумоўна, маю на ўвазе сапраўдных творцаў, а не псеўдалітаратурную шушару і графаманаў, якія штурхаюцца ля дзяржаўнага карыта. Паводле афіцыйнай інфармацыі, з дзяржбюджэту за пяць гадоў выдаткавана звыш 16 мільярдаў рублёў на выпуск кніг членаў прыўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі, створанага ў 2006 годзе. Але рамана тыпу «Вайны і міра» Л. Талстога, напісанне якога ад падапечных строга патрабаваў галоўны патрон, так і не з’явілася.
Сапраўдная літаратура не ствараецца па камандзе. Гэта ведаюць сябры незалежнага Саюза беларускіх пісьменнікаў, якія без ніводнага дзяржаўнага рубля за той жа час напісалі і выдалі сотні таленавітых кніг. Увогуле я не акцэнтую ўвагу на колькасці. Галоўным паказчыкам якасці літаратурнага твора з’яўляецца яго папулярнасць у айчынных чытачоў і пераклады на іншыя мовы. Адна паважаная мною працаўніца на ніве бібліятэчнай справы кажа справядліва: «Ты можаш расказваць сваёй жонцы пра тое, які ты вялікі і геніяльны, а яна пляскаць у ладкі. Так і будзеце цешыцца. Але ацэньваюць творчасць чытачы, крытыкі, а найлепш — перакладчыкі з іншых краін».
Нягледзячы на складзеныя ўладай «чорныя спісы», бар’еры, незалежным пісьменнікам усё ж удаецца мець запатрабаванасць, салідныя аўдыторыі чытачоў як у краіне, так і за яе межамі.
У прадмове «Неўміручая воля паэзіі» да зборніка літаратараў Вілейшчыны «Пад шэпат хваляў Віліі» я напісаў наступнае: «Яшчэ з маленства, з юнацтва людзі пастаянна цягнуцца душою да паэзіі, таму што гэта — самы дэмакратычны, даступны і надзвычай дзейсны від літаратуры. Той, хто мае пад рукою томік таленавітага аўтара, можа ў хвіліну неспакою, душэўных шуканняў і парыванняў прачытаць адзін верш або, наогул, толькі страфу, радок, і раптам знайсці ў іх нешта сугучнае сваім пачуццям, настроіцца на тую ж, вызначаную паэтам, сяброўскую, зразумелую хвалю перажывання і роздуму над жыццём».
Падтрымку сваім словам знайшоў нядаўна ў інтэрв’ю пасла Азербайджана ў Рэспубліцы Беларусь Ісфандзіяра Бахціяра аглы Вагабзадэ, які займаецца літаратурным перакладам і ўзяўся за пераўвасабленне твораў нашых класікаў: «Хачу, каб мой народ змог адчуць дух вашага народа. Гэта магчыма толькі дзякуючы паэзіі: ніякія падручнікі па гісторыі тут не памогуць. Тым больш што ў вершах Багдановіча, Купалы перададзены нацыянальны каларыт Беларусі».
Гаворачы пра выхаванне моладзі, ён падкрэсліў: «Ведаеце, што такое быць нявыхаваным? Гэта не значыць быць хуліганам — гэта значыць не ведаць гісторыі і літаратуры роднай краіны».
…Ад рэдакцыі: кнігі С. Законнікава «Шалёная Куля», «Дол» (вершы і паэмы), «Насустрач» (публіцыстыка, эсэ) ёсць у кнігарні «Акадэмічная кніга» (пр. Незалежнасці, д. 72).