ПАДМУРАК НАЦЫІ
Пасля гаворкі ў папярэдніх роздумах пра ролю культуры, літаратуры ў жыцці грамадства логіка вывела да нацыянальнага падмурку — роднай мовы. Трагічную сітуацыю, у якой яна ў выніку доўгатэрміновага гвалту апынулася, трэба выпраўляць. А для гэтага праблему неабходна асэнсоўваць не павярхоўна, а глыбока і грунтоўна.
Пакуль што незалежны Беларускі Дом стаіць на нетрывалым падмурку, які аўтарытарная ўлада зляпіла са спажывання замежнай халявы, з нахабства, цынізму, хлусні, фальсіфікацый і шантажу. На такой аснове нельга надоўга захаваць сцены і дах збудавання — гэта значыць — эканамічную стабільнасць краіны, яе міжнародны аўтарытэт, суверэннасць, сціплы сённяшні дабрабыт грамадзян, спадзяванне на лепшую будучыню. Усё можа абрынуцца, рассыпацца ў тло ў любую хвіліну. А цэментуюць грамадства ў непахісны маналіт, у нацыю перш за ўсё родная мова, культура, самасвядомасць.
Тутэйшыя гісторыкі, філосафы, сацыёлагі, палітолагі даўно ў дачыненні да беларусаў выкарыстоўваюць тэрмін — нацыя. Не баючыся наклікаць на сябе іх гнеў, скажу, што такое вызначэнне вельмі далёкае ад гістарычнай праўды, ад навуковых падыходаў, робіцца з неапраўдана вялікім авансам.
У заходняй і цэнтральнай Еўропе працэс фарміравання сучасных нацый адбыўся ў канцы ХУІІІ — на працягу ХІХ стагоддзяў. Далей на ўсход дзяржавастваральныя этнасы ў сілу розных прычын набылі гэты важны статус пазней, а некаторыя (напрыклад, рускія) не змаглі дамагчыся яго і да сённяшняга дня. Да ліку няўдачнікаў адносяцца і беларусы.
Сучаснае вызначэнне нацыі выглядае так: гэта згуртаванне грамадзян, аб’яднаных агульнай мовай, культурай, асновамі грамадзянска-палітычнага быцця і, што абавязкова, непахісным усведамленнем сваёй супольнасці. Калі разглядаць беларусаў па пералічаных крытэрыях, то трэба канстатаваць, што нацыяй яны не з’яўляюцца. Пакуль што мы знаходзімся ў статусе звычайнага, нацыянальна несвядомага насельніцтва, якое жыве на пэўнай тэрыторыі, або гэтак званага «паўнарода». Якраз да нас скіраваны запытальныя, сумныя радкі вядомага паэта Д. Самойлава: «Когда из мглы полународа возникнет как-нибудь народ…» Я таксама думаю: калі? Нагледзеўшыся да вострага болю ў сэрцы на цяперашняе дзікунства, на здзек над роднымі святынямі, якія пакінуты ў спадчыну продкамі, мая маральная стомленасць іншым разам выразна шэпча слова «ніколі», але я рашуча ганю яго прэч.
Што з галавой акунае ў песімізм? У першую чаргу татальнае неразуменне многімі людзьмі, у тым ліку прадстаўнікамі ўлады і навукоўцамі, важнасці пастаяннага выкарыстання роднай мовы для выспявання самасвядомасці, для станаўлення нацыі.
Кіраўнік краіны, які неаднойчы «праславіўся» пасажамі наконт беларускай мовы, пасля нядаўняй сустрэчы з прэзідэнтам Расіі У. Пуціным заявіў: «И нам надо держаться друг за друга, двум, скажем так, русским, по большому счету, народам, ибо будем биты поодиночке». За што трымаюцца два дзеячы, даўно вядома — за ўладу. А вось народы якраз заўсёды моцныя найперш сваім нацыянальным духам.
Тая трактоўка скіравана супраць усяго свайго, нацыянальнага. Сапраўды, навошта «русскому, по большому счету, народу» беларуская мова? Але тут сабака закапана глыбей — у многіх тутэйшых спрацоўвае комплекс няпаўнавартасці, уцёкаў ад «калгаснасці» — лепей буду малоць языком на «трасянцы», каб толькі далей ад роднага, крэўнага. Можа, некаму здасца выгадным, а таму і прыемным, што яго залічылі ў рускія (на выбар — ці то «по большому счету», ці то «с плюсом»), а я лічу, што асабіста мне наносіцца абраза. Акрамя таго, вы можаце ўявіць такое, каб супраць сваёй мовы ваяваў лідэр Англіі, Францыі, Германіі, Італіі або Іспаніі?
У прэсе з’явіліся дыскусійныя эсэ навукоўца і публіцыста В. Воранава, прысвечаныя праблемам развіцця краіны. З пэўнымі яго думкамі можна пагадзіцца, але пярэчанне выклікае дзіўная згода даследчыка з усімі наступствамі валюнтарызму ў моўным пытанні, а таксама максімалізм у ацэнцы працэсаў сусветнай мадэрнізацыі і глабалізацыі. Ён піша: «Трэба мець на ўвазе, што рана ці позна мы будзем вымушаныя мадэрнізавацца. У такой сітуацыі падтрымліваць мову беднай суседкі стане немэтазгодна. Па-першае, на адных сантыментах рабіць гэтага беларусы не стануць, па-другое, хутчэй за ўсё, рускія самі з часам стануць двухмоўным грамадствам, і размаўляць нам з імі можна будзе па-англійску».
Вось табе і маеш! Адзін, як прадукт тыповай савецкай загартоўкі, спакойна залічвае беларусаў, якімі кіруе, у рускі народ, другі — «прасунуты» малады грамадзянін незалежнай Беларусі — прапануе навучыцца гаварыць па-англійску. А дзе ж тады месца мовы карэннага, дзяржавастваральнага этнасу — нашай роднай мовы?
Акрамя таго, не выключана, што ў выніку адсутнасці кантролю над уладай, агрэсіўнага кіраўнічага валюнтарызму на беларускай тэрыторыі ў бліжэйшы час могуць з’явіцца сотні тысяч кітайцаў. Якая тады мова навечна запануе ў родных абсягах?
У выніку абыякавага стаўлення ўлады і грамадзян да нацыянальных чыннікаў як у савецкі час, так і цяпер, ЮНЕСКА занесла беларускую мову ў лік паміраючых, а працэс фарміравання беларускай нацыі ідзе марудна. На яго актывізацыю не паўплывала нават Чарнобыльская трагедыя, калі трэба было ўсім здрыгануцца душою і задумацца над сваёй будучыняй. А таму я пытаюся — якія яшчэ дрожджы патрэбны беларусам, каб узышла нацыянальная самасвядомасць?
Дайшло да сораму на ўвесь свет — сучасныя прыўладныя грамацеі не ведаюць, што азначае тое ці іншае роднае слова. Напрыклад, яны назвалі дзіцячае харчаванне — «Абібок». Чытаеш надпіс і ўяўляеш, як ласкавая мама корміць немаўлятка з лыжачкі і «пяшчотна» прыгаворвае: «На табе, абібок! Жары, ненасытны гультай!»
Сапраўды, тэлебачанне, радыё, газеты, вулічная рэклама часта выглядаюць па-ідыёцку, бо страцілі арыентацыю ў родным слове. Вось чаму не трэба губляць час (18 гадоў ужо змарнавалі!) на спрэчкі паміж прыхільнікамі і ненавіснікамі беларускай мовы, а выбаўляць новыя пакаленні з моўнага гета — адчыняць беларускамоўныя садкі, школы, ВНУ.
На апошнім пасяджэнні Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў паважаны мною за нязгасную мужнасць Уладзімір Дамашэвіч, якому споўнілася 84 гады, звярнуўся з просьбаю разгледзець падрыхтаваны ім тэкст і прыняць зварот да ААН пад назвай «Беларускі народ і яго мова на мяжы вымірання!» Спробаў дастукацца да розуму ўладаў і да сэрцаў беларусаў за сваё жыццё старэйшына айчыннай літаратуры і ўвогуле Саюз беларускіх пісьменнікаў зрабілі шмат, але безвынікова.
Цяпер ссівелы Уладзімір Максімавіч наіўна спадзяецца, што нашым ратаваннем зоймецца ўплывовая міжнародная арганізацыя. Не ведаю, як каму, а мне сорамна глядзець у вочы гэтаму слаўнаму чалавеку, бо самую вялікую траўму мы наносім самі сабе. Маючы сваю дзяржаву, нам неабходна сваімі сіламі разумна вырашаць любое пытанне.
Для нармальнага жыцця нам патрэбна дэмакратычная палітычная сістэма і няўхільная ўлада закона, пры якіх можа адбыцца трансфармацыя Беларусі ў спелую нацыянальную дзяржаву, кансалідацыя грамадзянскай супольнасці і вырашэнне застарэлай моўнай праблемы.