TOP

ПЛАКАЛЬШЧЫЦЫ

У многіх народаў свету, у тым ліку ў славян, ёсць не зусім звычайная прафесія — плакальшчыцы. Біблейская энцыклапедыя дае тлумачэнне: «(Иер. 9: 17, 20) — под сим названием вообще разумеются наемные женщины, которых обязанность заключается в проводах умерших с плачем. Все лица, встречавшие похоронную процессию, естественно присоединялись к ним и плакали вместе с ними».

Падставу для таго, каб успомніць жалобны звычай і яго выканаўцаў, далі парламенцкія выбары ў Беларусі. Ажыятаж вакол іх нарэшце сціх. Байкот, які адбыўся на большасці выбарчых участкаў, добра праняў страхам вертыкаль і выбарчыя камісіі, але чыноўнікі зрабілі выгляд, што «не заўважылі» яго, нахабна паставілі ў выніковых дакументах патрэбныя фальшывыя лічбы. Па камандзе зверху новыя «народныя слугі» будуць зноў бяздумна ціскаць на кнопкі, паслухмяна штампаваць спушчаныя з галоўнай адміністрацыі законы.

Цяпер ёсць магчымасць глянуць на выбары не з боку прадажнай і бруднай мясцовай палітыкі, а з пазіцыі вечнай маралі, якую яшчэ ніхто не адмяняў.

Нехта спытае: «А якое дачыненне да ўспомненага жалобнага звычаю маюць выбары?» Адказваю: «Самае непасрэднае!» Справа ў тым, што ў адказны і важны дзень на многіх выбарчых участках краіны былі чутны ўсхліпы, рыданні. Так рэагавалі схопленыя незалежнымі назіральнікамі за руку на месцы сваіх злачынстваў падтасоўшчыцы-плакальшчыцы — старшыні, намесніцы старшыняў і члены выбарчых камісій. Затым жанчыны ўцякалі з дакументамі і не вярталіся або істэрычна клікалі міліцыю, каб тая выганяла з памяшкання настырных праўдашукальнікаў. У жаданні дагадзіць начальству, захаваць тайну махінацый, яны б, як лазутчыкі, нават праглынулі фальшывыя паперы, але ж гэта — не мікраскапічная шыфроўка. А потым дырэктары школ, настаўніцы, прадстаўніцы іншых бюджэтных устаноў пайшлі на працоўныя месцы і працягваюць вучыць сумленнасці, праўдзівасці сваіх падапечных. У гэтым яны бяруць прыклад з дзяржаўных кіраўнікоў, якія заклікаюць з трыбун: «Нельзя разрушать основы морали, нравственности», а самі ў жыцці вытвараюць такое, што нават д’ябал вар’яцее.

Заўважана, што ў стрэсавых сітуацыях жанчыны звычайна «ціснуць» на слёзы, кідаюцца ў плач і галашэнне. Неаднаразова гэта бачыў і чуў. Калі мне, трынаццацігадоваму хлапчуку, давялося ў снежні на возеры ратаваць малых дзяцей, што праваліліся пад лёд, то жанчыны, якія збегліся на крык, стаялі нерухома або жудасна галасілі. Выцягваць малышню з ледзяной купелі было цяжка, крышыўся тонкі лёд. Уратаваў чацвярых, але сам трапіў у палонку і ледзьве выкараскаўся. На беразе ляжаў будаўнічы матэрыял, які можна было скарыстаць. Я цягнуў праз сілу доўгую дошку і прасіў жанчын пасобіць, але марна. На дапамогу прыйшоў начальнік аддзялення саўгаса В. Гуськоў, які праязджаў міма. А таму здарэнне скончылася шчасліва, усе пяцёра дзяцей былі выратаваны.Тое ж самае адбываецца на пажарах — адны жанчыны дранцвеюць, у іх аднімаецца мова, а іншыя плачуць.

Можна падумаць, што я кепска стаўлюся да жанчын, не цаню іх. Якраз наадварот. Заўсёды помню класічныя радкі М. Някрасава: «Коня на скаку остановит, в горящую избу войдет…», выдатныя словы Я. Купалы «на беларускую дзяўчыну, калі тут праўду ёй аддаць, ніхто йшчэ каменем не кінуў і не паважыцца кідаць». У лірычных вершах і ў эсэ «Думаю пра цябе» я таксама ўславіў выключную прыгажосць, мужнасць, жыццёвую трываласць такіх безабаронных і далікатных з выгляду жанчын.

Але Евіна племя ў нашай краіне вельмі неаднароднае. Побач з сапраўднымі беларускамі, якія любяць сваю сям’ю, народ і Айчыну, якія шануюць нацыянальныя традыцыі, родную мову, культуру, ёсць нямала безнадзейна бяздумных, савецкіх гадаванак, а яшчэ за 18 гадоў аўтарытарызму нарасло багата неабальшавічак, для якіх свет сышоўся клінам на адным куміры. Ён уздзейнічае на іх, як расійскі спявак Стас Міхайлаў на хатніх гаспадынь.

У паэме «трибуна» У. Маякоўскага «Владимир Ильич Ленин» ёсць такія радкі:

«Если бы
выставить в музее
плачущего большевика,
весь день бы
в музее
торчали ротозеи.
Еще бы —
такое
не увидишь и в века!»

У Беларусі не трэба хадзіць па музеях. Кожны, хто завітае тут на выбары, можа ўбачыць неабальшавічак-плакальшчыц, якія дапамагаюць рэжыму дурыць народ.

Улады Беларусі і Расіі ў час выбараў праводзяць спаборніцтва па цынізму, нахабству і хлусні. У артыкуле «Общество созрело…» расійскі публіцыст Р. Тульчыцкі піша: «Но, похоже, они со своим цинизмом заигрались. Речь идет о не просто бесчестном проведении последних выборов… Не просто об откровенном игнорировании волеизъявления граждан… Не о недопущении оппозиции до ТВ или отказе в регистрации… За манипуляцией до и во время выборов еще могут следить наблюдатели… Речь о том, до чего не додумаются никакие наблюдатели — им это просто не может прийти в голову — о прямой подмене бюллетеней, документов, фиксирующих волеизъявление. Воля граждан — конституционного суверена России — отправлена на помойку, в печку, в бумагорезки. Это не просто неспособность соблюдать закон, делиться властью. Это страх. /…/

Дело ведь не просто в аморальности и сомнительной легитимности политического режима. Запредельный цинизм разлагает общество. Выросло уже несколько поколений, которые воспринимают тотальную коррупцию, неправедный суд, откровенную политическую манипуляцию — как норму. Ну ведь неспроста молодежь за пятьсот рублей готова участвовать в «каруселях», взрослые члены избирательных комиссий с усталым видом (все и так уже ясно) выдают бюллетени зачем-то пришедшим избирателям, председатели избиркомов сознательно идут на преступления, а администрация сознательно вынуждает их идти на эти преступления и покрывает их, а суды выносят издевательские решения».

Я таксама думаю: калі звычайныя грамадзяне не ўпэўнены ў легітымнасці ўсіх інстытутаў улады ў сваёй краіне, то да каго тады ім звяртацца? Што чакае грамадства і дзяржаву, дзе наверсе і ўнізе пануюць падман, хцівасць, зайздрасць і крывадушнасць? Зноў цытую Біблейскую энцыклапедыю: «Оплакивая судьбу дома Израилева пророк Амос говорит: «…на всех улицах будет плач и на всех дорогах будут восклицать: увы! увы! и призовут земледельца сетовать и искусных в плачевных песнях плакать (Ам. 5:16)».

На нядаўніх выбарах нешматлікія электаратчыкі, якіх на галасаванне загнаў адміністратыўны рэсурс (не пойдзеш — пазбавішся адказнай пасады, проста працы, студэнцкага білета, месца ў інтэрнаце і г. д.), мелі пахмурны выгляд. Усё нагадвала злавесны сталінскі час, пра які 26 чэрвеня 1938 года ў сваім дзённіку выдатны рускі пісьменнік М. Прышвін напісаў: «Голосование походило на какие-то торжественные похороны: молча люди подходили к избирательным урнам и уходили».

Кожны раз на чарговых прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах беларусы хаваюць сваю лепшую будучыню. У гэтай жалобе, як і належыць па звычаю, удзельнічаюць прыўладныя плакальшчыцы і плакальшчыкі (мужчынскую скупую слязу таксама нельга скідаць з рахунку!). Яны падтасоўваюць лічбы, а затым напаказ плачуць, плачуць, але пасля зноў падтасоўваюць і хлусяць.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.