TOP

КАЛІ НЯМА ПАМЯЦІ…

У Францыі ёсць выслоўе: «Хто забыў сваё мінулае, той пражывае яго наноў». Усталяванне ў нашай краіне аўтарытарнай сістэмы — гэта вынік палітычнай неадукаванасці і маральнай глухаты мільёнаў суайчыннікаў. Яно сведчыць, што ў большасці беларусаў кароткая памяць або яе зусім няма.

Негатыўную характарыстыку паводзін тутэйшага люду і той улады, якую ён выбраў у 1994 годзе, пацвярджаюць абуральныя падзеі, што адбываюцца на роднай зямлі. Пра новы факт вандалізму з гневам і болем расказала выдатная журналістка С. Калінкіна ў матэрыяле «Танцы ў Курапатах?», надрукаваным у «Народнай волі». У Мінску побач з месцам, дзе ляжаць расстраляныя людзі, ахвяры рэпрэсій Сталіна, зараз «дабудоўваецца рэстаранна-забаўляльны комплекс «БульбашЪ-хол» — аграмадны рэстаран, лазня з банкетнай залай, домікі для больш інтымнага адпачынку, дзіцячая пляцоўка. Ужо і рэклама вісіць — «Хутка адкрыццё».

Цалкам падзяляю зашкаленае абурэнне Святланы, але хачу заўважыць, што папрокі ў адрас грамадскіх арганізацый, ініцыятыў, асобных актывістаў дэмакратычнага руху, якія недаглядзелі, не спынілі вандалізм, маюць пэўны налёт рытарычнасці. А што — такіх кашчунных забудоў няма на жалобных, святых месцах у іншых гарадах Беларусі? На жаль, да кожнага чыноўніка, які дазваляе будоўлю, зневажаючую чалавечую памяць, да кожнага бізнесоўца , які без усялякага сораму хоча выкачваць грошы на жахлівым месцы, смелых, сумленных назіральнікаў, каб своечасова хапалі маральных ідыётаў за руку, не прыставіш. Гэта тычыцца таксама прэзідэнцкіх, парламенцкіх, мясцовых выбараў. Бязлітасную гаворку трэба весці пра агульны мярзотны стан грамадства, да якога давяла яго хлуслівая, амаральная аўтарытарная ўлада.

Адкуль з’яўляюцца сярод насельніцтва бязмозглыя вырадкі, у якіх кепска з памяццю? Адказваю — па добра бачнай прычыне. Пасля распаду СССР не быў па-сапраўднаму асуджаны зацяжны бальшавіцкі генацыд супраць народа, зафіксаваны ў 64 тамах дакументаў пра злачынствы сталінскіх халуёў і самога крывавага вусатага тырана. Важная праца стала магчымай у часы праўлення М. Хрушчова, дзякуючы створанай спецыяльнай камісіі і асабіста сумленнай даследчыцы В. Шатуноўскай — бакінскай рэвалюцыянерцы, сакратарцы легендарнага С. Шаумяна.

Статыстыка, якую ўдалося займець, сведчыць: І. Сталін уласнаручна падпісаў 357 расстрэльных спісаў, В. Молатаў — 372, недалёка стаяць Л. Кагановіч, К. Варашылаў, Г. Малянкоў, М. Хрушчоў, М. Яжоў, Л. Берыя — «лепшы стралок тыфліскага «Дынама». Самым «белым і пушыстым» сярод іх лічыцца А. Мікаян, які завізіраваў 8 спісаў.

Прытым цынічныя каты, каб даказаць сваю лаяльнасць і вернасць Сталіну, у рэзалюцыях ужывалі словы: «Мерзавцы!», «Сволочи!», выдатна ведаючы, што пасылаюць на смерць абсалютна невінаватых людзей…

12 і 13 кастрычніка гг. пад рубрыкай «Невядомая Беларусь» па тэлеканале «Белсат» паказаны дакументальны фільм Г. Самойлавай «Цівалі», штуршком для стварэння якога стала мая аднайменная паэма, напісаная ў 1994 годзе:

Горад начны закалыхваюць сны…
А на балконе бетоннага гмаха
Стаў чалавек побліз шэрай сцяны
І размаўляе з даверлівым птахам.
………………………………………
 
«Доўга мяняў я куток за кутком,
Доўга з сям’ёй пра жытло сваё марыў.
А засяліўся сюды ў новы дом —
Спаць не магу, бо даймаюць кашмары.
 
Ледзьве суцішуся і задрамлю,
Мроіцца зноў, што пад домам — магіла,
Што разграбае з магілы зямлю
Нейкая нечалавечая сіла.
 
Там між шкілетаў жывёлы на дне,
Густа аблеплены глінай іржавай,
Бацька ляжыць. Ён гукае мяне,
Толькі не голасам — дзікім іржаннем.
 
Конскаю грываю сцелецца чуб,
Зубы вялізныя неверагодна…
Я ў тую прорву лячу і крычу,
І прачынаюся ў поце халодным…»
 
Змоўк чалавек. Твар — шарэй ад сцяны.
Шнурам бікфордным дыміць цыгарэта…
Голуб-анёл кажа: «Гэта не сны…
Праўда вяртаецца і з таго свету…»

Каля вёскі Цівалі, якая ў 60-х гадах ХХ стагоддзя ўвайшла ў межы Мінска, быў могільнік жывёлы, што канала ад эпідэмій сібірскай язвы, сапу, яшчура.

У перадваенны час сталінскія забойцы, каб схаваць злачынствы, бо такое месца згодна санітарных нормаў нельга чапаць на працягу 100 гадоў, кідалі целы расстраляных у ямы да парэшткаў коней, кароў, авечак…

Галоўнае зло не было ў СССР канчаткова і беспаваротна асуджана, як у Германіі — гітлераўскі нацызм, а таму яно затаілася, каб выпаўзаць зноў і зноў. Сучасныя апалагеты Сталіна пакуль да расстрэлаў не дайшлі, але яны забіваюць памяць, скачуць на касцях.

Нельга сказаць, што працэс думання і ўспамінаў у тутэйшым грамадстве наогул адсутнічае. Сотні тысяч беларусаў раніцай пакутліва ўспамінаюць: дзе пілі, з кім, колькі спіртнога адужалі і што непрыстойнага нарабілі «ў адключцы». Рэшткі сораму тузаюць вінаватых, ім цяжка глядзець у вочы людзям. Але такі стан нядоўгі. Любымі спосабамі знаходзяцца грошы на «чарніла» або гарэлку, каб хутчэй «лінуць на камяні», а пасля — пустыя галовы і, канешне ж, зноў хочацца выпіць.

Прытым у няспыннае, беспрычыннае паглынанне алкаголю ўключыліся дзяўчаты і жанчыны, тут яны не так марудна, як у іншых сферах жыцця, а вельмі шпаркімі тэмпамі набліжаюцца да гендэрнай роўнасці.

Расійскі пісьменнік Ю. Кубланоўскі так напісаў у дзённіку: «…В здешнем обществе (гаворка пра Францыю — С.З.) доминируют приветливые обыватели; в нашем — грубоватые, глумливые, с агрессивным позывом люмпены. Несколько витков люмпенизации России (начиная аж с 1861 года). Последний мощный — после коммунизма и по сегодня». Гэтае назіранне тычыцца ўсёй постсавецкай тэрыторыі, у тым ліку і Беларусі.

Імкнення засвоіць далёкую і блізкую гісторыю, родную мову і культуру ў пустадомкаў няма. Яны не ведаюць пра ваяроў Грунвальдскай бітвы, пра Слуцкі збройны чын, пра антысталінскія арганізацыі — «Саюз беларускіх патрыётаў», «Саюз вызвалення Беларусі», «Чайка», «Вольная Беларусь». Яны ідуць не ў Курапаты і Цівалі, едуць не на «Курган Славы», не ў жалобную , мемарыяльную Хатынь, а з радасцю імчацца на фальшывую «Линию Сталина», вязуць туды іншаземцаў, як, напрыклад, нядаўна кітайскую сям’ю, суюць у рукі гасцям зброю, снарады. Словам, у памяці нашай краіны пануе поўны маразм!

Калі ў чалавека прападае памяць, то ён адразу ператвараецца ў «гародніну». Раптоўна любімыя дзядуля або бабуля, бацька або маці, сын або дачка становяцца неадэкватнымі. Гэта жахлівае відовішча, але яно лакальнае.

Калі няма памяці ў цэлага народа, то ён не рэагуе на знікненне вядомых людзей, на кіданне ў турмы іншадумцаў, на разбурэнне гістарычных цэнтраў гарадоў, на знішчэнне старадаўніх сквераў і паркаў, на будаўніцтва рэстарана ў Курапатах.

Але ўсіх нас не апраўдвае тое, што ва ўладзе знаходзяцца бяспамятныя людзі, боўдзілы. У гэтым выпадку кожнаму сапраўднаму грамадзяніну не застаецца нічога іншага, як уключаць на поўную магутнасць уласныя ўнутраныя рэсурсы — розум і сумленне.

…Ад рэдакцыі: кнігі С. Законнікава «Шалёная Куля», «Дол» (вершы і паэмы), «Насустрач» (публіцыстыка, эсэ) ёсць у кнігарні «Акадэмічная кніга» (пр. Незалежнасці, д. 72). 

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.