АТРОШЧАНКАЎ ВЫРАШЫЎ НЕ ВЯРТАЦЦА Ў БЕЛАРУСЬ
Аляксандр Атрошчанкаў адна з ключавых персон «Еўрапейскай Беларусі». Прэс-сакратар Андрэя Саннікава на прэзідэнцкіх выбарах. Суддзя Таццяна Чаркас за ўдзел у Плошчы асудзіла Атрошчанкава на 4 гады калоніі. Быў вызвалены рашэннем Лукашэнкі, прашэнне аб памілаванні не пісаў.
— Аляксандр, ці сапраўды вырашылі не вяртацца ў краіну?
— Ад 3 верасня я не ў Беларусі.
— Чаму прынялі такое рашэнне?
— Як я і казаў, 3 верасня я вяртаўся ў Беларусь з міжнароднай канферэнцыяй. Вяртаўся цягніком з Расіі, партызанскімі шляхамі. У цягнік была спроба затрымання, арышту ці выкрадання мяне. Не ведаю нават, як гэта назваць. За некалькі прыпынкаў ад Мінска вагон пачалі заходзіць па аднаму чалавеку ў цывільным, якія сачылі за мной. Я патэлефанаваў Наталлі Радзінай і сваёй жонцы. Паведаміў, што магу быць арыштаваны. Але я здолеў увесці гэтых людзей у зман і адарвацца. У Мінску я нават не заходзіў дадому, бо разумеў, што там мяне могуць чакаць, а адразу вылічваў шляхі адступлення.
— Як выязджалі з краіны?
— Не хацеў бы паліць кантору, бо такім шляхам яшчэ могуць скарыстацца іншыя людзі.
— Дзе вы цяпер?
— У Варшаве. Збіраюся тут заставацца.
— Сям’я з вамі, ці засталася ў Беларусі?
— Ад нядаўняга часу яны разам са мной: і жонка, і сын.
— Чым займаецеся ў Варшаве?
— Грамадскай дзейнасцю на карысць Беларусі.
Саннікаў, Атрошчанкаў, Бандарэнка, красавiк, 2012
— Ваша рашэнне застацца ў Польшчы неяк звязана з падобнымі рашэннямі Змітра Бандарэнкі і Андрэя Саннікава?
— Я расказаў Бандарэнку маю сітуацыю. Магчыма, нават гэтая гісторыя стала штуршком, каб Зміцер таксама прыняў рашэнне не вяртацца ў Беларусь. Хутчэй, я паўплываў на іх, чым яны на мяне.
— Чаму не афішавалі сваё рашэнне?
— Быў момант з перавозкай сям’і да мяне. Але я ніколі не хаваў, калі пыталіся, то шчыра адказваў.
— Будзеце прасіць палітычны прытулак?
— Не хацеў бы. Буду глядзець. Пакуль што я разглядаю сваё знаходжанне ў Варшаве, як доўгатэрміновую камандзіроўку.
Хто з палітыкаў яшчэ за мяжой
Амаль увесь касцяк каманды Андрэя Саннікава быў вымушаны пасля выбараў-2010 з’ехаць з краіны.
У Польшчы знаходзяцца кіраўнік штаба Саннікава Уладзімір Кобец, паплечнік і сябра экс-кандыдата ў прэзідэнты Зміцер Бандарэнка, рэдактарка сайта «Хартыя-97» Наталля Радзіна, рэгіянальны лідар Зміцер Бародка.
У Літве былы лідар «Зубра» Яўген Афнагель. З’ехаў нават ахоўнік Саннікава Леанід Навіцкі, ён цяпер у Францыі. У Вялікабрытаніі кіраўнік «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін. Нядаўна ж палітычны прытулак у Брытаніі атрымаў і сам Андрэй Саннікаў.
Таемна з’ехаў з краіны яшчэ адзін кандыдат у прэзідэнты — Алесь Міхалевіч. Ён атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі, але жыве ў асноўным у Польшчы і Германіі.
Паміж Нью-Ёркам, Варшавай і Прагай праходзіць жыццё лідара КХП-БНФ Зянона Пазняка, які разам з Сяргеем Навумчыкам быў адным з першых палітуцекачоў за часамі Лукашэнкі.
У Германіі знаходзіцца былы камандзір мар’інагорскага спецназа Уладзімір Барадач, які хоча стварыць у эміграцыі ценевы ўрад.
З’ехалі з краіны не толькі палітыкі. Напрыклад, у Польшчы знаходзяцца былая рэдактарка «Камсамолкі» і «Еўрарадыё» Юлія Слуцкая і сацыёлаг Андрэй Вардамацкі.
Зміцер ПАНКАВЕЦ, «Наша Ніва»