TOP

ШЛЮБ ПА РАЗЛІКУ

Узаемаадносіны паміж тутэйшым людам і аўтарытарнай уладай з поўным правам можна назваць шлюбам па разліку. Пасля распаду СССР беларусы з мізэрнай адукацыяй і нізкай палітычнай культурай захацелі мець усё і адразу, клюнулі на абяцанкі. А фанабэрысты аўтар папулізму за кошт гэтых людзей задаволіў свае амбіцыі.

З моманту «роспісу ў загсе» на першых прэзідэнцкіх выбарах прайшло шмат часу, і цяпер можна глянуць: у якім жа стане знаходзіцца беларускі шлюб па разліку? Частка грамадства здолела ўключыць мазгі, сур’ёзна і крытычна асэнсаваць тое, што з намі адбылося ў крывавым ХХ стагоддзі, а таксама за 20 гадоў незалежнай Беларусі, дзе пануе аўтарытарызм. Але шмат суайчыннікаў знаходзіцца ў стане анабіёзу, які стаў абароннай рэакцыяй на занадта магутны націск, актыўнасць асяроддзя, у якім жыве сучасны чалавек. Людзі наглуха замыкаюцца не толькі ў кватэрах, але і ў сваіх душах. Пад уплывам эклектычнай, прымітыўнай і агрэсіўнай прапаганды ў іх застаецца замаруджанае светабачанне, яны зацыкліваюцца на савецкіх традыцыях, міфах і святах, да якіх прысмактаўся цяперашні рэжым.

Праект пад назвай «Аўтарытарная Беларусь» — гэта суцэльная, халтурная імітацыя. Яна ахоплівае ўсе сферы жыцця: палітыку, эканоміку, сацыяльныя пытанні. Задумваецца — адно, гаворыцца — другое, а рэальна робіцца — трэцяе. Шмат размоў, арганізацыйнай валтузні, але на выхадзе няма сапраўднага прадукта, адна падробка.

Правіцель ходзіць па замкнутым коле, даўно паўтараецца ў любым пытанні, бясконца тасуе наверсе адну і тую ж «калоду» чыноўнікаў-карупцыянераў, а абывацелі з раскрытымі «хлебарэзкамі» задаволена гарланяць: «Во даёць прыкурыць!». На жаль, у Беларусі яшчэ шмат людзей, якія купляюцца на зацяганы, танны папулізм. Сённяшняе імітацыйнае становішча краіны задавальняе люмпенаў і многіх «новых беларусаў», каму, акрамя «бабла» і нерухомасці, усё «да лямпачкі» — лёс родных дзяцей і ўнукаў, развіццё і ўмацаванне нацыі, яе будучыня. Вядомы эканаміст М. Залескі якраз звяртае ўвагу на гіганцкі разрыў паміж беднымі і багатымі ў нашай краіне: «Все эти изменения (курса валют. — С.З.) не имеют особого значения для благосостояния большинства белорусов, поскольку 90% всех белорусских депозитов — в руках 10% людей».

У артыкуле «Творчество и нажива» расійскі публіцыст Р. Памеранц піша пра такі стан грамадства: «Творчество может быть скромным, незаметным: творчество учителя, творчество библиотекаря, работающего с читателем и т.п. Но в любом случае оно требует чуткости, воли, настойчивости, ухода от суеты… А если воли и настойчивости нет, то ленивое большинство тянется назад, к утраченным иллюзиям. К иллюзии светлого будущего или к иллюзии посмертного блаженства».

Мой папярэдні роздум быў прысвечаны праблеме татальнага бяспамяцтва беларусаў. А жыццё зноў падкінула канкрэтныя, кашчунныя факты.

30 кастрычніка г.г. мне давялося весці вялікую вечарыну памяці беларускіх пісьменнікаў, рэпрэсаваных рэжымам Сталіна. Дата выбрана невыпадкова — у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Мінску былі расстраляны 103 літаратары, навукоўцы, палітыкі. Толькі за тры восеньскіх месяцы 1937 года, які пасля назвалі «годам вялікага тэрору», нкусаўцы рэпрэсавалі больш за 500 грамадскіх і культурных дзеячаў Беларусі.

На вечарыне прысутныя даведаліся пра сучаснае злачынства. Роўна праз 75 гадоў пасля расстрэлу невінаватых людзей у Курапатах нейкія мярзотнікі таксама ўначы знішчылі мемарыяльны знак, прычым зруйнаванае месца, здзек над памяццю ўбачылі амбасадары замежных краін, якія ў адрозненне ад беларускай улады добра помняць пра сталінскія рэпрэсіі і пакутнікаў.

Для таго, каб спыніць пастаянныя акты вандалізму ў трагічным урочышчы, сіл праваахоўчых органаў не хапае, яны не могуць схапіць за руку і пакараць таямнічых вырадкаў. Затое ля пісьменнікаў (усяго, нават з журналістамі, я налічыў толькі 18 чалавек), якія 3 лістапада г.г. , у 130-ую гадавіну з дня народзін народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, прыйшлі на Вайсковыя могілкі сталіцы, каб ускласці кветкі і запаліць свечкі, увесь час манатонна наразаў кругі патруль з трох чалавек, зблізу назіраў яшчэ адзін міліцыянер, здаля цікавалі асобы ў цывільным з вядомай установы.

Людзі, якія шануюць класіка айчыннай літаратуры, зусім не падпольныя тэрарысты, а наадварот — патрыёты сваёй Айчыны, яны заўжды навідавоку, многія з іх за літаратурную працу даўно сталі лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Дык каго баіцца ўлада? Свядомых, таленавітых людзей? Няўжо збяднелы рэжым выпрошвае з працягнутай жменькаю замежныя пазыкі менавіта для правядзення падобных «важных аперацый» сілавікамі, якіх, дарэчы, у краіне яўны перабор?

А тым часам «прэзідэнцкая раць» імкліва расце, хуткімі тэмпамі скупляе нерухомасць у суседніх і далёкіх краінах, спакойна адкрывае замежныя рахункі на падстаўных асобаў. Гэты працэс абагачэння за кошт абяздоленага народа ідзе даўно і, нягледзячы на грозныя разносы правіцеля, не спыняецца. Прытым высокапастаўленыя асобы, якія кляліся, што яны — вялікія патрыёты Беларусі, пасля сваіх апусташальных набегаў у «закрома Родины» лічаць за лепшае жыць удалечыні ад яе. У Расіі, напрыклад, адток капіталаў за 9 месяцаў 2012 года склаў 59 мільярдаў долараў. У Беларусі такія лічбы ад насельніцтва схаваны.

У сферы зарплат бюджэтнікам і пенсійнага забеспячэння сітуацыя ў краіне нагадвае рэаліі вайсковага казарменнага ці студэнцкага інтэрнацкага жыцця.

Заўсёды знаходзіцца той, хто, хаваючыся ад сяброў, момніць пад коўдраю прысланыя з дому прысмакі. У Беларусі ў такой ролі выступаюць чыноўнікі, дэпутаты, увесь сілавы блок, прыўладныя алігархі і бізнесоўцы.

Беларускі шлюб па разліку драматычна зацягнуўся. За 18 гадоў абодва бакі надакучылі адно аднаму. Хоць афіцыйныя і незалежныя сацыялагічныя службы (кожная ў сілу ўласных мэтаў!) сваімі неправяраемымі працэнтамі спрабуюць раздзімаць узаемнае пачуццё кахання паміж уладай і народам, ды, як кажуць, «прошла любовь, завяли помидоры».

З трыбун, у інтэрв’ю прадстаўнікоў улады па-ранейшаму гучыць рыторыка пра любоў да народа, але вялікая стомленасць не столькі ад прыемнай місіі кіраваць краінай, як ад неабходнасці адказваць за вынікі кіравання, бярэ верх, праз фальшывыя словы ўсё часцей прарываюцца шчырыя ноты і нават стогны. Часта сваім народам незадаволены кіраўнік, што засведчана ў друку. А вось крык душы ягонай вернай памочніцы: «Я почитала и думаю: и ради этого электората, извините за выражение, стоит работать и стараться? Мы его задабриваем и говорим: вы самые лучшие, вы сделаете правильный выбор. А вообще, способен ли этот электорат оценить благородство, честность, порядочность, или он до такой степени деградировал, что собственные дети воспринимаются как сволочи?»

Ад замежнай экспансіі нельга засланіцца ні ліслівымі словамі пра еднасць і дружбу, ні сваім дабром, ні грашыма, ні прыроднымі рэсурсамі. Ратуюць незалежнасць, як гэта ні дзіўна чуць беларусам, толькі родная мова, культура, высокі патрыятычны нацыянальны дух.

Узаемаадносіны паміж аўтарытарнай уладай і насельніцтвам паказваюць на тое, што шлюб па разліку пачынае распадацца. Чым хутчэй гэта здарыцца, тым лепш будзе для ўсіх нас.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.