TOP

ЯК ТРАПІЦЬ У РАЙ?

У геніяльнага пісьменніка Ф. Дастаеўскага, продкі якога жылі ў беларускім краі, адзін з герояў кажа: «…А вы все-таки несколько на рай рассчитываете; рай вещь трудная». Сучасныя махляры так не думаюць. Пад страхой законаў, якія самі пішуць, пад прыкрыццём дубінак і нават куль яны лёгка варганяць сабе «рай» на зямлі. 

Уся гісторыя чалавецтва сведчыць, што паляпшэнне дабрабыту было для людзей важнай задачай. Але ў эпоху глабальных палітычных катаклізмаў і маральнага заняпаду пагоня за багаццем, за суперкамфортам набыла гіпертрафіраваны характар. Акрамя таго, што моцныя карпарацыі, банкі ў мэтах далейшага абагачэння дыктуюць свае ўмовы, яшчэ і любы індывід, які дарваўся да ўлады, выкарыстоўвае службовае становішча ў асабістых мэтах. Расійскі публіцыст В. Бугаслаўская дае ацэнку стану дзяржаў постсавецкай прасторы: «Сегодняшняя ситуация характеризуется тотальной коррупцией, бесстыдством властей, чудовищным расслоением общества, невозможностью заработать умом и трудолюбием…» Непамерная хцівасць, раскоша, гламур сучасных «эліт» (ад прадстаўнікоў шоў-бізнесу да рэлігійных дзеячаў і кіраўнікоў дзяржаў), карупцыйныя скандалы ва ўсіх эшалонах улады выклікаюць у народа ўжо не зайздрасць, а нянавісць і агіду.

У Германіі або Францыі, калі чыноўнік «садраў» чужую дысертацыю, узяў не па правілах крэдыт, улёг у амаральшчыну, у любошчы, яму кажуць: «Стоп! Шуруй у адстаўку!» А як жа, ты — публічная асоба, на цябе глядзіць грамадства! А твой характар і паводзіны — гэта ўласныя праблемы. Калі ўрадзіўся жулікаватым і памаўзлівым, то не прэтэндуй на высокія пасады, сядзі ціхенька ўнізе і сапі ў дзве дзіркі.

Кожны грамадзянін на Захадзе можа зрабіць запыт любому прадстаўніку ўлады: «А скажы, шаноўны, на якія шышы пабудаваў дом або купіў «ягуар», калі твой аклад складае такую-та суму?» Той абавязкова дае праўдзівае тлумачэнне або сыходзіць з пасады з наступнай разборкай.

А паглядзіце, што робіцца ў нас. Чаму кожны чалавек, які атрымлівае пасаду, з першага дня кідаецца павялічваць рахункі і нерухомасць? Скажам, які-небудзь брэсцкі міліцыянер атрымаў новае прызначэнне, перабраўся ў сталіцу, яшчэ не паспеў засяліцца з сям’ёй у шыкоўную кватэру, а ўжо за горадам «рабы» выгрукваюць яму палац. Чаму ў Беларусі няма адкрытай справаздачнасці дзяржаўных службоўцаў за прыбыткі і набыткі? Чаму Дзяржаўная дума Расіі, хоць і прыняла недасканалы закон па барацьбе з карупцыяй, але не ратыфікавала 20-й артыкул міжнароднага дакумента па гэтай праблеме? Ды таму, што ў гэтым абсалютна не зацікаўлены кіраўнікі, іх атачэнне, родзічы, сябры, якія маюць салідныя капіталы і папаўняюць іх, а народу падсоўваюць пад нос «фількіну грамату». Гледзячы на вышэйшых начальнікаў, унізе кожнае важнае «лицо, не истощенное умственными упражнениями»(Ільф), таксама пілуе дзяржаўны бюджэт, прымае хабар ад «халопаў».

Цікавая прыкмета рэчаіснасці тая, што мярзотнікі, якія прарываюцца да ўлады і грошай, хочуць мець рай на зямлі і на нябёсах. Каб адкупіцца за свае грахі, бандыты, якія загубілі не адну душу, жулікі, што нахабна рабуюць народ, даюць грошы на ўзвядзенне храмаў і атрымліваюць за гэта царкоўныя ордэны. А рэлігійныя іерархі, не сумняваючыся, бяруць свецкія ўзнагароды з рук, якія заплямлены не толькі тлушчам ад шашлыкоў. Такіх асоб у бізнесе і палітыцы характарызуюць радкі вядомай эпіграмы:

…Раньше рыбу кормил он народом,

А теперь этой рыбой — народ.

Выдатны скульптар М. Шэмякін кажа: «Раньше, в Советском Союзе, расстреливали за хищение в размере пятидесяти тысяч рублей. А советские чинуши представляются теперь просто монахами по сравнению с кремлевскими бонзами. Зато все они теперь выстаивают православные службы в храме. А коснись чего — вытащат снова свои партбилеты и сделают вид, что никогда от них не отказывались. Удивительное дело: вчера мы еще были самым атеистическим государством и расстреливали попов, несчастных мучеников от церкви, а сегодня — братва, вся как один, стала богомольная! Если правительство и власть имущие не поймут, что нужно положить конец нравственному беспределу и беззаконию, то мы потеряем и новые поколения!»

Своечасовыя, разумныя словы, але прэзідэнты, прэм’ер-міністры, міністры, губернатары і ніжэйшыя рангам чыны іх не чуюць. Яны не думаюць пра будучыню, ім трэба ўтрымацца ва ўладзе і паболей нахапаць цяпер, хоць народная мудрасць гаворыць: «У магілу з сабою нічога не забярэш!»

Уяўленне пра зямны рай у кожнага чалавека рознае. Напрыклад, для большасці насельніцтва Паўночнай Карэі яно заключана ў тым, каб мець баваўняную куртку і штаны, гумовікі, місачку рысу, а вяршыня шчасця —веласіпед. Затое КНДР мае самую вялікую армію, ракеты, якія нясуць ядзерныя зарады, выпускае аўтаматаў Калашнікава больш, чым Расія.

У аўтарытарнай Беларусі мерка дабрабыту вышэйшая — чарка і скварка, прыймальныя адзенне і абутак, не зусім дабітая іншамарка. На гэтым узроўні большасць насельніцтва завісла надоўга. Меншая частка людзей арыентуецца на развіццё сучаснай вытворчасці, дэмакратычных інстытутаў, а большая захоўвае архаічныя формы гаспадарання і сацыяльна-грамадскія паводзіны.

У нас поўнасцю адсутнічае кантроль за дзеяннямі выканаўчай улады, таму што няма развітай грамадзянскай супольнасці, самастойнага парламента, баявітых прафсаюзаў, незалежных судоў, свабодных СМІ. Такая сітуацыя дазваляе красці, падштурхоўвае да гэтага чыноўнікаў, сілавікоў, алігархаў. Многія з іх сапраўды лічаць сябе элітай, абраннікамі, якім трэба жыць лепш за іншых, бо на ўсіх дабра не хопіць.

Што тычыцца прапаганды, то яна метадычна ўбівае ў галовы беларусаў думку, што пры аўтарытарным рэжыме яны знаходзяцца, як у раі, а навокал у свеце — голад, галеча, аварыі, прыродныя катаклізмы. З гэтай прычыны згадваецца анекдот савецкага часу: «Говорит Москва. Передаем последние известия. В Нью-Йорке бастуют работники городского транспорта. В Лондоне при посадке разбился авиалайнер. В Японии произошло землетрясение, погибли тысячи людей. В Москве полдень». Падобны «бясконцы поўдзень» стаіць у беларускім радыёэфіры, на тэлеэкране, на старонках газет.

Рэгулярная апрацоўка насельніцтва не праходзіць бясследна. Дурнаватая фанабэрыстасць у адносінах да іншага свету, манія ўласнай велічы на пустым месцы сёння ўласціва не толькі кіраўнікам…

На Захадзе пабудаваны не рай, а нармальнае жыццё, калі зарплаты або пенсіі хапае на ўсе патрэбы. Па вялікім рахунку разумныя еўрапейцы або амерыканцы жывуць не дзеля грошай, яны любяць сваю працу, і грошы служаць для іх ніяк не мэтай, а толькі сродкам існавання.

У Беларусі і Расіі не толькі раю, але і паляпшэння сітуацыі не прадбачыцца. Публіцыст Р. Тульчынскі слушна сцвярджае: «Открылась не просто степень и глубина осознанного цинизма — степень и глубина опасности нынешней власти. Как для общества, так и для нее самой. Она как вирус или раковая клетка, питаясь здоровыми клетками и тканями общества, разрушает общественный организм, саму среду своего существования». Ну і якія адносіны могуць быць да такой улады ў любога нармальнага чалавека, які кіруецца ў жыцці здаровым сэнсам, не страціў розум, памяць і сумленне?

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.