TOP

У ПАДВЕШАНЫМ СТАНЕ

Беларусы не аналізуюць асабісты лёс, стан усяго грамадства, не выбіраюць лепшы варыянт развіцця краіны, а па-рабску прымаюць любыя ўмовы, якія дыктуе хлуслівы і цынічны рэжым. Але даўно вядома: калі няма праўдзівасці, сумленнасці, то ніколі не будзе нармальнага жыцця.

Сучасныя аўтакраты-неабальшавікі, каб утрымацца на троне, не могуць абысціся без хлусні. Іхнія папярэднікі на чале з Леніным і Сталіным шмат гадоў не толькі падманвалі, але і расстрэльвалі, дык як жа вучням не даць сабе маленькую слабінку — не схлусіць, не выставіцца героямі? Ну не могуць яны без гэтага — і ўсё!

Цяперашняя беларуская дзяржава паводзіць сябе не лепей, чым маладая краіна саветаў. Насельніцтва падзелена на «сваіх» і «чужых» , пры дапамозе адміністратыўнага рэсурсу практычна ідзе «халодная грамадзянская вайна». Для актыўных іншадумцаў, апазіцыянераў ёсць штрафы, дубінкі сілавікоў і турэмныя камеры, для незгаворлівых бізнесоўцаў, якія не хочуць «дзяліцца» з уладай, з канкрэтнымі чыноўнікамі сваімі набыткамі, маюцца «эфектыўныя» дзеянні з рэпертуару «ваеннага камунізму» — «продразвёрстка»,»продналог», «экспроприация», а ўрэшце — тыя ж краты. А пасіўны кантынгент дзьме ў адну дуду: «Толькі б не было вайны!», ён прывык паўтараць клішэ і лозунгі.

Людзі, у сваёй большасці занятыя цяжкім выжываннем (бюджэтнікі са сціплай зарплатай, прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу), а ў меншасці — папаўненнем прысабечанага або накрадзенага багацця, не спрабуюць глянуць уважліва на сябе, на краіну, дзе жывуць. А ў маім уяўленні аўтарытарная Беларусь нагадвае перагнутага ў поясе, нявопытнага мантажніка, які сарваўся і боўтаецца на страхоўцы, махае рукамі, перабірае ў паветры нагамі, але нічога для ўратавання зрабіць не можа. Непрыемнае, вартае жалю відовішча!

Нягеглая рэчаіснасць — няспыннае павышэнне кошту прадуктаў, тавараў, лекаў, аплаты камунальных паслуг, праезду ў транспарце, зніжэнне рэальных зарплат, пенсій і стыпендый — пацвярджае тупіковую сітуацыю, у якой апынуліся краіна і грамадства, паказвае, што беларусы даўно знаходзяцца ў падвешаным стане. Паляпшэння жыцця няма, затое бясконца адбываюцца ракіроўкі, перастаноўкі, звальненні міністраў, іншых чыноўнікаў, безліч выклікаў «на дыван», у час якіх сівагаловыя лакеі стаяць, выцягнуўшыся ў струнку, і дрыжаць у страху прад вальяжным босам. Электарату падабаўся раней такі «цырк на дроце», але і ён надакучыў, бо дэмагогія, прачуханкі на паказ не спрацоўваюць, калі таемнае становіцца яўным.

Расійскі «Politobzor» піша: «Галоўным вынікам кіравання Лукашэнкі з’яўляецца тое, што ён не стварыў самадастатковую беларускую эканоміку, а ператварыў краіну ў «бяздонную бочку» для вонкавай дапамогі і падтрымкі. Беларусь пераўтворана ў рэальную эканамічную «чорную дзірку», бо былы — ужо такі звыклы для афіцыйнага Мінска — аб’ём расійскіх датацый і прэферэнцый даўно недастатковы. Дапамога павінна павялічыцца мінімум у два разы, гэта значыць яшчэ дзесьці на 9 – 9,5 мільярдаў долараў на год. Пытанне, дзе іх узяць?»

Правалы ў палітыцы, эканоміцы, дэмаграфіі, нацыянальнай і сацыяльнай сферах, моўным пытанні такія, што няма чым крыць. Куды ні кінь — усюды клін! Не толькі разумныя людзі, але нават замбіраваны электарат пачынае разумець: калі кіраўнік, які заліваўся бесклапотным салаўём, раптам жорстка крытыкуе важнейшыя галіны гаспадарання, разганяе паганай мятлой сваіх жа стаўленікаў, то справы — дрэнь.

Але больш істотная бяда ў тым, што сама сістэма заганная, што рашэнні кіраўніцтва і ўслед дзеянні людзей (пераважна па камандах, бо ініцыятыва не вітаецца!) разлічаны на чарговую стрэсавую або крытычную сітуацыю (дэфіцыт газу і нафты, грашовых сродкаў, інфляцыя і г.д.). Стратэгічная скіраванасць у развіцці адсутнічае. З моманту набыцця незалежнасці мінула дваццаць з гакам гадоў, але ўлада і грамадства не спланавалі будучыню Беларусі.

У савецкі час усё планавала дзяржава: колькі трэба пабудаваць заводаў, фабрык, электрастанцый, жылля, колькі выплавіць чыгуну, пашыць адзення і абутку, як павінен развівацца грамадзянін СССР.

Нешта падобнае ў Беларусі ёсць і цяпер, калі згадаць планы на пяцігодкі, на бліжэйшы час і гэтак званыя прагнозныя паказчыкі, але, нягледзячы на татальны кантроль з боку дзяржавы, пастаянную лаянку на падначаленых, няма абавязковасці, спаборніцкага духу, імкнення быць першым. Няправедна нажытыя капіталы, іх хцівае папаўненне — гэта не паказчык канкурэнцыі, імі сёння не пахваляюцца. Людзі завіслі паміж «развітым сацыялізмам» і «дзікім капіталізмам», жывуць адным днём. Нават у моладзі, якая мае пэўныя поспехі, якая ў сілу свайго ўзросту павінна быць настроенай бадзёра, аптымістычна, не прападае адчуванне няўпэўненасці і неабароненасці.

У падвешаным стане, калі няма трывалай асновы, з якой вырастае лепшая будучыня , у нас ніколі не будзе свабоднага, адукаванага, культурнага, ініцыятыўнага чалавека, фізічна і маральна здаровых, шчаслівых сем’яў, не пабудуюцца дэмакратычнае грамадства, прыстойная суверэнная дзяржава.

Што такое надзейны грунт для грамадства? Гэта перш за ўсё адкрытыя, празрыстыя прэзідэнцкія, парламенцкія і мясцовыя выбары, строгі падзел заканадаўчай, выканаўчай і судовай уладаў, моцныя незалежныя прафсаюзы, свабодныя СМІ.

Бюлетэнь для галасавання на выбарах — адзіная мірная зброя грамадзян у змаганні за нармальнае жыццё, але калі і яе не даюць выкарыстаць уладныя падтасоўкі і фальсіфікацыі, то выспявае народны бунт. Прытым, аналізуючы пратэстныя падзеі за мяжой і дома, не трэба прыкрывацца хітрымі, езуіцкімі рэплікамі: «Усё гэта ўжо было!» , «Хопіць мітынгаваць!»,»Магчыма, той рэжым не быў горшым!» Я вывучаў дакументы, матэрыялы, звязаныя з праўленнем Сталіна, і магу рашуча адказаць: «Быў горшым!» Гэта засведчаць блізкія родзічы мільёнаў забітых, рэпрэсіраваных людзей.

Скажам, егіпцяне разумеюць, што дыктатура — гэта жудаснае зло, а таму не хочуць, каб у новага кіраўніка былі правы фараона. Чым бы ні скончылася ўпартае змаганне супраць узурпатарскіх замашак М. Мурсі, трэба не асуджаць гэты народ, а браць з яго прыклад.

У Беларусі настаў час не толькі абывацелям, але і прасунутым палітолагам скончыць дурную балбатню пра незаменных кіраўнікоў. У Францыі пакінуў высокае седала «друг Николя» , а ў Італіі «друг Сильвио» пасля сыходу з трона нават трапіў пад суд. Але гэтыя краіны не праваліліся ў прорву, а іх насельнікі, хоць жывуць значна лепш, чым мы, працягваюць змагацца за свой дабрабыт, за правы і свабоды, праводзяць грандыёзныя маніфестацыі. Беларусам таксама трэба вучыцца барацьбе за дэмакратыю не ад выбараў да выбараў, а штодзённа. Самі перамены не прыйдуць. Выдатны палітык У. Чэрчыль трапна заўважыў: «Дэмакратыя — гэта не распусная дзеўка, якую можна падчапіць на вуліцы, пагражаючы ёй аўтаматам».

Лёс савецкай імперыі, дзе розум людзей надоўга загрузілі камуністычнай утопіяй, вядомы. Яе крах прынёс шмат праблем і пакут вызваленым народам. Фінал «асаблівага шляху» аўтарытарнай Беларусі будзе не лепшым. Бяда ў тым, што страчаны час не вернеш, што многае давядзецца перарабляць, а нешта пачынаць з чыстага аркуша.