TOP

УЛАСНАЕ ЖАДАННЕ

Уласныя жаданні бываюць розныя. Усё залежыць ад характару, таленту, культуры, выхаванасці, сумленнасці кожнага чалавека, разумнай ацэнкі ім сваіх магчымасцяў. На жаль, стык ХХ і ХХІ стагоддзяў вызначыўся як эпоха маральнай дэградацыі асобы, прыходу да ўлады ўзурпатараў, раскрадання агульнанароднага багацця жулікамі. 

Шквал скандалаў у вярхах, які ўскалыхнуў спачатку Беларусь, а затым больш маштабна Расію, паказаў, у якую выграбную яму загналі жыхароў абедзвюх краін аўтарытарныя рэжымы. Калі кожны дзень чуеш астранамічныя лічбы накрадзеных грошай у рублях і замежнай валюце, бачыш пампезныя палацы, гіганцкія шматузроўневыя кватэры чыноўнікаў, дзе пазалочаны не толькі ложкі, шафы, люстры, ручкі, , але і краны ў ванных, унітазы, то душу ахоплівае не пачуццё зайздрасці, а касмічныя гідлівасць і абурэнне. Мярзотнікі ва ўладзе, якія пілуюць бюджэтныя грошы, нахабна адбіраюць права на больш-менш прыстойнае жыццё ў мільёнаў грамадзян, вырываюць ратавальныя лекі з рук інвалідаў, хворых дзяцей і старых людзей.

У Расіі, згодна дадзеных Следчага камітэта, за 9 месяцаў 2012 года страты ад карупцыйных злачынстваў склалі 7, 9 млрд. рублёў, да крымінальнай адказнасці прыцягнуты тысячы чыноўнікаў, сотні дэпутатаў рознага ўзроўню, а памер сярэдняга хабару склаў 60 тысяч рублёў. Практыка паказала: калі маецца ўласнае жаданне, то красці можна нават займаючыся прагнозам надвор’я. Прытым карупцыя цягне за сабою іншыя злачынствы: грабяжы, забойствы. Змагаюцца ж не толькі розныя кланы, але і канкрэтныя асобы. Што тычыцца Беларусі, то ў ёй падобныя звесткі строга засакрэчаны, але тут адбываецца тое ж самае, толькі ў меншых памерах.

Несумненна, што драбнейшыя чыноўнікі арыентуюцца на самы верх. А там няма, скажам, П. Машэрава — адукаванага і культурнага чалавека. Наогул, сціплых людзей ля руля сёння днём з агнём не знойдзеш, адны гламуршчыкі.

Неабмежаваная ўлада — рэч надзвычай канкрэтная і самаакупная, акрамя таго яна дае шырокае поле для выпендрывання. Гэтая хвароба, як бачна, не абмінула нават рэлігійных дзеячаў. Было б толькі ўласнае жаданне, і за народны кошт з’явіцца ўсё, як па ўзмаху чароўнай палачкі: персанальныя самалёты і верталёты, гаражы, поўныя раскошных замежных лімузінаў, асабістыя ўрачы, масажысты, кухары, афіцыянты, цырульнікі, лёкаі, адзенне, абутак ад найлепшых замежных куцюр’е, гадзіннікі за дзесяткі тысяч долараў і т. п. Напрыклад, на 2013 год на службу бяспекі кіраўніка Беларусі ў бюджэце запланавана 121, 4 млрд рублёў, на Кіраванне справамі прэзідэнта больш, чым 1 трлн рублёў. Раю параўнаць гэтыя лічбы з тымі, якія атрымалі культура, адукацыя і ахова здароўя.

У ніжэйшых босаў поле вузейшае, ды радавацца жыццю, збіраць «багаты ўраджай» можна. Але да пары, да часу, бо ў «чамаданчыку кампрамату» злавесныя звесткі маюцца пра ўсіх. Галоўнае — бяры па чыну, як кажуць у народзе, не забягай паперад бацькі. Для тых, хто парушае няпісанае правіла, у Беларусі і ў Расіі працуе тактыка знаходжання і пакарання «стрэлачнікаў». Але для чыноўных злодзеяў (нават пад вартай!) ствараюцца камфортныя ўмовы, не накладваецца арышт на мільёны, якія размешчаны на замежных рахунках, хутка наступае амністыя. Гэта ж не рабочы з завода, не бабуля з калгаса, якія ўкралі жменю балтоў або вядро буракоў, але «грымяць» па поўнай праграме.

Чаму так адбываецца? Ды таму што прадстаўнікі верхняга эшалона ўлады не могуць даць у крыўду «няўдачлівых» калег, спрацоўвае карпаратыўная салідарнасць.

Але да грамадзян даносіцца не ўся праўда, а толькі водгул фінансавых махінацый. Часцей за ўсё СМІ паведамляюць, што чарговая ахвяра хцівасці напісала: «Прашу звольніць мяне з займаемай пасады па ўласным жаданні». Калі на гарызонце ўзнікаюць турэмныя краты, то вельмі хутка выспявае рашэнне пакінуць «хлебную» пасаду, каб… перабрацца на такую ж новую.

Заходнія людзі кажуць: калі ўсё ў вас так кепска, бо наверх пралезлі хлусы і жулікі, то іх трэба памяняць на сумленных, разумных кіраўнікоў, як гэта робіцца ў дэмакратычным свеце.

А не тут-то было! У аўтарытарнай дзяржаве можна лёгка забяспечыць нязменнасць кіраўніцтва. Да паслуг узурпатараў ёсць прапагандысцкая машына, магутны піяр СМІ, выпінанне ўсімі сродкамі: партрэты, плакаты, прэміі, стыпендыі, гранты, спаборніцтвы на прыз прэзідэнта. Ад гэтага патыхае азіятчынай, але менавіта так выпрацоўваецца славутая «любоў народа».

Нядаўна ў Астане прайшлі міжнародныя «Назарбаеўскія чытанні», якія, згодна заявы міністра адукацыі і навукі Казахстана Б. Жумагулава, «трэба ўспрымаць як складнік навуковага асэнсавання чалавецтвам шляхоў развіцця сваёй цывілізацыі». Удзельнікі форуму дагаварыліся да пасажу: «У сучасным свеце прэзідэнту Казахстана няма альтэрнатывы, у плане досведу, мудрасці, волі. Таму яго за мяжой называюць палітыкам глабальнага ўзроўню». Але ўсё роўна Нурсултану Абішавічу яшчэ далёка да ўслаўлення кіраўніка ў Беларусі, бо тут губернатары кажуць проста і ёмка: «Вы выше Бога!»

Акрамя таго, яшчэ маецца незаменны адміністратыўны рэсурс. У сувязі з гэтым адзін з самых прыкметных дзеячаў ленінскай гвардыі, адначасова рамантык і цынік К. Радэк гаварыў так: «Со Сталиным невозможно спорить: я ему — цитату, а он мне — ссылку!»

У аўтарытарнай дзяржаве дзейснай апазіцыі не можа быць. Ніякае ўласнае жаданне ёй не дапаможа. Яна працуе ў падполлі, як пры акупацыі. Але адмова ўлады ад канструктыўнага дыялогу з апазіцыяй — гэта вайна супраць сябе.

Ды што казаць пра апазіцыю! Праз заслоны прыёмных пакояў, аддзелаў пісем не прабіваюцца звароты да прэзідэнта, не знаходзіць падтрымкі жаданне насельніцтва ўдзельнічаць у наладжванні прыстойнага жыцця ў вёсцы і горадзе, глушыцца разумная грамадзянская ініцыятыва. Пра гэта мне вусна і пісьмова паведамляюць людзі, абражаныя абыякавасцю як ніжняга, так і верхняга эшалона чыноўнікаў. Улада ніяк не хоча ісці на кантакт з народам, якому з трыбун клянецца ў любові.

А чыё ўласнае жаданне — выразаць з перадач расійскіх тэлеканалаў крытычныя сюжэты па Беларусі? Колькі кастратараў (між іншым, за народны кошт) шчыруюць кожны дзень на ніве палітычнай цэнзуры, бо трэба ж управіцца за адну гадзіну? Тым больш — праца бессэнсоўная, ёсць інтэрнэт!

Шмат уласных жаданняў выяўляюць супрацоўнікі праваахоўных органаў. Слова «права» ў назве структуры ва ўмовах Беларусі гучыць як здзек. А жаданні кадраў выліваюцца ў збіццё арыштаваных, катаванні зняволеных.

Цікава назіраць таксама, як уласныя жаданні кіраўнікоў улаўліваюць беларускія суды. Іх карнай працай улада задаволена, бо ніколі яшчэ не было рэкламацыі.

Бясспрэчна, цяпер змагацца ў Беларусі за чалавечыя правы і свабоды вельмі цяжка. Але трэба шчыра прызнацца, што само насельніцтва, замбіраванае папулізмам, па ўласным жаданні адмовілася ў 90-х гадах мінулага стагоддзя ад лепшай будучыні. Беларусы сталі пластылінам, з якога можна ляпіць усё што заўгодна, толькі не людзей з чуйным сумленнем і пачуццём уласнай годнасці.

Гледзячы на суайчыннікаў, успамінаюцца словы любімага мною А. Чэхава: «Люди только обедают и только разговаривают, а в это время ломается их счастье и разрушается их жизнь».