TOP

МЕСЦА ПАД СОНЦАМ

Мяне радуе тое, што ў незалежным і нават у афіцыйным друку часцей сталі публікавацца лісты чытачоў па нацыянальных, маральна-этычных праблемах. Часам яны баязлівыя, без глыбокага асэнсавання рэчаіснасці, ды гэта — крык душы, які сведчыць, што людзей трывожыць дэградацыя грамадства.

Праблем, якія негатыўна ўплываюць на якасны стан нашага жыцця, але не абмяркоўваюцца, не рашаюцца, а зацярушваюцца пылам абыякавасці, шмат.

Калі кідаю позірк на навейшую гісторыю Беларусі, то ўспамінаю радкі рускага паэта Георгія Іванова, якія падсвечваюць сутнасць сучаснага быцця:

Туманные проходят годы,
И вперемежку дышим мы
То затхлым воздухом свободы,
То вольным холодом тюрьмы.

Разам з нараджэннем кожнаму чалавеку даецца месца пад сонцам і свабода. Аднак ён нядоўга існуе ў бесклапотным часе, не звязаны пэўнымі ўмовамі. З набыццём паўналецця палітычна-сацыяльная сістэма ўцягвае грамадзян у свой вір. Безумоўна, можна абыходзіцца ўнутранай свабодай, што і робяць смелыя, прынцыповыя людзі. Але не ўсе надзелены адвагай, большасць насельніцтва падпарадкоўваецца абставінам, грубай сіле.

З пачаткам незалежнай гісторыі суверэнную беларускую дзяржаву і новае жыццё трэба было будаваць некалькім пакаленням, выхаваным савецкай прапагандай. Тады, дарэчы, як і цяпер, ніякай дэмакратыяй не пахла, людзі атрымалі толькі першы глыток галоснасці.

Большасць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны сустрэла распад СССР абурана, а ўтварэнне беларускай дзяржавы — варожа. Т. Вульфавіч, камандзір разведкі танкавага батальёна, які прайшоў шлях ад Курскай бітвы да штурму Берліна пра стан саслужыўцаў кажа: «Люди с раздвоенным сознанием, не умеющие додумывать, доводить свою главную мысль до конца, потому платившим кровавую и непомерную дань школе возмужания, зрелости». Так было ў вайну, так засталося і ў мірны час. Яны мелі месца пад сонцам — неблагія пенсіі, ільготы, баяліся іх згубіць.

Пакаленне, якое ішло за імі, таксама звыкла да савецкіх парадкаў, да небагатага, але спакойнага жыцця пры Л. Брэжневе. Час, калі нават мізэрны дабрабыт пачаў разбурацца, напалохаў і гэты пласт насельніцтва.

Моладзь сустрэла з’яўленне сваёй дзяржавы неадназначна, многія юнакі і дзяўчаты былі аморфнымі, ухіляліся ад удзелу ў палітычным жыцці, што было не на карысць сапраўдным пераменам.

Словам, беларускае грамадства не было падрыхтаваным да выкліку часу, а таму паўтарыўся кастрычнік 1917 года. Зноў да ўлады прарваліся бальшавікі, прытым не без дапамогі звонку. Затым рэпрэсіўная машына, якая нікуды не дзелася, а пачала служыць папулістам, падавіла слабы супраціў дэмакратаў, наступіла людзям на горла «жалезным ботам».

За 18 гадоў праўлення аўтарытарная ўлада не змагла з’яднаць розныя пласты насельніцтва, мабілізаваць іх на ўзвядзенне агульнага беларускага Дома, а наадварот, падзяліла людзей на «сваіх», якіх апякае, і на «чужых», якіх пераследуе, дэкрэтамі зверху стварыла сацыяльную няроўнасць, распаліла варожасць.

Трыбунная балбатня пра гераічны народ і яго поспехі развейваецца, калі выяўляецца, на якім нізкім узроўні знаходзіцца нацыянальная свядомасць беларусаў, калі выразна бачны страх улады і насельніцтва перад задачамі па пабудове сваёй дзяржавы.

Паказчыкам беларусафобіі стала выхадка журналісткі газеты «СБ» Вікторыі Паповай з яе мярзотным «Ненавижу!». Можна ўявіць, колькі такіх «экзэмпляраў» ашываецца не толькі ў гушчыні зрусіфікаваных абывацеляў, але і сярод чыноўнікаў, сілавікоў, навукоўцаў! У Рэспубліцы Беларусь валоданне роднай мовай лічыцца нацыяналізмам. Толькі з адной гэтай прычыны невядома, ці захаваецца краіна, ці замацуе сваё месца пад сонцам?

Нацыянальныя пытанні засланяюцца праблемай выжывання асноўнай масы насельніцтва. У Расіі 1% жыхароў валодае 71% багацця краіны, на долю 95% насельніцтва прыходзіцца толькі 4,5 % ад «пірага». Цікава было б ведаць лічбы па Беларусі, бо яна — бляклы цень суседкі.

Нядаўна я сустракаўся з маладымі прадпрымальнікамі. Яны кажуць, што сутнасць эканамічнага правалу не ў канкрэтных асобах, пачынаючы з самага верху, а ў пачварнай сістэме, якая створана. Яна не паддаецца мадэрнізацыі і працуе ўжо незалежна ад сваіх «архітэктараў» і «прарабаў», якія не сябруюць са сваім дзецішчам, а з радасцю атабарыліся ў Маскве. Сотні тысяч беларусаў таксама працуюць у Расіі і іншых краінах, а тысячы шукаюць там месца пад сонцам. Нацыянальны герой Венесуэлы Сімон Балівар, якога цытавалі У. Чавес і А. Лукашэнка, падкрэсліў яшчэ ў 1814 годзе: «З краіны, дзе ўлада засяроджана ў руках аднаго чалавека, трэба ўцякаць: гэта краіна рабоў».

А цяпер пра маральны аспект у грамадстве. Часта ў чэргах, у транспарце чутва фраза: «Гэта не краіна, а дурдом!» Для многіх людзей застаюцца надзённымі словы з «Трохграшовай оперы» Б. Брэхта: «Вы лучше б нам сперва нажраться дали — сначала хлеб, а нравственность потом…» Новая эпоха нарадзіла такую грымотную сумесь кепскай адукаванасці, нізкай культуры з непамернымі людскімі амбіцыямі, што адразу ўспамінаюцца героі 1917 года з маўзерамі ў руках.

У Беларусі п’яныя міліцыянеры збіваюць людзей на машынах, страляюць на дыскатэках, забіваюць людзей. Побач з ветлівымі працаўнікамі грамадскага транспарту сустракаюцца кантралёркі (выпадак у Наваполацку), якія ўяўляюць сябе «прэзідэнтамі». У дзеючага кіраўніка ў руках маецца краіна, а ў яе — аўтобус або тралейбус. Яны — начальнікі, займелі месца пад сонцам і выціскаюць з яго ўсё магчымае для задавальнення амбіцый. Мне не раз даводзілася абараняць студэнтаў ад іхняй абразлівай агрэсіі.

З другога боку, моладзь таксама часта паводзіць сябе некультурна. Гэта выяўляецца выразна, калі ў гарады пасля канікулаў вяртаюцца вясковыя студэнты, якія атрымалі наказ: «Дзетачка, ты не глядзі там ні на кога. Прабівайся!» Яны пруцца ў пярэднія дзверы транспарту, плюхаюцца на сядзенне і робяць шкляныя вочы. Для іх саступіць месца — гэта значыць нанесці сабе абразу. Так ідзе навучанне заваёўваць месца пад сонцам не адукаванасцю, не інтэлектам, не працавітасцю, а расштурхваючы локцямі іншых.

Пяцігадовы ўсмешлівы чалавечак лічыць, што жыццё — бясконцае, а ён — неўміручы. Але з узростам да любога індывіда часам прыходзіць думка пра смерць: як жа так — усё, што жыве навокал, застанецца, а мяне не будзе.

Беларусам трэба павярнуць думку інакш: калі мы тэрмінова не зоймемся адраджэннем роднай мовы, нацыянальнай адукацыі і культуры, выхаваннем маралі, то будуць усе, але на планеце не стане нас. Лепш позна, чым ніколі! Пры ўсёй гарачай любові да сябе, родненькіх, кожнаму неабходна адчуць, што ў магчымай смерці нацыі будзе часцінка яго асабістай віны. Мне вельмі хочацца, непрабіваемыя суайчыннікі, каб сорам за вас не заліваў чырванню абліччы вашых унукаў, праўнукаў!

Месца пад сонцам хопіць усім народам і асобным людзям, трэба толькі не кіравацца непамернымі амбіцыямі — ад імперскіх да дробных, шкурніцкіх, не падпадаць пад уладу цемрашалаў, не патураць уласнай сквапнасці, а мець сумленне, трымацца здаровага сэнсу, нарошчваць веды і культуру, мацаваць сілу духу, прафесійна займацца любімай працай.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.