TOP

ПАСЛЯ «КАНЦА СВЕТУ»

Жыхарам планеты трэба шчыра прызнацца, што вестка пра «канец свету», якую доўга мусолілі электронныя і друкаваныя СМІ, не пакінула абыякавым нікога. Адзін паставіўся да яе скептычна, другі — з гумарам, трэці весяліўся ў «апошні раз» на тусоўцы, чацвёрты маліўся, а пяты схаваўся ў бункеры. 

Злавесная інфармацыя, прытым «у перадазіроўцы», прыкметна ўздзейнічае на псіхіку людзей, а слабейшых даводзіць да істэрыкі, нервовых зрываў і нават да самагубства. «Падсалоджвала» магчымы прыход суперглабальнай катастрофы толькі тое, што смерць будзе калектыўнай, агульнапланетарнай, бо загіне ўсё жывое. Безумоўна, паміраць у такой фантастычна велізарнай, «прыкольнай» кампаніі камфортней, чым аднаму. Як бы там ні было, а 21 снежня 2012 года па душы кожнага зямляніна прабег халодны скразнячок.

Тым не менш, на планеце знайшліся дзялкі, якія і на «канцы свету» змаглі наварыць «бабла». Імі наладжваліся развітальныя забаўляльныя вечарынкі з экстравагантнымі выхадкамі, арганізоўваліся выезды ў экзатычныя краі, прадаваліся засцерагальныя маскі, супрацьгазы і спецадзенне, прытулкі ў набудаваных да «фінальнай падзеі» сховішчах, што яшчэ раз сведчыць пра сённяшняе цынічнае верхавенства грошай над здаровым жыццёвым сэнсам. Напрыклад, у Маскве ў бункер-42 на Таганцы самы танны білет каштаваў 30 тыс. рублёў, кошт асобных «апартаментаў» для «VIP-персон» быў ад 2 да 15 млн рублёў. Бізнес на апакаліпсісе прымусіў успомніць крылаты лацінскі выраз: «O tempora, o mores!» («О часы, о норавы!)

Беларусь перажыла «канец свету» параўнаўча спакойна. Тут запалоханыя абывацелі даўно сядзяць у кватэрах, нібыта ў бункерах, ім не прывыкаць да катастрофы, бо чакаюць яе кожны дзень. Нездарма яны па некалькі разоў на год ажыятажна скупляюць муку, крупы, цукар, алей, соль і запалкі, а паміж такімі закупкамі далдоняць фразу, якую можна паставіць эпіграфам да ўсяго мясцовага жыцця: «Толькі б не было вайны!». Гэты трывожны настрой — пастаянны, яго падагравае няспынны рост коштаў на прадукты, тавары і паслугі, падтрымліваюць сваімі страшылкамі кіраўнікі краіны і афіцыйныя СМІ. Згодна іхніх «дадзеных», Беларусь сціснута аблогай ворагаў, якія ашчэрылі на яе свае пашчы з вострымі ікламі, хочуць разарваць на кавалкі і праглынуць. А яшчэ ўнутры ёсць жудасная «пятая калона», якая амаль два дзесяцігоддзі рыхтуе нейкую невядомага колеру «рэвалюцыю», ды ніяк ёю не разродзіцца, бо «на варце міру» стаяць «доблесныя спецслужбы і міліцыя».

У ХХІ стагоддзі бачыць такое ачмурэнне дзіўна, але страшылкі сапраўды спрацоўваюць, што сведчыць пра нізкі ўзровень палітычнай культуры, убогасць мясцовага мыслення, нават сярод людзей з дыпломамі.

Але толькі зомбі могуць паверыць, што страшная небяспека сыходзіць ад нейкіх знешніх і ўнутраных «ворагаў». Бяда падпільноўвае беларусаў якраз з зусім іншага боку.

Сярмяжная праўда ў тым, што Беларусь мае неэфектыўную аўтарытарную палітычную сістэму і прымітыўную эканоміку, якая на 50 працэнтаў стаіць на «расійскіх мыліцах» і, калі іх не стане, у любы момант можа рухнуць. Вось гэта — самы блізкі «канец свету». Дарэчы, нават з вуснаў кіраўніка апошнім часам гучаць не пераможныя рапарты, як раней, а вельмі песімістычныя высновы: «Мы преступно опаздываем»; «Проект успешно провален» і г.д. Пры такім крытычным прызнанні з самага верху ўлады, пры штодзённых грымотных прачуханках чыноўнікам і бясконцай ператасоўцы начальнікаў грамадству мець аптымістычны настрой — ніяк не выпадае.

Яшчэ адзін крызіс чакае краіну ў сувязі з ад’ездам за мяжу ў пошуках нармальных умоў для плённай працы і ўвогуле лепшай долі перспектыўнай моладзі, а таксама таленавітых вучоных, спецыялістаў розных узростаў і профіляў. Некалі выдатны французскі матэматык, фізік, філосаф і пісьменнік Б. Паскаль сказаў: «Калі з Францыі выедзе 300 тысяч чалавек, то яна стане краінай ідыётаў». А цяпер прыкіньце — колькі людзей за час аўтарытарызму пакінула Беларусь? Думаю, што да пазначанай славутым вучоным мяжы ўжо недалёка.

Больш аддалены «канец свету» рыхтуе складаная дэмаграфічная сітуацыя. Краіна ніяк не можа выйсці на былыя параметры па колькасці насельніцтва, бо не створаны належныя ўмовы для маладых сем’яў, слаба стымулюецца рост нараджальнасці. Прапагандысцкай балбатні і рапартаў на гэты конт шмат, а рэальная падтрымка абсалютна не адпавядае жыццёвым патрэбам.

Татальнае вынішчэнне роднай мовы і культуры з паўсядзённага жыцця грамадства азначае, што і ў нацыянальным аспекце Беларусь набліжаецца да катастрофы, да фарміравання безаблічнай масы, калі людзі не вызначаюцца ні самабытным характарам, ні працоўным і грамадзянскім патрыятызмам.

З савецкага часу ў тутэйшага люду месца душы занята каўбасой, цяпер да яе дадаўся кашалёк. Але матэрыяльнае і грашовае ўзбагачэнне, якое стала «маяком», па вялікім рахунку, без здаровага розуму і чуйнай душы нічога не вырашае. Чалавек, нацэлены толькі на спажыванне, страчвае жыццёвы смак, становіцца непераборлівым ва ўсім, ідзе на прымірэнне з любымі хібамі і нават злачынствамі, якія ёсць у ягонай краіне.

На рынках высяцца пагоркі нетаварнай гародніны, садавіны, у прадуктовых магазінах ляжаць счарнелыя, пазелянелыя, сцвілыя каўбасы, вяндліна, не прыдатныя для харчавання. Але ўсё гэта можна падмарафеціць: папырскаць, працерці спецрастворамі. Нічога, з’ядуць!

Чарговыя выбары ў краіне прайшлі з падтасоўкамі і фальсіфікацыямі? Ну і што! Не бярэм да галавы! Праглынем за мілую душу і гэта!

Пасля фальшывага «канца свету», які ўскалыхнуў чалавецтва, беларусам трэба было б сур’ёзна задумацца над сваім сённяшнім жыццём і далейшым лёсам. Але баюся, што гэта не адбудзецца, бо людзей адвучылі мысліць, аналізаваць, рабіць высновы. Цяпер важна не тое, дзе ты жывеш, а хто і як апрацоўвае твае мазгі. Добра выказаўся пра такое абалваньванне расійскі мастацтвазнаўца А. Габрычэўскі: «Мне кажется, наша среда становится объектом проникновения политических сыщиков… /…/ Не могу избавиться от ощущения, что за меня все знают наперед — о чем думать, как думать или того лучше — как вообще не думать».

Сапраўды, гэта так. А калі напружыць хоць пару звілін у галаве, то стане зразумела, што чароўны куфэрак адчыняецца проста — ва ўсіх сферах жыцця краіны абавязкова павінна быць канкурэнцыя. Развіццё канкурэнцыі адразу рашае масу праблем. Па-першае, з’яўляецца магчымасць змены ўлады бяскроўным, дэмакратычным шляхам. Па-другое, канкурэнцыя стымулюе рост працоўнай актыўнасці насельніцтва, павышэнне якасці прамысловай прадукцыі, харчу і паслуг. Па-трэцяе, толькі яна дапаможа зрабіць барацьбу з неадольнай карупцыяй рэальнай і эфектыўнай.

Пакуль што ні парад планет, ні астэроід, які ляціць да Зямлі, не ўплываюць на наша жыццё. Два галоўныя бар’еры на шляху Беларусі да прагрэсу — гэта адсутнасць канкурэнцыі і кантролю грамадства над уладай. Сваёй асабістай абыякавасцю да ненармальнага становішча, якое склалася ў матэрыяльнай і духоўнай сферах краіны, а ў канчатковым выніку — да саміх сябе, мы будзем і надалей набліжаць мясцовы «канец свету». 

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.