TOP

КВАЗІКАНКУРЭНЦЫЯ

Прыстаўка «квазі», якая дапасоўваецца да розных слоў, азначае: «нібыта», «несапраўдны», «уяўны», «фальшывы». У аўтарытарнай краіне яна асабліва да месца пры слове «канкурэнцыя». Беларуская практыка паказвае, як лёгка можна галоўную рухаючую сілу жыцця грамадства расцерці ў пыл, звесці на нішто. 

Разгляд праблемы канкурэнцыі ў Беларусі і ў Расіі, якая стала «хроснай маці» калгаснага аўтарытарызму, каб затым і самой скаціцца ў палітычную прорву, трэба пачынаць не знізу, не з працоўнага чалавека або калектыву, а зверху, з кіруючага алімпу. Звычайна якраз выбары прэзідэнта і парламента павінны даваць народу прыклад сумленнага спаборніцтва. Але што ёсць у сапраўднасці?

Калі слухаць прамовы кіраўнікоў дзвюх краін, то можна нават расчуліцца, праслязіцца ад «вялікіх клопатаў» пра развіццё канкурэнцыі і дэмакратыі. У пасланні Федэральнаму сходу прэзідэнт Расіі У. Пуцін кажа: «Политическая конкуренция — безусловное благо для страны. Нам нужно сформировать своего рода свод правил добросовестной политической конкуренции»; «Демократия — это возможность не только выбирать власть, но и постоянно эту власть контролировать, оценивать результаты ее работы. Мы должны уделить большее внимание развитию прямой демократии, непосредственного народовластия, в том числе речь о праве народной законодательной инициативы, /…/, когда идея, получившая гражданскую поддержку, в том числе в интернете, обязательна к рассмотрению в парламенте». Толькі ўсё гэта — пустая гаварыльня, якая не падмацоўваецца жыццёвай практыкай.

Прытым, калі расійскі кіраўнік гаворыць пра рашэнне складаных праблем у будучым часе: «нам нужно», «мы должны», то тутэйшы яго калега сцвярджае, што мэта дасягнута, што Беларусь мае найлепшую ў свеце дэмакратыю і неабходныя ўмовы для цывілізаванай канкурэнцыі. У замежжы такія пасажы выклікаюць саркастычныя ўсмешкі або гамерычны рогат, а эмацыянальную рэакцыю суайчыннікаў перадае інтэрнэт, на які, як на трыбуну народа, спасылаецца У. Пуцін: ён запоўнены моцнымі выразамі.

Канкурэнцыя на прэзідэнцкіх выбарах у Расіі вырадзілася ў пачарговае, узаемнае вылучэнне двух чалавек: «разведчыка» і «юрыста», а ў Беларусі ўзнік жалезабетонны варыянт — практычна самапрызначэнне на вышэйшую пасаду аднаго індывіда. Пакуль ніякіх змен тут не прадбачыцца. Апошнія неістотныя, марафетныя папраўкі ў выбарчым заканадаўстве, якімі хочуць заткнуць рот грамадству, разлічаны на электаратных дурняў, на халуёў з ліку афіцыйных палітолагаў і журналістаў, што з радасным енкам кідаюцца глыдаць пустую «падзейную костку» як нейкую сенсацыю.

Расійскі публіцыст Р. Тульчынскі слушна сцвярджае: «Оставляя ситуацию неизменной, власть подвергает свою легитимность мощному вызову. Всякая власть является таковой только в случае признания ее гражданами, их готовностью подчиняться ей. Если власть прибегает ко лжи, насилию — это признак ее слабости. И не только. Она пытается защитить самую себя. От общества».

Калі няма сапраўднай канкурэнцыі ўверсе, то адкуль ёй узяцца ўнізе? Усім вядома, што аўтарытарная ўлада не вітае ініцыятыўнасць, свабоду дзеянняў.

Цяпер распладзілася шмат апалагетаў мадэлі кітайскай эканомікі, яе вялікіх поспехаў. Але яны замоўчваюць галоўнае адрозненне Кітая ад постсавецкіх Расіі і Беларусі. Там дубаломны сацыялізм (у бальшавіцкім варыянце!) панаваў не семдзесят гадоў, як у нас, а толькі трыццаць, не былі татальна вынішчаны рынкавыя адносіны і іх носьбіты: уласнікі, менеджэры. Калі дзяржаўны курс зноў пралёг да рынку, то гаспадарам фабрык і заводаў адразу юрыдычна вярнулі ўласнасць. Кітайцам не трэба было вучыцца маркетынгу, гаспадарчае ўмельства, спалучанае з унікальнай прыроднай працавітасцю, прывяло іх да вынікаў, якія ўражваюць свет.

Расія і Беларусь — гэта супрацьлеглы прыклад. У пачатку ХХ ст. улада імперыі, у якой знаходзіліся нашы народы, не здолела правесці «рэвалюцыю зверху», спазнілася, нягледзячы на намаганні рэфарматара П. Сталыпіна і яго памочнікаў. Пасля перавароту 1917 года, сталінскага «вялікага пералому», які скончыўся вытаптваннем парасткаў новай эканамічнай палітыкі і гвалтоўнай калектывізацыяй, мільёны прадпрымальных гарадскіх і вясковых людзей загінулі на Салаўках, Калыме, у Запалярнай тундры. А іхняя маёмасць была выкарыстана на мэты «сусветнай пралетарскай рэвалюцыі», праелася і прапілася.

Пазбаўленне савецкага народа ўласнасці і масавыя рэпрэсіі прывялі да таго, што ён стаў жыць толькі па камандзе, пад нязводным страхам.

Пасля набыцця Беларуссю незалежнасці зноў не адбылося патрэбнага рэфармавання. Камандныя пасады апынуліся ў руках былой наменклатуры, яе родзічаў і прыхлябацеляў. Савецкая ўраўняльная сістэма змянілася на аўтарытарную, якая адрозніваецца толькі тым, што правячы клан разросся і, не саромячыся абсалютна нікога, забяспечвае сабе раскошнае жыццё па поўнай праграме, а рэшту сродкаў дзеліць прыкладна пароўну (без уліку працоўных заслуг!) паміж мільёнамі абарыгенаў, каб яны неяк выжывалі, не паміралі з голаду.

Ці стануць развівацца малы і сярэдні бізнес, калі людзі добра ведаюць, што іхні набытак у любую хвіліну можа быць з нейкай прыдуманай падставы абкладзены драконаўскімі штрафамі або наогул канфіскаваны? Хто, бачачы сённяшнюю сацыяльную несправядлівасць у зарплатах і пенсіях, будзе старацца самааддана працаваць? Пра якое нармальнае развіццё дзяржавы можна гаварыць, калі карупцыя ў ёй апраўдана на ўсіх узроўнях? Мяркую, што на ўсе пытанні адказ адзін — адмоўны!

А якія ўмовы створаны ў Беларусі для СМІ? Ці можа незалежнае выданне спаборнічаць з раскормленымі прапагандысцкімі монстрамі, калі на яго нельга падпісацца, а ў розніцу яно прадаецца толькі ў пэўных, вызначаных чыноўнікамі шапіках? Квазіканкурэнцыя тычыцца і кніжных выдавецтваў.

Калі грамадства скочваецца да аўтарытарызму, то гэта азначае, што яно недастаткова адукаванае, некультурнае або наогул маральна хворае, што яму патрабуецца абавязковае лячэнне. Беларусы самі вінаватыя ў тым, што аднойчы прачнуліся і ўбачылі за вокнамі амаль Туркменію. Краявіды нібыта знаёмыя, еўрапейскія, а парадкі — азіяцкія.

Ці можна сітуацыю выправіць? Можна! Гэта няпраўда, што ёсць нікім не замяняемыя кіраўнікі, што немагчыма прыняць разумныя законы і няўхільна паводле іх жыць. Трэба толькі кожнаму грамадзяніну выявіць розум і сумленне. А яшчэ ёсць звычайная чалавечая выгада, элементарная пагоня за працоўным рублём, які часта становіцца рублём інвестыцыйным, трывалым падмуркам для ўласных, прыватных эканамічных праектаў.

Калі ў Аўчыннікава У. Ф., дырэктара СШ № 2 г. Масквы, адной з лепшых навучальных устаноў у горадзе, спыталі, як дасягнуць такіх поспехаў, ён адказаў: «Очень просто — надо собрать хороших учителей и не мешать им работать».

Было б добра, каб выдатнай парадай таленавітага педагога, мудрага чалавека пакарысталася калі не сённяшняя, дык будучая ўлада Беларусі.

…Ад рэдакцыі: кнігі С. Законнікава «Шалёная Куля», «Дол» (вершы і паэмы), «Насустрач» (публіцыстыка, эсэ) ёсць у кнігарні «Акадэмічная кніга» (пр. Незалежнасці, д. 72)

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.