TOP

«ГРЭХ»

знаёміць чытачоў нашай газеты. Вось і зараз мы друкуем два ўрыўкі з рамана «Грэх», а таксама ўступнае слова аўтара, у якім ён тлумачыць, якой тэме прысвечаны твор. Цалкам раман будзе надрукаваны ў часопісе «Дзеяслоў».

Ад аўтара

У маёй роднай вёсцы сталі часта паміраць людзі. Што ні тыдзень, то пахаванне. Я звярнуўся да старадарожскага настаяцеля Свята-Мікалаеўскай царквы айца Ігара, каб ён патлумачыў, чаму так адбываецца. Святар з’ездзіў у Жыровіцкі манастыр, і там яму параілі: у вёсцы трэба пабудаваць хаця б капліцу.

«Ну што капліца? — падумаў я. — Калі ўжо будаваць, дык адразу царкву». Тым болей што грошай у мяне тады ставала.

Пабудаваную царкву я хацеў назваць імем святой Надзеі, бо так звалі маю маці. Айцец Ігар сказаў, што ёсць святыя Вера, Надзея, Любоў і маці іх Сафія. Іх немагчыма аддзяліць адна ад аднае. Царква была названая ў гонар гэтых святых пакутніц.

І тут я злавіў сябе на думцы, што пра Веру, Надзею, Любоў і маці іх Сафію нічога не ведаю. Закарцела зазірнуць у гісторыю і напісаць пра іх хоць невялікае апавяданне — каб і землякі ведалі, якім святым яны будуць маліцца. Пачаў збіраць матэрыял і паступова зразумеў, што абысціся адным толькі апавяданнем не ўдасца.

Юныя пакутніцы былі закатаваныя і забітыя па загадзе рымскага імператара Адрыяна (кіраваў імперыяй з 117 па 138 гг. н. э.) напрыканцы ягонага жыцця. Натуральна, мне хацелася дакапацца, чаму ён пайшоў на такое злачынства. І чым болей я вывучаў біяграфію Адрыяна, тым болей узнікала пытанняў. Справа ў тым, што ён быў ледзь не самым справядлівым, самым лаяльным да іншаверцаў, самым міралюбным за ўвесь час існавання Рымскай імперыі. І раптам у апошнія гады перад смерцю Адрыян пачынае жорсткі пераслед усіх, хто не прызнае рымскіх багоў. Асаблівая нянавісць — да хрысціянаў. Чаму?

У 132—135 гг. н. э. рымскую правінцыю Іудзея ахапіла адно з самых магутных паўстанняў, якое скалыхнула ўсю імперыю, паставіла пад пагрозу яе існаванне. Паўстанне было жорстка задушана. Менавіта пасля тых падзей яўрэяў пазбавілі надзеі на аднаўленне храма Саламона, яны страцілі сваю тэрыторыю і змушаны былі рассяліцца па ўсёй зямлі. Імператар Адрыян узненавідзеў і яўрэяў, і іхнюю веру. Ён быў вельмі адукаваным, вельмі дасведчаным чалавекам і, безумоўна, ведаў, што паміж іудзеямі і хрысціянамі вялікая розніца. Аднак жа ён ведаў і тое, што хрысціянства вырасла з іудаізму (гісторыкі так і называюць самую раннюю плынь — іудзеяхрысціянства), адтуль ягоныя вытокі, нават Стары запавет і для тых, і для другіх — адзін і той жа. Таму Адрыян узненавідзеў не толькі іудаізм, але і ягоны парастак — хрысціянства. Бо хто ведае, што вырасце на гэтым дрэве…

Вось чаму, каб растлумачыць жорсткасць Адрыяна да хрысціян, да Веры, Надзеі, Любові і маці іх Сафіі, мне давялося паглыбіцца ў гісторыю іудзейскага паўстання. Вось чаму менавіта яму прысвечаная першая кніга рамана. Вызначальнае і тое, што спачатку ворагам хрысціянства была не толькі Рымская імперыя. Яшчэ больш бязлітасна ставіліся да хрысціян супляменнікі-іудзеі: забівалі, гвалцілі, пракліналі. Яны бачылі ў хрысціянах не толькі ворагаў, але і (што галоўнае) адшчапенцаў, здраднікаў, якія адракліся ад самага святога — іхняга Бога.

Наколькі магчыма, я імкнуўся прытрымлівацца гістарычных фактаў і падзей. Аднак жа ў мастацкай прозе нельга абысціся без пэўнай долі фантазіі, тым болей што пра тыя часіны звестак засталося не так і шмат. Таму, папярэджваючы заўвагі ці нават абурэнне найбольш «уедлівых» гісторыкаў, прашу ўспрымаць гэты твор толькі як маю асабістую версію.

Няўдалыя перамовы

Рабі Рашбі і епіскап Іуда, апынуўшыся ў пакоі сам-насам, хвіліну-другую стаялі моўчкі, адводзячы адзін ад аднаго позіркі. Ім цяжка было пачаць размову, бо, як ні круці, а яны ўсё ж ворагі, хай сабе не па-чалавечы, а па стаўленні да Бога. Зрэшты, гэта для іх, святароў, было яшчэ болей значна, бо складала сэнс жыцця.

Нарэшце Іуда жэстам запрасіў госця прысесці да стала, а сам прайшоў у глыбіню пакоя, прытуліўся спіною да сцяны і ўжо цяпер кінуў пільны позірк на Рашбі, нібы задаючы маўклівае пытанне: «Ну, чаго ж ты да мяне завітаў? Што змусіла іудзейскага верхаводу звярнуцца да «напамаджанага», як вы, іудзеі, называеце нас, хрысціян?»

Рашбі і праўда прысеў, бо добра-такі здарожыўся, дый размова, як меркаваў, будзе доўгаю і няпростаю.

— Нам, яўрэям, цяпер жывецца вельмі цяжка, — нарэшце вымавіў Рашбі, робячы акцэнт на гэтае «нам, яўрэям», каб засведчыць: хоць у хрысціян і іудзеяў няма духоўнае еднасці, але застаецца еднасць па крыві. — І ў такі складаны час усім нам, хоць часова, трэба шукаць нейкае паразуменне, каб адужаць агульнага ворага…

Хто гэты агульны вораг, тлумачыць не было патрэбы, аднак Іуда нечакана заўважыў:

— Каго ты маеш на ўвазе, рабі? У нас, хрысціянаў, тут, у Ерусаліме, прынамсі, ворагаў нямашака…

Рашбі рэзка ўскінуў галаву:

— А што, рымскія акупанты для вас ужо не ворагі? Тое, што яны топчуць нашую зямлю, здзекуюцца з народа — гэта для вас усё адно?

— Не ўсё адно. Але Рым і ягоны кесар — гэта ўлада. А мы лічым, што няма ўлады не ад Бога…

Па твары Рашбі прабегла з’едлівая ўхмылка, і ён іранічна мовіў:

— Калі так разважаць, дык ваш Хрыстос спусціўся на зямлю толькі дзеля таго, каб забяспечыць уладарам іхнія кароны…

— Гэта не так. Калі ўладары не прытрымліваюцца запаведзяў, дык іхняя ўлада незаконная, бо яны не жадаюць пакарыцца Богу, а хто не пакарыўся Богу, той служыць д’яблу.

Абодвум стала зразумела, што цяжкае тэмы, якая стрэмкаю сядзіць у целе аднаго народа, не мінаваць.

Аднак Рашбі не хацелася паглыбляцца ў тэарэтычную спрэчку, бо яна магла перарасці ў звыклую грызню, якая не дасць ніякага плёну і конча пахавае надзею на аб’яднанне, хай сабе і часовае. Ён зірнуў у вочы Іуды і прымірэнча выдыхнуў:

— Не будзем пра гэта… Ёсць больш важкая нагода для нашае размовы. Я маю на ўвазе прыход Месіі…

— А як жа! Чуў, чуў, — тут ужо ўхмылка з’явілася на твары Іуды. — Сімон Бар Кохба, доўгачаканы збавіцель яўрэйскага народа!

— Мне незразумелая твая іронія, — з непрыхаванай раздражнёнасцю працягваў Рашбі. — Гэта сапраўды Месія, якога наш народ чакаў вякамі. Бог, нарэшце, прыслаў Яго, пачуўшы нашыя малітвы. Колькі разоў яўрэі браліся за зброю, каб адолець чужынцаў! І ўсе паўстанні захлыналіся ў крыві. «Ну і дзе ж ваш Бог?» — кпілі нашыя нядобразычліўцы. І праўда, Бог не спрыяў нам. Не спрыяў да гэтага часу. Але ў рэшце рэшт злітаваўся. І цяпер мы ўпэўнена можам сказаць: «Вось яна, Божая ласка. Бог прыслаў Месію. А значыць, на гэты раз мы пераможам!» Дык адкажы мне, Іуда: няўжо яўрэі, якой бы веры яны ні былі, страцяць гэты шанец?

— А мы яго ўжо страцілі, — не выдаючы ніякай узрушанасці, адказаў Іуда. — Сапраўдны Месія ўжо прыходзіў.

— Ты, вядома ж, маеш на ўвазе вашага Хрыста…

— А каго ж яшчэ? Толькі Ён і ёсць Месія. Аднак мы, яўрэі, замест таго, каб прыслухацца да Ягоных пропаведзяў, пайсці па ўказанай Ім дарозе, распнулі Яго…

— Ну, скажам, кончы вырак вынес не сінедрыён, а пракуратар Понцій Пілат…

— А хто на яго націскаў? Хто гэтак апантана патрабаваў Ягонае пакутнае смерці? Вашыя першасвятары, фарысеі.

— Згадкі пра добранькага пракуратара і крыважэрных яўрэяў — як віламі па вадзе. Дагэтуль ідуць пагалоскі, што Понцій Пілат быў бязлітасным і жорсткім. Вашыя Евангеллі я вывучыў вельмі ўважліва. Там жа ледзь не цераз слова бязглуздзіца, а то і мана. Вось, скажам, згадка пра суд у Ерусаліме. Ды ніякай прэторыі, у двор якой быццам бы прывялі Хрыста для допыту, у Святым горадзе не магло быць, бо рэзідэнцыя Понція Пілата месцілася ў Кесарыі, на ўзбярэжжы мора. І чаго б гэта яму напярэдадні Пэйсаху спадобілася прыехаць у Ерусалім? Ці яшчэ: каб адмежавацца ад выраку над Хрыстом, Пілат, які заўсёды пагарджаў намі, яўрэямі, раптам мые рукі. Ды гэта ж наш, чыста іудзейскі звычай! А як згадваецца пра сам суд? Быццам бы ён адбыўся ў доме першасвятара ды яшчэ ноччу. Ты ж сам выдатна ведаеш, што сінедрыёну катэгарычна забаронена выносіць выракі напярэдадні ці ў час святаў, тым болей Пэйсаху. Зрэшты, не будзем шукаць пылінку ў чужым воку… Вы лічыце, што менавіта вышэйшыя рабіны наканавалі смерць Хрысту. Лічыце — і няхай… Але ж першасвятары — гэта не ўвесь народ. Чаму ж у смерці свайго бога-чалавека вы, хрысціяне, папракаеце ўсіх яўрэяў агулам?

— Таму што вырак выносіўся з маўклівае згоды шараговых іудзеяў. Вось скажы мне: хіба вы не папракалі нас за адступніцтва, не падвяргалі сапраўднаму пераследу? Хіба вы не хвасталі ў сінагогах жанчын-хрысціянак, не забівалі іх каменнем? Усё гэта было і ёсць… І таму кожны іудзей, калі б яму выпала такая магчымасць, з асалодаю паслаў бы Хрыста на крыж…

Рашбі ні ў чым не запярэчыў. Зноў усталявалася зацятае маўчанне. Нарэшце Рашбі без асаблівай надзеі ў голасе запытаўся:

— Дык, значыць, ты не лічыш Сімона Бар Кохбу Месіяй?

— Ён проста самазванец… Хрыстос папярэджваў, што пасля Яго з’явіцца шмат ілжэ-прарокаў, якія будуць упадабляцца Месіі і спрабаваць весці рэй ад імя Бога. Але не верце ім, казаў Хрыстос…

— А можа, ваш Хрыстос акурат і быў лжэ-Месіяй? — раздражнёна перабіў епіскапа Рашбі. — Ды і ці быў ён увогуле? Сто гадоў мінула з тае пары. Хто сёння можа пацвердзіць ягонае існаванне? Хто ўвачавідкі назіраў ягонае ўваскрашэнне? Магчыма, гэта проста легенда, міф — не болей.

Нягледзячы на цяжкую абразу Іуда захаваў спакой і нават не павысіў голасу:

— Легенда, кажаш? А чаму ж тады пра Хрыста напісаў Іосіф Флавій? Ён жа летапісец ваш, іудзейскі. А хіба ў Талмудзе не згадваецца імя Іісуса?

— Ды там многа Іісусаў згадваецца! — не здаваўся Рашбі. — Быў Іісус Ганоцры-Назарэй, які пакланяўся чарапіцы, быў Іісус бэн-Стада, варажбіт, які «вывез магію з Егіпта», быў і Іісус бэн-Пандыра — байструк, якога легкадумная гулёна прыдбала ад рымскага легіянера… Дык які з гэтых Іісусаў ваш?

— Тваё блюзнерства зусім не да месца, — не страціў раўнавагу Іуда. — Ты выдатна ведаеш, што Хрыстос — не міф, не легенда. Яшчэ жывыя вучні апосталаў, якія бачылі Госпада на свае вочы і слухалі Ягоныя пропаведзі. А тое, што вы, іудзеі, чапляецеся за дробязі, «хапаеце за язык», каб зблоціць іншаверцаў, дык гэта ўсім вядома. Такая ўжо вашая існасць… А ў сваім «балоце» гэтых дробязяў чамусьці не заўважаеце. Ну вось, напрыклад, вы лічыце, што Бог — адзін. Ці не так? А ў Быцці Бог кажа: «Створым чалавека па вобразу нашаму…» Калі Бог дыктаваў Пяцікніжжа Маісею і дайшоў да гэтых слоў, Маісей, як ты ведаеш, здзівіўся і адмовіўся запісваць. Маўляў, ты ж, Бог, адзіны ў сваёй існасці, а тут гэтае «створым». Людзі зняверацца. Што адказаў Усявышні? «Няхай хто хоча памыліцца, памыляецца». Дык вось і я, трохі перайначваючы, адкажу на тваё блюзнерства словамі Бога: не верыш у існаванне Хрыста — дык гэта твая бяда…

Як ні хацелася Рашбі пазбегнуць слоўнай перабранкі на тэму веры, аднак жа, бач, не ўдалося. І ён дакараў сябе за гэта, бо можа стацца, што іхняя сустрэча ніякага жаданага плёну не прынясе, толькі і атрымаецца, што наплююць адзін аднаму ў душу. Але ж не для гэтага ён, Рашбі, выправіўся ў Ерусалім. Паспрачацца, «пагрызціся» можна будзе і потым, калі ў Ерусаліме не застанецца рымскае набрыдзі.

Тады, магчыма, увогуле не будзе патрэбы весці нейкія дыскусіі з хрысціянамі, з гэтымі запраданцамі. Да пазногця іх — і капец…

Але ж зараз, каб дагадзіць епіскапу, трэба, мусіць, трохі адступіць, скіраваць размову ў злагаднае рэчышча.

— Ты, Іуда, не злуй на мае кепікі наконт Хрыста, — прымірэнча мовіў Рашбі. — Я ж толькі выказаў тое, пра што гамоняць некаторыя сумніўцы, фарысеі, напрыклад. А мы, прававерныя іудзеі, існаванне Хрыста пад сумнеў не ставім. Вось толькі…

— Што толькі? — Іуда, які да гэтага часу трымаўся непарушна, нечакана ўзмыліўся. — У вас вечна гэтыя «але», «аднак», «толькі»… Няма ніводнае ісціны, ніводнае думкі, якую б вы ўспрынялі цалкам і без скажэння. Заўсёды знойдзеце якую-небудзь зачэпку, дробязь, каб зганьбіць, зняславіць, а затым перайначыць на свой капыл…

— Ты ж не даслухаў, Іуда, — Рашбі здолеў уклініцца ў маналог епіскапа. — Мы таксама згодныя лічыць вашага Іісуса сынам Божым. Але ён — не роўны Богу. А роўны каму? Ну, скажам, нашаму Маісею. Што ж датычыць ахвяры Хрыстовай, якую вы падаеце як збавенне ад чалавечых грахоў, дык, бадай, гэта перабольшана… — Рашбі стараўся падбіраць словы, якія б конча не раз’ятрылі Іуду, і ў той жа час не хацеў саступаць у галоўным. — Мы прызнаём ахвяру Хрыстову. Але толькі як асабісты подзвіг — не болей.

— Ну і заставайцеся пры сваёй думцы, — абыякава сказаў епіскап. — Вы, іудзеі, заўсёды аддзялялі людзей ад Бога. Нават Месія вам сёння патрэбен не для таго, каб выратаваць свае душы, а каб ён падсабіў вам вырашыць зямныя праблемы. Напрыклад, як цар Давыд. І ўвогуле: вы лічыце, што Месію Бог пашле толькі для яўрэйскага народа…

— А то як жа! Вунь нават ваш Хрыстос, калі аб’явіўся, выказаўся адпаведна: «Я пасланы толькі да блудных авечак дома Ізраілева», — Рашбі ў чарговы раз выявіў свой досвед у хрысціянскіх догмах.

— А гэта якраз яшчэ адзін прыклад таго, што ва ўсім вы спрабуеце атрымаць карысць для сябе — і толькі. Так, Іісус найперш прыйшоў да «авечак Ізраілевых». Але не для таго, каб стварыць для іх рай на зямлі, а для таго, каб мы, яўрэі, панеслі Слова Божае па ўсім свеце, да кожнага эліна, як спрадвек называюць язычнікаў. Не вылучаў Іісус ні народаў, ні асобных людзей. «Вось маці мая і браты мае. Бо хто выканае волю Бацькі майго, які на нябёсах, той брат мой, і сястра, і маці мне», — гэтак ён звярнуўся да сваіх вучняў. І не трэба выварочваць словы Іісуса назнайніцу.

Рашбі вырашыў, што працягваць размову няма сэнсу: епіскап упарта стаяцьме на сваім, пераканаць яго немагчыма, а значыць, узгодненых дзеянняў не атрымаецца. Ён з цяжкасцю падняў сваё цела з-за стала і моўчкі пасунуўся да дзвярэй. Ужо на парозе, нібы адумаўшыся, на ўсялякі выпадак запытаўся:

— Дык што, Іуда, ніякай помачы ад вас не будзе?

— А якую помач вы хацелі б мець? — у сваю чаргу запытаўся епіскап.

— Мы хацелі б, каб тут, у Ерусаліме, у належны час твае людзі выступілі супраць рымлян. Узгоднена з нашымі дзеяннямі…

— А вось гэта ні ў якім разе, — цвёрда мовіў Іуда. — У імя каго змагацца? У імя вашага самазванца, якога вы, мусібыць, самі ж і прыдумалі? Не дачакаецеся…

— Ну-ну… — злавесна выціснуў скрозь зубы іудзейскі святар, зыркнуў з-пад ілба і падаўся на вуліцу.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.