Будзеш ты ў людской гурбе, дык міліцыя зграбе
За ўдзел у экскурсіі ў музей Халакоста ў Навагрудку суд наканаваў мясцовай жыхарцы Жане Баброўскай 10 сутак арышту, хаця экскурсія праходзіла пад наглядам міліцыянераў, была афіцыйна аплачанай, у ёй удзельнічала 20 чалавек. У некаторых з іх на грудзях былі жоўтыя зоркі Давіда. Нікога не затрымалі, а на «зламысніцу» склалі праткол, калі яна пазней прыйшла ў міліцыю па іншай справе…
«Не пісацьмеце як трэба — пад нагамі плыцьме глеба…»
За рэпартаж з «Плошчы Перамен» суд Фрунзенскага раёна г. Мінска асудзіў журналістак «Белсата» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чальцову да двух гадоў пазбаўлення волі.
Калі трэба, прастытутка снег пачысціць вельмі хутка
Кіраўніцтва Мінгарвыканкама прыняло рашэнне задзейнічаць прастытутак ва ўборцы снегу на вуліцах горада. Звычайна путан караюць штрафамі, аднак выплачваць іх «жанчыны лёгкіх паводзін» не спяшаюцца.
Чаму да гэтае пары не прыляталі снегіры
У гарадах Беларусі з’явілася шмат снегіроў. Арнітолагі тлумачаць гэта тым, што на дварэ стаіць вельмі сцюдзёная зіма, снегіры спусціліся «з нябёс да зямлі», бліжэй да людзей, каб знайсці сабе ежу.
Няўжо насельнікі Еўропы хацелі рушыць у халопы?
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ў тэлеэфіры сказаў: «Перанос чэмпіянату свету па хакеі — гэта помста за тое, што нашы дзяды паднялі сцяг над рэйхстагам».
Бадай, не будзе нечаканкі, як на людзей паедуць танкі
На дзіцячай пляцоўцы ў адным з двароў па вуліцы Л. Бяды ў Мінску пры дапамозе трактара знішчаліся снежныя бабы. Увесь працэс на відэакамеру здымаў «чалавек у чорным».
І пярсцёнак, і палец адкусіла «на памяць»
У віцебскай кавярні пасварыліся дзве п’яныя жанчыны, якія адпачывалі ў розных кампаніях. Адна стала насміхацца над знешнасцю другой, хваліцца сваімі ўпрыгожаннямі. У выніку «пакрыўджаная» адкусіла ў «крыўдзіцельніцы» палец.
АМАП паздзекаваўся гэтак, што для ахвяр не хопіць кветак
У Пецярбурзе падчас пратэсту паліцэйскі ўдарыў жанчыну нагою ў жывот. Каб папрасіць прабачэння, да яе ў бальніцу прыйшоў палкоўнік, а затым і сам паліцэйскі завітаў з кветкамі. Ён сказаў, што для яго гэта асабістая трагедыя.
А вам цікава, хто і дзе заначку ўласную кладзе?
Мінчанка звярнулася ў міліцыю: праз Інтэрнэт яна прадала жанчыне каробку з бакаламі, а потым успомніла, што там ляжала 13 тысяч долараў. Пакупніцу знайшлі і спыталіся: «Чаму не аддала грошы?» «Таму што разгубілася…» — адказала яна.
Нацдэмам зробіш шкоду — не пакараюць зроду
Жыхарка Мінска ўпрыгожыла свае вокны белымі і чырвонымі сняжынкамі. Ноччу зламыснікі ў масках (іх зафіксавала відэакамера) шпурнулі ў вокны гайкі, разбілі шкло. Службоўцы з Маскоўскага РАУС адмовіліся шукаць хуліганаў, бо, маўляў, сваім учынкам яны «выказалі нязгоду з размяшчэннем у акне вобраза бел-чырвона-белага сцяга».