TOP

І нямашака надзей, што глядзецьмуць наш хакей

Алесь Няўвесь

На матч чэмпіянату свету па хакеі паміж камандамі Расіі і Беларусі было куплена ўсяго два білеты, а ў рыжскі лядовы палац увогуле прыйшоў толькі адзін заўзятар…

Скажа вам, бадай, стары і юны:
У гульцоў не клеіцца гульня,
Як пустыя, змрочныя трыбуны
І стаіць у зале цішыня.
Посныя, бяззубыя атакі
І не варатар, а халтама…
Карацей, футбол-хакей «ніякі»,
Калі там заўзятараў няма.
Не сакрэт: аматараў хакея
На планеце нашай вельмі шмат.
І таму сусветная падзея —
Кожны і любы чэмпіянат.
Гэта ж не дваровыя каманды
Выбягаюць з клюшкамі на лёд,
А майстэрствам мераюцца гранды,
Радуюць гульнёю раз у год.
Значыць, і трыбуны не павінны
Быць пустымі на гульні любой:
Хай не хлынуць людзі, як лавіны,
Дык хаця б прысунуцца гурбой.
З рускімі гулялі беларусы.
Не было ў вачах гульцоў агню,
Як і не было ў людзей спакусы
Паглядзець на гэтую гульню.
Чым адметны матч «ярчэйшы» гэты
І чаму мы чулі многа кпін?
Гледачы купілі два білеты,
А прыйшоў увогуле адзін!
Дзіва растлумачыць я гатовы
(Матч, напэўна, бачылі не ўсе):
Іншым разам і хакей дваровы
Больш задавальнення прынясе.
* * *
Рэч урэшце нават не ў хакеі…
Ну а што засведчыла гульня?
Свету мы чужыя без надзеі —
Не раўня,
Тым болей не радня.
Бачыць нам хацелася б другое —
Мець паўсюль прыхільнікаў, але
Беларусь, Расія — два ізгоі,
Варацца яны ў адным катле.
А якой жа будзе каша наша,
Што ў катле адным?
Скажу я так:
Пэўна, беларусам тая каша
Здасца вельмі горкай і не ў смак…

Алесь Няўвесь