TOP

КАЛГАСНЫ ЛАС-ВЕГАС

Сталіцы постсавецкіх дзяржаў выводзяць за свае межы казіно, набудаваныя ў бандыцкія 90-я гады ХХ стагоддзя, а мінскім гораданачальнікам лаўры Лас-Вегаса не даюць спакою. Яны маюць намер узвесці яшчэ адзін культурна-забаўляльны цэнтр «Park Avenue» на скрыжаванні вуліц Пуліхава і Першамайскай, насупраць уваходу ў дзіцячы парк імя М. Горкага. 

Для тых, хто слаба ведае гісторыю ЗША, падаю кароткія звесткі. Горад Лас-Вегас быў заснаваны ў 1905 годзе ў штаце Нявада. Спачатку гэта быў проста перавалачны пункт на чыгуначным шляху. Але затым, з прычыны таго, што іншыя амерыканскія штаты ўвялі строгі кантроль над азартнымі гульнямі, а Нявада славілася паблажлівасцю, у Лас-Вегасе пачаў набіраць разгон ігральны бізнес, у якім галоўную ролю занялі мафіёзныя структуры, банкіры-мармоны. Рывок у развіцці сеткі казіно адбыўся з 1945 года па 1963 год, калі арганізаваныя злачынныя групоўкі ў велізарных аб’ёмах «адмывалі» ў горадзе «брудныя» фінансы. Жыхары адчувалі сорам за няправедны падмурак гарадскога дабрабыту, але знаходзілі апраўданне: «На гэтыя грошы можна пабудаваць шмат новых школ».

Асновай эканомікі Лас-Вегаса і цяпер з’яўляецца ігральны бізнес, а таксама звязаныя з ім індустрыі турызму і забаў. Тут праводзяцца розныя канцэрты, тэатральныя пастаноўкі, фіналы конкурсаў прыгажосці, прэзентацыі, спартыўныя спаборніцтвы, цырымоніі ўручэння «порна-Оскара». Багатыя людзі з усяго свету прыязджаюць сюды, каб пабрацца шлюбам, адзначыць дзень нараджэння, юбілей і г.д.

Госці горада могуць убачыць копію Эйфелевай вежы, «венецыянскія» каналы з гандальерамі, фантаны, якія танцуюць, у ваколіцах — унікальную плаціну Гувера, возера-вадасховішча Мід, велічны і глыбокі Гранд-Каньён, а далей (у штаце Каліфорнія) — Даліну Смерці.

У 50-я гады мінулага стагоддзя на тэрыторыі Нявадскага ядзернага палігона праводзіліся выпрабаванні атамнай зброі. Шукальнікі фарту маглі з атэляў у цэнтры Лас-Вегаса назіраць «ядзерныя грыбы» ад выбухаў.

Мінск уразіць такой багатай «экзотыкай» сваіх гасцей не можа, ён прайграе Лас-Вегасу, які называюць сталіцай азарту. Але беларуская ўлада ўпэўнена, што зварганеная ёю фальшывая «Линия Сталина», дзе нагрувашчана розная зброя, адна заменіць усе амерыканскія «цуды», а таму ідэалагічныя чыноўнікі валакуць туды кожнага, хто ні трапіць пад руку.

Мне давялося быць у сталіцах многіх краін свету: Берліне, Парыжы, Рыме, Вашынгтоне, Капенгагене, Белградзе, Будапешце, Варшаве і іншых. Усюды цэнтр стараюцца не псаваць новымі вычварнымі будынкамі, не загружаць такімі аб’ектамі, як казіно. Тут створаны пешаходныя прагулачныя зоны, размешчаны музеі, выставачныя галерэі, залы, што зручна і карысна як для саміх гараджан, так і для гасцей.

Мяне дзівіць маніякальная ідэя забудаваць цэнтр Мінска, яго гістарычную частку архітэктурным гламурам-плагіятам, банальнай пашляцінай, зрабіць з горада адно вялікае «казіно». Прытым варварства наступае з пастаяннымі скандаламі, як, напрыклад, у выпадку з атэлем, што будуюць кітайцы ў парку на беразе Свіслачы.

Сталіцы крыху не пашанцавала. Рака, якая працякае праз Мінск і якую мы, безумоўна, любім, на жаль, не шырокая. Гэта не Дняпро і не Волга, хоць, праўда, і тыя, некалі велічныя, паўнаводныя, даўно ўжо хварэюць, мялеюць ад людскога ўмяшальніцтва.

Свіслач не стварае ўмовы для скразнога прадзімання горада ўлетку, калі надта пячэ сонца, калі камяніцы і асфальт патыхаюць гарачынёю так, што няма куды дзецца. Нас заўжды выручаюць паркі і скверы, якімі гараджане ганарацца і даражаць.

Але аўтарытарны час прынёс сотні прыкладаў таго, як можа бязлітасна знішчацца гарадская зялёная зона. Дзялкам толькі дай зачапіцца драпежнымі кіпцюрамі за ласы кавалак зямлі, потым іх спыніць немагчыма. Гэта вельмі падобна на амбіцыйнае ўладалюбства некаторых суб’ектаў.

Адчуваючы падтрымку з самага верху, сучасныя варвары сякуць і пілуюць дрэвы, перакопваюць зялёныя палянкі, лужкі. Амаль усе пратэсты грамадзян канчаюцца безвынікова. Феадал ніколі не прыслухоўваецца да парады халопа, а ў Беларусі якраз такія ўзаемаадносіны паміж уладай і народам.

Успамінаюцца словы выдатнага, непаўторнага барда Уладзіміра Высоцкага, юбілей якога нядаўна адзначылі мільёны яго прыхільнікаў:

Переворот в мозгах из края в край,
В пространстве — масса трещин и смещений:
В Аду решили черти строить рай
Для собственных грядущих поколений…

У гісторыю навейшай Расіі ўшчаміліся такія дзікунскія і ганебныя выразы, як «лужкоўская Масква», «мацвіенкаўскі Санкт-Пецярбург». А чыё прозвішча прыліпне да гламурнага, аляпаватага, безгустоўна забудаванага Мінска, каб напамінаць пра жульніцкае і пошлае бясчассе?

Я вяртаюся да канкрэтнага сталічнага мікрараёна, жыхароў якога хочуць «ашчаслівіць» сумніцельным аб’ектам «Park Avenue». Яны сабралі подпісы і рашуча выступаюць супраць будаўніцтва, якое не толькі знішчыць частку зялёнай зоны, але і абавязкова прывядзе да крыміналізацыі ўнікальнай тэрыторыі, дзе штодзённа адпачываюць тысячы дзяцей горада. Каля такіх «многофункциональных культурно-развлекательных центров» заўсёды аціраюцца «цёмныя» суб’екты, наркаманы, прастытуткі, здараюцца крывавыя патасоўкі і разборкі, замахі няўдачнікаў у азартных гульнях на ўласнае жыццё.

Пазбегнуць змрочных акалічнасцяў, якія шлейфам цягнуцца за такімі «забаўляльнымі» аб’ектамі, яшчэ нікому не ўдавалася! Але ці прыслухаюцца да разумных доказаў неабыякавых грамадзян прадстаўнікі ўлады?

За кожным новым атэлем, культурна-забаўляльным цэнтрам або казіно, якія ўзводзяцца ў краіне, стаяць канкрэтныя кланы, кампаніі, асобы. Дарэчы, працэс «адмывання» ці «асваення» грошай падобны што ў Лас-Вегасе, што ў Мінску! Грамадзяне Беларусі маюць права і хочуць ведаць (прытым усіх паіменна!): хто мэтанакіравана знішчае паркі і скверы, каштоўныя для падтрымання чалавечага здароўя, хто набівае кішэні за кошт ускоснага і прамога падману людзей, хто з начальніцкага верху апякае хцівых, нахабных і цынічных дзялкоў?

Высокапастаўленыя чыноўнікі пачалі публічна абвінавачваць беларусаў, што яны жывуць заможна, але прыбядняюцца. У якасці пацвярджэння прыводзіцца меркаванне, што ў Мінску машын болей, чым у Нью-Ёрку (!), што людзьмі запоўнены ўсе рэстараны і казіно.

Сацыялагічнага даследавання сярод наведвальнікаў «злачных мест» ніхто не праводзіў. Але я ўпэўнены: для запаўнення рэстаранаў, начных клубаў, казіно і г.д. хапае саміх «народных слуг», сённяшніх «гаспадароў жыцця», іхніх сынкоў, дачушак, унукаў — гэтак званай «залатой моладзі», а таксама гасцей.

Пасля гучных скандалаў з казіно ў Маскве і Падмаскоўі расійскія гулькі, каб «цяпнуць адрэналінчыку», «адцягнуцца», «спаймаць удачу за хвост», едуць у перыферыйны, «ціхі», «заказінованы» Мінск. Нядаўна адзін такі кліент жаліўся: «Прайграўся ўшчэнт, паеду дахаты залізваць раны!»

А звычайныя беларусы рэстараны і казіно не наведваюць, бо няма з чым туды ісці. Сціплая ежа, камунальныя паслугі, лекі забіраюць зарплаты і пенсіі амаль да астатку. Але ў дзялкоў-махляроў і на гэты кантынгент ёсць пастка, яны абкладзены самымі рознымі латарэямі.